НАСЕННЕ
Да насення заўсёды ставiлiся як да сiмвала ўрадлiвасцi, будучынi, працягу жыцця. Добрыя гаспадары ведалi законы аграномii i бездакорна iх выконвалi. Зерне, нарыхтаванае на насенне, захоўвалi так, каб нiхто не змог узяць з яго нават жменi.
Акрамя таго, ведалi, што з зерня, якое захоўвалi на засеўкi, нельга пячы хлеб, прадаваць цi пазычаць яго камусьцi. Сухое зерне лепей пераносiць восеньскiя i зiмовыя маразы. Насенне трэба адмяраць «з верхам», тады i расцi будзе «з вехам».
Пры продажы зерня гаспадар абавязкова адсыпаў у пусты засек тры жменi, каб у яго гаспадарцы насенне нiколi не зводзiлася. Мяхi з насеннем не зашывалi, а завязвалi, каб «не зашыць» прарастанне насення ў зямлi, i каб колас добра «завязваўся».
Дзяўчатам i жанчынам катэгарычна забаранялася сядаць на мяхi з насеннем. Калi насенне аказалася дрэнным, няўродным, лiчылася, што жменя ўкрадзенага ўраджайнага зерня верне няўроднаму моц i дасць добры ўраджай. Існавала жорсткая забарона перасыпаць рэшткi насення з меха ў мех.
Лiчылася, што ў такiм выпадку на хлеб будзе няўрод: «толькi з мяшка ў мяшок зерне перагонiш». Той, хто сеяў зерне, не перасыпаў яго з рукi ў руку – прыкмета да няўроду. Нельга хлеб «ганяць» задарма. Таксама нельга было сеяць на адным полi старое i новае насенне.
Калi з намалочанага хлеба зрабiць дзе-небудзь у гумне цi асецi кавалак страхi, гаспадарка заўжды будзе мець хлеб. Каб у жыце не было так званых «ражкоў», з насення пасля веяння не трэба збiраць каласкоў.
Сеючы поле, прытрымлiвалiся пэўнага часу, умоў надвор’я, мясцовага клiмату. (Беларуская міталогія).
Аўтар: «Звязда».
|