ПОЎНАЕ, ПУСТОЕ
Паняцці, якія знаходзяцца між сабою ў бінарнай апазіцыі і ў народных уяўленнях маюць сімвалічны сэнс. Поўнае заўсёды асацыявалася з багаццем, дастаткам, пустое – з беднасцю, галечай. Таму добрым знакам лічылася сустрэць у дарозе поўны воз дроў, чалавека з поўным абярэмкам сена.
Асабліва вялікую ўдачу абяцала, калі хтосьці пераходзіў дарогу з поўным вядром вады. І наадварот, калі дарогаю сустрэнецца, ці тым больш пяройдзе яе чалавек с пустым вядром, верылі, што абавязкова не пашанцуе: у рыбака будуць пустыя сеткі; таму, хто едзе на ворыва ці з ворыва або на засеўкі, не пашчасціць з ураджаем (на полі будзе шмат пустых мясцін, праглаў ды інш.).
Абавязкова не пустым вярталі чужы посуд, каб таму, у каго яго пазычалі, не было пуста: у збанок клалі хоць лусту хлеба, тады ў каровы не перавядзецца малако. Паняцці П. і п. нярэдка ўзнікалі і падчас сямейных абрадаў. Сустрэча кумоў, што вязуць хрысціць дзіця, з чалавекам, які нясе поўнае ці пустое вядро, абяцала нованароджанаму або шчаслівае жыццё, або блізкую смерць.
На перадвясельным этапе – запоінах, калі адчувалася папярэдняя згода на шлюб, будучая нявеста вяртала сватам прывезеную імі і выпітую бутэльку не пустую, а ссыпала як бы жадаючы будучай радні дабрабыту. Перад выездам на шлюб поўнае вядро вады як сімвала плоднасці вылівалі каню пад ногі, а сустракалі з – пад вянца маладых таксама з поўнымі вёдрамі і з пажаданнямі, каб іх жыццё поўнілася шчасцем.
Зробленая загадзя труна не павінна была ніколі заставацца пустою, каб не прыцягнуць да сябе дачасна нябожчыка, і таму яе ў такіх выпадках засыпалі жытам. Часта ў народзе паняцце поўнага (г. зн. багацця) звязвалася з адпаведнай квадраю Месяца – поўняю.
Асабліва гэта датычылася розных пачынанняў (магія 1 – га дня): менавіта на поўню стараліся запасваць скаціну (каб яна добра пладзілася), рабіць провідкі перад ворывам (тады і засекі будуць поўныя). Пустым днём, калі непажадана пачынаць справу (напрыклад, выходзіць на сяўбу), лічыўся панядзелак.
І наадварот, худы, тоненькі сярпок месяца нібыта варожыць на беднасць. На П. і п. арыентаваліся дзяўчаты падчас каляднай варажбы, выцягваючы саломіны з новай страхі: калі трапляўся поўны колас – выйдзе замуж за багатага, калі пусты – за беднага.
Тая ж сімволіка прысутнічала і пры тлумачэнні сноў: поўная пасудзіна, поўны воз прадказвалі радасць, даход, багацце, а пустая – смутак, убытак, беднасць. Пусты куфар у сне сведчыў пра набліжэнне чыесьці смерці ў доме.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1
|