БЭЛЬКА
Гарызантальны нясучы элемент будаўнiчай канструкцыi для падтрымання насцiлу столi. У перакрыццях гаспадарчых пабудоў Б. звычайна рабiлi круглымi (з бярвёнаў), У хаце - склюдаваныя (з брусоў). Рознае размяшчэнне Б. (удоўж, упоперак, змешанае, з падзелам Б. на галоўную - трам i другарадныя) важны сродак стварэння мастацкай выразнасцi iнтэр'ера хаты. На Б. вешалi калыску, мацавалi хадунок, жэрдкi i iнш. Канцы Б., што выступаюць звонку хаты, выкарыстоўваюць для стварэння карнiза. У канцы 19 - пач. 20 ст. на Беларусi ў вясковым будаўнiцтве пераважала столь на папярочных Б., канцы якiх служылi для запуску крокваў. У залежнасцi ад канструкцыйнага вырашэння столi Б. могуць мець пазы, у якiя кладуць дошкi. У хаце на Б. часам вырэзвалi памятныя надпiсы (год будаўнiцтва i iнш.).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/9943
БЭЛЬКА
Выключна важным момантам у будаўніцтве было ўкладванне адной ці дзвюх бэлек, на якіх будзе мацавацца столь. Перад тым, як мужчыны паднімуць верхнюю бэльку, гаспадыня выконвала вельмі змястоўны рытуал. Яна брала кажух, у кішэнях якога былі хлеб, асвячоная соль, кавалак смажанага мяса, качан капусты, у шкляным посудзе – віно. Кажух апярэзвалі лыкам і падвязвалі да бэлькі.
Пасля гэтага яго падымалі і ўмацоўвалі клінамі. Затым адзін з цесляроў павінен быў сякерай рассекчы лыка, а гаспадыня ўнізе лавіла кажух – «абрус-самабранку», даставала ўсё, што ўтрымліваў кажух, і запрашала ўсіх за стол. Кажух – знак пладавітасці, багацця, згорнуты ў «яйка», сімвалізаваў светабудову, пачатак жыцця, яднанне мужчынскага і жаночага пачатку, вечнае адраджэнне.
Кажух быў не проста згорнуты – ён напаўняўся прадуктамі: соллю, хлебам і г. д., кожны з якіх таксама сімвалізаваў пачатак, працяг і захаванне жыцця. Ва Украіне і сёння існуе звычай абкручваць бэльку жаночымі хусткамі і ручнікамі, каб у хаце заўсёды было цёпла і ўтульна. Пасля таго, як бэльку ўмацоўвалі, цесляры здымалі хусткі і забіралі іх з сабой.
Калі ж па нейкіх прычынах (перш за ўсё з-за беднаты) хустак і ручнікоў не было, цесляры абкручвалі верхняе бервяно сваімі кажухамі. Аднак у такіх выпадках казалі: «Колькі печку ні палі, у хаце душу не сагрэеш». Бэлька займала ў хаце выключнае месца. Яна злучала (падзяляла) дзве прасторы быцця: штодзённы, паўсядзённа-побытавы свет чалавечай дзейнасці і свет Царства Нябеснага.
Яе роля нагадвала ролю двухаблічнага Януса, які замыкаў стары год і адкрываў браму новаму, які не толькі памятаў падзеі мінулага, быў саўдзельнікам сучаснасці, але адначасова ведаў таямніцы будучыні.
Роля бэлькі як мяжы, якая злучала мінулае і будучае, стане зразумелай толькі праз некаторы час: калі ў хаце паміраў чалавек, на бэльцы выразалі яго імя (зразумела, што праз некалькі дзесяцігоддзяў бэлька ператваралася ў кнігу памяці, гісторыю роду).
У адных рэгіёнах усталёўвалі адну бэльку, у гэтым выпадку яна дзяліла ўнутраную прастору хаты на дзве паловы, у іншых рэгіёнах зруб умацоўвалі дзвюма бэлькамі – тады ў хаце вылучалася тры абрадава значныя зоны.
Як толькі бэлька ўмацавана, будаўніцтва прыпыняецца. Гаспадыня накрывае святочны стол і багата частуе майстроў, запрашаючы да стала ўсю вёску.
Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/c0afc3208ebebf98.html
|