ДЗЕДАВІЦА

МАЦІ ЗЯМЛЯ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    МАЦІ ЗЯМЛЯ

    Зямля святая, яна наша маці, яна нас жывых корміць, а па смерці да сябе прыхіляе. Бог стварыў чалавека з зямлі, бо ён зямля і ў зямлю пойдзе. Святая Зямля нас і ўсялякага звера носіць на сваіх плячах, ніколі не наракаючы, не стогнучы. Маці-Зямля ўсё прымае, а найбольш усялякае нечысці, ды яшчэ і дзякуе за гэта, а калі хочаш ведаць, як яна дзякуе, то навязі гною, пасей жыта, тады і будзеш ведаць.

    Нашы дзяды і бацькі нездарма казалі: тым, што зямля родзіць, падзяліся з ёю, еш сам хлеб, а салому аддай роднай зямельцы. Няма нікога і нічога багацей за зямлю: колькі яна родзіць хлеба, колькі дае жалеза! 3 яе капаюць гліну на печы, на гаршкі ды на пабелку. А колькі ўсюды закапана скарбаў! Хто ж, урэшце, дае чыстую здаровую ваду?

    Дае святая Маці-Зямля. Раса — гэта пот Маці-Зямлі. Яна выступае з зямлі, бы слёзы з вачэй: гэта Маці-Зямля плача, просіць Бога, каб ён даў багаты ўраджай на ўсіх долю. Чым больш расы, тым больш зямля працуе, каб усё расло ды красавала. Перад надыходам усенародных бедстваў Зямля штораніцы стогне.

    Людзі, якія маюць чуйны слых і дасведчаныя ў варажбе, могуць чуць гэты стогн і загадзя прадказаць розныя бедствы: голад, мор, вайну. Стогн зямлі змяняецца адпаведна характару бедства. Так, перад голадам да стогну далучаецца плач дзяцей, перад морам — пахавальныя галашэнні, перад вайной чуваць асаблівы гул, нібыта ад мноства ног і капытоў.

    Зямля — мацi, а праца — бацька. Калі ўжо сыдзе снег, лепей за ўсё ў чацвер, гаспадар апранае чыстую бялізну, кладзе ў торбу акраец хлеба, соль, яйка і сыр. Запрагае ў саху валоў ды ідзе з імі ў поле араць. Там ён, памаліўшыся Богу, праводзіць тры баразны. Потым вымае з торбы хлеб, соль і сыр і трохі палуднуе, яйка закопвае ў зямлю там жа, на баразне.

    Гэтым ён робіць шанаванне Маці-Зямлі, каб яна была ласкавая і добра зарадзіла збожжа, каб усюды было поўна, як тое яйка. Выпраўляючыся ў чужую старану, беларус бярэ з сабой жменю роднай Зямлі, але не дзеля таго, каб быць з ёю пахаваным, а каб высыпаць яе на чужыне ў крыніцу, калі вада там нясмачная.

    Самая страшная клятва для беларуса — гэта клятва, сказаная з зямлёю ў роце ці ў руцэ. Такой клятвай карысталіся рэдка, і калі беларус што-небудзь пацвярджае, узяўшы шчопаць зямлі ў рот, то яму абавязкова павераць, таму што калі ён схлусіць, то будзе пакараны: пачарнее, як зямля.

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/29.htm

    МАЦІ-ЗЯМЛЯ, БЕЛАРУСКАЯ МІФАЛОГІЯ

    Маці-Зямля - верагодна, старажытнейшае боства беларускай міфалогіі. Бярэ пачатак ад прымітыўных першабытных культаў. Па А.Е. Багдановічу, беларусы верылі, што перад надыходам вялікіх бедстваў Зямля стогне штораніцы, перад узыходам сонца.

    Прыкладная рэканструкцыя касмаганічнага міфа, па І. Вугліку, распавядае, што спачатку ва ўсім свеце былі толькі Маці-Зямля і Сонца. Ад іх шлюбу нарадзіліся першыя багі - Жытняя Баба і Ярыла[1].

    Літаратура

    • Стаіць зямля пасярод свету... Беларускія народныя прыкметы і павер'і. Кн.1. Укладальнік У.Васілевіч. Мн., 1996.

    Крыніца: http://be.wikipedia.org/wiki/%D0%9C%D0%B0%D1%86%D1%96-%D0%97%D1%8F%D0%BC%D0%BB%D1%8F,_%D0%B1%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%BC%D1%96%D1%84%D0%B0%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D1%96%D1%8F




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz