КАДУК
Нячысцік, што з’ядае немаўлят і тым прыводзіць род да вымарачнасці. Персаніфікацыя хваробы эпілепсіі (радзімцаў, падучай, падучкі) накшталт адпаведных персаніфікацый халеры, воспы, гарачкі, трасцы, начніц, крыксаў ды інш. Сваё імя К. атрымаў ад лацінскай назвы хваробы caducus – “падучы”.
Хворыя на эпілепсію лічыліся апантанымі нячыстай сілай, што пранікала ў нутро чалавека, мучыла яго, выклікаючы спецыфічныя праявы: страту прытомнасці, сутаргі, канвульсіі, скрыгат зубоў і да т. п. – “его дьявол был осел, и кадук мевал, упадал и от себя отходил, жона его тым се брыдила”.
К. часам дараўноўвалі да чорта: “Ці чорт, ці чортаў унук – адзін кадук”. К. адрозніваецца ад падобных дэманаў тым, што шкодзіць не ўсім, а толькі грэшным людзям, зусім не чапае жывёл, акрамя хіба коней, якія ў далёкіх паходах часам не вытрымлівалі сонечных удараў і падалі, здыхалі, іх агонія нагадвала падучку.
“Лічачыся першымі па часе адраджэння, у бягучым часе кадукі з’яўляюцца паследнікамі, забытымі інвалідамі д’ябальства, на якіх не звяртаюць увагі астатнія нячысцікі, не выкарыстоўваюць ні іх вопытнасці, ні іх дапамогі, ніколькі не цэняць іх старэчы аўтарытэт, - адзначаў Нікіфароўскі.
Абцяжараныя ўсім гэтым ды, звыш таго, расцвіленыя сваімі сабратамі, К. бродзяць воддаль ад нячысцікаў і ад сваіх нешматлікіх аднагодкаў. Бачачы ж людскую праўду, асабліва пашану малодшых да старэйшых, паблажлівасць дужых да слабых, кадукі больш за іншых нячысцікаў прыхільныя да людзей, знарок не шкодзяць ім і толькі тады прыступаюць да ахвяры, калі яна спагудная ў людзскім сэнсе.
Вядома, сваю рэдкасную працу яны выконваюць з навычнай зграбнасцю майстроў, вопытнасцю дзялкоў”. К. уяўляўся нашым продкам у даволі неакрэсленых формах: то здалёк нагадваў капну сена, кучу моху, мог спалохаць нечакана незвычайным рухам.
Народнае павер’е пра тое, што К. есць жывых маленькіх дзяцей, якіх прыносяць яму падначаленыя нячысцікі, спарадзіла ўяўленне, што К. вядзе да вымарачнасці, паколькі прымхлівае стаўленне да хворых на невылечную падучку – эпілепсію перакрэслівала надзеі гэтых няшчасных на сямейнае жыццё, на працяг роду.
Пра пашыранасць уяўленняў пра К. у старажытнасці ва ўсіх сацыяльных пластах нашага грамадства сведчыць звычаёвае права, паводле якога кароль Рэчы паспалітай забіраў да скарбу вымарачныя маёнткі “па праву кадука”: «Тые замки – Пинск, Кобрын, Рогачёв знову на короля его м. светлое памяти Жикгимонта Першого кадуком спали”.
След уяўленняў пра К. захаваўся ў колішнім грозным беларускім праклёне “А каб цябе Кадук…”, які ў сувязі са стратай першапачатковага сэнсу набыў характар лагоднага выслоўя – папроку.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2132
|