ГАЛЁПЫ
Рытуальнае мучное печыва з нагоды прылёту буслоў. Дзень сустрэчы птушак прыпадаў на благавешчанне (25 сак. С. ст.). Выпякалі Г. з пшанічнай мукі ў выглядзе булачак або коржыкаў рознай формы ( у залежнасці ад мясцовых звычаяў); маглі імітаваць фігуру бусла – з дзюбай, крыламі, лапамі, хвастом; яго выява магла быць выціснута на печыве зверху.
Выпякаліся Г. у выглядзе буславай лапы або з яе адбіткам (выціскаўся трыма пальцамі); Г. маглі мець форму сахі, бараны, сярпа і інш. Пяклі Г. напярэдадні або ў дзень благавешчання (калі забаранялася пячы хлеб) ці на наступны дзень. Агульнае прызначэнне печыва – сустрэча, кліканне буслоў. Г. раздавалі дзецям, якія выходзілі з імі на падворак, бегалі, стараючыся паказаць печыва першаму ўбачанаму буслу і пачаставаць яго.
Пры гэтым прыгаворвалі:
“Бусел, бусел, на табе галёпу,
Дай мне жыта кону!”
або
“Буську, буську, на тобі борону,
Дай мне жыта сторону!
Буську, буську, на тобі сырпа,
Дай мне жыта снопа!”.
Часам печыва проста пакідалі на двары, каб ім пачаставаўся бусел. Астатнія Г. дзеці елі самі. Г. вядомы таксама на Зах. Палессі (Кобрынскі, Маларыцкі, Драгічынскі, Іванаўскі р-ны). На Гродзеншчыне, Піншчыне на благавешчанне пяклі коржыкі (“падпалкі”) у форме буславай лапы (“буськавы лапы”, “бусловы лапы”), на Навагрудчыне – круглыя невялікія пампушкі.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/11213
|