РАЁК — у беларускім сялянскім фальклоры і міфалогіі загадкавы дух. У шырокім сэнсе так называўся канец жніва, калі працы больш не заставалася, і можна было адпачыць. Гаварылі: “Раёк, раёк! Паляцеў, задзёршы хвасток!”. У жніўных песнях Раёк згадваецца як жывая істота, як персанаж. Ён можа хадзіць па вуліцах, наведвацца да людзей, пытацца дарогі і інш. Ішоў Раёк, Ішоў Раёк у наш дварок. Нашы двары, Нашы двары мяцёныі. Нашы сталы, Нашы сталы засланыі. Хадзі, Раёк, Хадзі, Раёк, у наш дварок. Ішоў раёк дарогай шырокай. Ніхто ж райка не перэймаіць? Выйдзі, панок, перэймі раёк І знімі вянок. Нашы раі велікіе. Сюда раёк, на мой дварок. У нас двары мецёные, У нас сталы цісовые... Ч. Пяткевіч апісвае Райка як духа, які клапоціцца пра зжатае збожжа. Калі селянін хацеў, каб Рай узяў пад сваю апеку і яго снапы, то тройчы казаў: «Рай, Рай, ідзі к нам!». Калі верыць М.С. Кацару, яго выява сустракаецца ў народных вышыўках-арнаментах у выглядзе чатырохканцовых матываў, як бы складзеных з жытніх каласоў. Раёк часам супрацьпастаўляецца Сербаю (увасабленню голада). Хлеба часам не хапала да новага ўраджаю - значыць, быў Сёрбай. А калі жніво скончвалася, хлеб з'яўляўся, то Сёрбая болей не было, прыходзіў Раёк. "Раёк" можа паходзіць як ад "рай" (які у шэрагу індаеўрапейскіх мовах першапачаткова азначай "дабрабыт", "багацце"), так і быць памяньшальным ад слова "рой" (пчаліны). Магчыма, імя "Раёк" ("Рай") звязана з такім персанажам, як святы Юр'я (Юрай), які ў сваю чаргу з'яўляецца хрысціянскім пераемнікам язычніцкага бога Ярылы. Юрай - ахоўнік сельскагаспадарчых прац і сам звязаны з вобразам пчалы (апошняя ў веснавых песнях, як і Юрай, адчыняе вясну залатымі ключыма). Адсюль, верагодна, Раёк (як святы Юрай, святы Пятро) - адна з іпастасяў Ярылы. Крыніца: https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%A0%D0%B0%D1%91%D0%BA,_%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BC%D1%96%D1%84%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D1%96%D1%8F