КАСА [1]
Жаночая прычоска. Адну К. насіць дазвалялася толькі дзяўчатам, замужнія жанчыны валасы закручвалі або запляталі ў дзве К. Доўгая К. – прадмет асаблівага гонару і клопатаў дзяўчыны (“каса – дзявочая краса”), у беларусаў ёй нават прыпісвалася асаблівая абарончая моц – “каса асцерагае дзеўку ад усялякага ліха”.
Каб К. былі даўжэйшымі і тоўстымі, адкрывалі галаву пад грыбным дажджом, падрэзвалі канцы ў першую пятніцу, як узыдзе Месяц; у Чысты Чацвер прычэсваліся да сонца, стоячы пад нізкай бярэзінай; некалькі разоў на год мылі галаву кабыліным малаком, “то і косы будуць густыя і доўгія, як кабылячы хвост”, елі т. зв. “свінскія косы” (селязёнкі ды інш.).
Побач з прадпісаннямі існавала і шмат забаронаў, невыкананне якіх прыводзіла да выпадання валасоў. Самая вядомая – не кідаць вычасаных валасоў абы-дзе, дзяўчыне не класці на галаву мужчынскую шапку ды інш. Здаралася, у прыгожых К. з’яўляўся зайздроснік, які мог, дакрануўшыся да іх, вырваць пасмачку і кінуць на вецер, дзьмухнуўшы, тады валасы радзелі і выпадалі.
Па тым, як выглядала К., вызначалі гатоўнасць дзяўчыны да шлюбу – “нявеста лічыцца спелаю, калі яе каса дарасла да пояса”. К. у вясельнай абраднасці – сімвал маладой. Рытуальная перамена прычоскі нявесты – расплятанне/заплятанне, падрэзванне і падпальванне валасоў, “продаж К. – сімвалізавала змяненне сацыяльнага статуса дзяўчыны, узяцце шлюбу.
Расплятанне К. паказвала развітанне з дзявоцкасцю, заплятанне дзвюх К. і надзяванне жаночага галаўнога ўбора – пераход нявесты ў групу жанчын. Маніпуляцыя з К. часцей замацоўваліся за рытуалам пасаду, калі нявеста сядзела на дзяжы. Распляталі К. яе сяброўкі або брат. Валасы з бакоў падпальвалі, працягнуўшы невялікія пасмачкі праз пярсцёнак і паднесшы іх да свечкі.
Займальным відовішчам для прысутных на вяселлі станавіўся продаж К.: “Брат, закасаўшы рукавы па локаць, з прытворна суровым выглядам хапае леваю рукою К. дзяўчыны, якая плача, а праваю – нож і пагражае зараз жа адрэзаць цудоўныя валасы, калі жаніх не заплоціць яму выкуп. Доўга і ўпарта яны таргуюцца…”
Выкупіўшы нарэшце К., жаніх сімвалічна набываў уладу над жонкай. На Палессі К. нявесце часам распляталі ў царкве, а валасы скручвалі “ў куклу”. Неабходнасць вясельных маніпуляцый з К. тлумачылі і тым, што “ў каждай дзеўкі ў касе злосць сядзіць, і людзі думаюць, што яна спакойна, а як да шлюбу едучы расплятуць косу, тады злосць вылязе наверх”.
У песнях вяселле абмалёўвацца як развітанне з К.
– “Пашла мая каса
Пад цёмным лесам,
І дзе дзевачкі не хадзілі,
Там маю косу палажылі”.
Замужняй жанчыне забаранялі часаць К. увечары напярэдадні свята і на самое свята да абеду – іначай неўзабаве памрэ яе муж. К. распускалі ў час родаў, калі распляталіся ўсе прысутныя ў хаце дзяўчаты і жанчыны, а таксама для спецыяльных рытуалаў, калі расплятанне К. пазначала пераход у іншасвет, нгабыццё яго выгляду, здыманне з сябе арганізавальных абмежаванняў соцыуму.
З расплеценымі валасамі праважалі русалку, варажылі, вядзьмаркі ў такім выглядзе кіраваліся на свае чарадзейскія справы. Перад Новым годам дзяўчаты, наадворт, “касу замыкалі”, г.зн. запляталі і ўкладвалі яе на галаве. З расплеценай К. мялі лён, каб той быў такі ж доўгі і мяккі. Заплятанне косак людзям і жывёле – характэрнае дзеянне міфічных персанажаў.
У былічках валасы заплятае Дамавік, грывы коням – ласка. У той жа час, каб засцерагчыся ад нячыстай сілы, у валасы ўпляталі расліны-абярэгі: тою, руту, палын. У прыкметах, калі пры заплятанні К. застаецца пасмачка валасоў, трэба чакаць хуткага падарожжа.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2422