БАРАН
Культ барана характэрны для многіх народаў. На тэрыторыі Усходняй Эўропы пахаваньне чарапоў баранаў (казлоў) у курганох (Гнёздава, Чарнігаў) зьвязваецца са скандынаўскім звычаем.
На тэрыторыі Беларусі чарапы бараноў (казлоў) выяўлены побач з касьцяком чалавека ў курганных пахаваньнях блізу вёскі Шо, Залеські, Чарневічы (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласьці).
Існуюць шматлікія павер'і аб белых баранчыках (козліках), якіх бачаць апоўначы на курганах. Вядомы культавыя камяні, зьвязаныя з баранам: блізу вёскі Гудзеняты (урочышча Баранішкі) Іўеўскага, у гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёнаў.
Пра Барашкаў камень блізу вёскі Гудзеняты ёсьць паданьне, згодна зь якім у час швэдска-рускай вайны салдаты на камені смажылі барана. Пасьля прыняцьця ежы шмат швэдскіх салдатаў асьлеплі, яны блукалі вакол каменя і гінулі ў багне.
Вядомы абрады ахвярапрыношаньня баранў. Блізу вёскі Рэчкі Шаркаўшчынскага раёна ў сярэдзіне XIX ст. у ноч на Дзяды зьбіраліся старыя сяляне, прыводзілі казла або барана, распальвалі на цьвінтары агонь, рэзалі жывёліну, варылі і ў капліцы з абрадавымі песьнямі рабілі памінальную вячэру.
Сьвята з вогнішчамі ў гонар барана адзначалася на гары каля вёскі Варганы Докшыцкага раёна (гл. Гара Варганская). Дасьледнікі зьвязваюць культ барана з культам урадлівасьці.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/107