ГРЭБЕНЬ
Грэбень У міфалагічным успрыманні часальны Г. выступае як сакральная прылада, з дапамогай якой з хаатычнага, неапрацаванага лёну ствараўся арганізаваны пачатак – валакно.
Гэтак жа прычэсванне чалавекам сваіх валасоў сімвалізавала пераход да культуры, соцыўму. Адсюль набыццё Г. якасцяў прадмета – медыятара паміж прыродныміі культурным і выкарыстанне яго ў варожбах і магічных рытуалах кантакту з нечысцю.
Наяўнасць у Г. вострых зубоў ставіць яго ў адзін шэраг з прадметамі – апатрапеямі ( яго ўкладалі ў калыску нованароджанага, вешалі ў дзвярах хлява) і вызначае яскравую фалічную семантыку, што абумовіла яго прадукавальныя якасці ў земляробстве і жывёлагадоўлі.
Паказальныя і казачныя сюжэты, калі з кінутага ў чыстым полі грабянца вырастае густы лес. Шлюбная скіраванасць рытуалаў Г. часта апіраецца на матыў прычэсвання валасоў як метафару шлюбу і эратычных дачыненняў.
Г. з’яўляецца таксама атрыбутам некаторых дэманалагічных персанажаў, у першую чаргу тых, што наўпрост звязаны з вадой, напрыклад русалак. Шэраг кантэкстаў дазваляе меркаваць аб сувязі часання валасоў з дажджом, з магіяй выклікання дажджу.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1092
|