ПІВА
Абрадавы напой, які рыхтавалі з жыта (ячменю) і хмелю. Фальклорная семантыка П. звязваецца з каханнем і са стыхіяй агню. Працэс прыгатавання П. быў абумоўлены шэрагам правілаў у залежнасці ад рытуалу, да якога яго варылі (варылася ўся вёска, уся сям’я, часам існавала дыферэнцыяцыя на полаўзроставай прыкмеце).
Напрыклад, на Пакроў дзень П. варылі толькі дзяўчаты, а ў Духаў дзень – замужнія жанчыны. Часам маглі гэта рабіць толькі спецыяльна выбраныя старыя. Месца прыгатавання П. таксама мела сакральны характар – каля царквы, на гары, на ўскрайску вёскі, на беразе ракі. У часе варкі спявалі рытуальныя песні.
Вялікую ролю П. мела ў вясельнай, пахавальнай і памінальнай абраднасці. У вясельным абрадзе П. пачыналі варыць у доме нявесты ў дзень рукабіцця. Варылі П. пры пераходзе ў новы дом, пры вяртанні салдата са службы, на хрэсьбіны, на памінальныя дні, а таксама да святаў, што былі ўстаноўленыя з прычыны збаўлення ад эпідэміі, голаду, неўраджаю, пажару, у гонар асвячэння храма ды інш.
У Літве і Заходняй Беларусі ўвосень пасля збору ўраджаю рабілі ахвярнае паліванне зямлі. П. тушылі пажары, што ўзніклі ад удару маланкі. Паводле падання, ведзьмы, што жылі на балоце блізу г. Лунінца, варылі П.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/4153
ПІВА
Піва раней лічылася абрадавым напоем, і сакрэт яго прыгатавання быў вядомы толькі абраным асобам. Напрыклад, у адных вёсках піва варыла спецыяльна вылучаная сям’я, якая строга захоўвала сакрэты піваварэння.
У іншых жа вёсках на Пакровы піва варылі толькі дзяўчаты, а на Духаў Дзень — замужнія жанчыны. Часам гэта маглі рабіць толькі спецыяльна прызначаныя старыя. Месца прыгатавання піва таксама мела сакральны характар.
Адбывалася дзеянне звычайна ці каля царквы, ці на гары, ці на ўскрайку вёскі, ці на беразе ракі. Падчас варкі піва спяваліся абрадавыя песні і праводзіліся рытуальныя спаборніцтвы.
Крыніца: http://rod_vera.blog.tut.by/2013/08/17/svyataya-gara-i-sled-bagarodzitsyi/