КУЛЬТАВЫЯ КАМЯНІ БЕЛАРУСІ
Традыцыя шанавання камянёў лічыцца з’явай надзвычай архаічнай, што ідзе яшчэ з першабытных часоў. Адметнай рысай беларусаў з’яўляецца тое, што яны захавалі да нашых дзён рэшткі гэтага культу. Паклонным (культавым) камяням і сёння носяць ахвяры: грошы, лён, воўну, ежу, кветкі, рушнікі. Дажджавая вада з выемак на такіх валунах лічыцца лекавай.
Камяні сталі носьбітамі сакральных зместаў не толькі ў паганскай, але і ў хрысціянскай рэлігіі. Не гледзячы на доўгую і зацятую барацьбу савецкіх ідэолагаў-атэістаў з камянямі, якія масава узрываліся, ішлі на будаўніцтва дарог, закапваліся ці скідваліся ў меліярацыйныя канавы, нават сёння на тэрыторыі Беларусі налічваецца больш за 3 сотні падобных культавых аб’ектаў.
На поўдні краіны распаўсюджаны крыжападобны сімвал, с замкнёнымі ў кола (авал, трохкутнік) бакавымі канцамі крыжа. У народзе і сярод гісторыкаў іх умоўна называюць крыжы-парасоны. Па меркаваннях даследчыка Андрэя Прохарава, гэтыя выявы сімвалізуюць сусветнае дрэва, альбо сусветны слуп, які звязаны з Палярнай зоркай і трымае нябесную сферу, нябесную “гару”.
І адносяцца да дахрысціянскай пахавальнай традыцыі. Ужо хрысціянскімі святынямі сталі Барысаўскія камяні, якія з’яўляюцца найперш гістарычнымі помнікамі ранняга летапіснага перыяду нашай краіны. З сямі вялікіх валуноў з высечанамі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози…».
Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя (на беразе Заходняй Дзвіны, быў расколаты на 2 часткі) – астатнія знішчаныя. Сярод іншых гістарычных асобаў, чыё імя звязана з культам камянёў можна назваць князя Вітаўта – на Беларусі вядома шмат каменных “талерак” і “сталоў”, дзе легендарны князь нібыта сілкаваўся пад час сваіх паходаў.
Авеяны старымі паданнямі і каменныя крыжы, што калісьці прыплылі ў старажытны Тураў супраць плыні Прыпяці. Зараз там жа, на мясцовых Барысаглебскіх могілках, з-пад зямлі расце яшчэ адзін каменны крыж, які стаўся сапраўднай святыняй і самым маладым сакральным камянём на нашых абшарах.
Наогул, паданняў пра тое, што камяні жывыя – яны растуць і нават могуць хадзіць (альбо, прынамсі, калісьці маглі) даволі шмат у беларускім фальклоры. Захаваліся да нашых дзён старадаўнія каменныя крыжы антрапаморфнага выгляду. А дакладней, амаль усе падобныя крыжы нагадваюць жаночую фігуру і, на думку навукоўцаў, маюць адносіны да пэўных жаночых культаў.
Асаблівую цікавасць уяўляе даўгінаўскі крыж-ідал, культавы помнік часоў язычніцтва і хрысціянства XII-XIV стст. На думку даследчыкаў, крыж быў некалі скульптурнай выявай Багіні-Маці – боства ўрадлівасці. Ягоны верх вельмі падобны да галавы, а гарызантальная частка – на выцягнутыя ў бакі рукі.
На пярэдняй роўніцы відаць схематычная выява дзіцяці, а на супрацьлеглай – магічныя знакі ў выглядзе чатырох васьміканцовых крыжоў і кратаў. Каменны крыж каля вёскі Галошава ў Талачынскім раёне на беразе невялікага возера не толькі мае антрапаморфны выгляд, але і адпаведную назву: Крыж-Баба.
Часам яго называюць проста «Бабай» або Кацярынінскім крыжам. Лічыцца, што гэта акамянелая жанчына, якая некалі дала прытулак самому Хрысту, калі той у выглядзе жабрака вандраваў па свеце і аднойчы зазірнуў у адну з навакольных вёсак. Вёска ператварылася ў возера за сквапнасць і бяздушнасць яе жыхароў, якія ўсе, апроч жанчыны, адмовілі ў начлезе Збаўцу.
Сама ж кабета ператварылася ў камень, бо не выканала перасцярогі – не азірацца пры выхадзе з вёскі. У аповедзе фігуруе і дзіця, якое сыходзіла разам з маці. Дарэчы, па звестках жыхароў з Галошава, раней з вялікім Крыж-Бабай знаходзіўся і маленькі каменны крыжык, але ў савецкія часы быў некуды знесены.
Існуе безліч прыдарожных і надмагільных крыжоў. Але самай, мабыць, цікавай з’явай гэтага культу на Беларусі з’яўляюцца крыжы-следавікі. Адметнай асаблівасцю іх з’яўляюцца адбіткі (сляды) на паверхні каменя ў выглядзе нагі ці далоні чалавека (антрапаморфныя) або паглыбленні ў форме слядоў розных жывёл (зааморфныя).
Тыя і другія бываюць як натуральнымі, так і штучнымі. Знаходзяцца следавікі найчасцей у нізінных балоцістых мясцінах, часта побач з крыніцай, студняй ці ручаём. На такія камяні людзі кладуць ахвяру, моляцца каля іх. Па павер’ях, дажджавая вада са слядкоў мае гаючыя сілы – дапамагае ад розных хваробаў чалавеку і жывёлам.
Сярод следавікоў найбольш выразныя валуны са следам чалавека. Звычайна гэта адзін слядок, але сустракаюцца два і тры слядкі. Часцей за усе памеры слядкоў блізкія да натуральнай велічыні адбіткаў. У народзе такія камяні называюць Божы след, След Божай Маці, Ступня Магдаленкі, След Святога Мікалая, След Маткі Боскай, След Валатоўны, Ступня, і г.д.
Паданні пра гэтыя камяні зводзяцца ў асноўным да наступных сюжэтаў: след пакінулі Божая Маці або Святая Дзева, калі ішла ў Іерусалім з малым Хрыстом на руках, Дзяўчына-Волат; Божанька; Хрыстос; анёлак; Св. Мікола, калі рушыў у царкву паказваць цуды і іншыя. У паданнях прысутнічаюць як жаночыя, так і мужчынскія асобы.
Паданні з жаночымі персанажамі дамінуюць. Да найбольш ранніх можна аднесці паданні пра слядкі Дзяўчыны-Валатоўны. 3 такой назвай вядомы следавікі каля в. Забежжа Віцебскага раёна. У паданні гаворыцца, што след пакінула Дзяўчына-Волат, калі адным кронам пераступіла Дзвіну, але спатыкнулася аб камень.
Камень са следам Валатоўны, якая пераступіла Свіслач, згадваў I. Kacпяровіч. Хутчэй за ўсё так называўся і следавік пад Слаўгарадам, на які пазней наслаілася назва След Кацярыны-Валатоўны ці След Кацярыны-Асілка. У паданні пра апошні камень расказваецца, што калісьці жылі Сцяпан, Марка і Валатоўна Кацярына.
Сцяпан і Марка сваталіся да Кацярыны. Яна дала ім па каменю і паставіла ўмову: хто далей кіне камень, за таго яна і пойдзе замуж. Каханаму Сцяпану яна дала камень велічынёй са стол, а нялюбаму Марку – велічынёй з печ. Кінулі яны камяні і пайшлі глядзець — чый камень далей. Бліжэйшым усё ж аказаўся камень Сцяпана.
Кацярына ступіла на яго і пакінула свой след. На другім камяні засталіся пальцы ад яе рук. Тады Кацярына сказала: “Чым даставацца нялюбаму, пайду лепш вадой служыць”. Кінулася яна з каменя, разлілася вадой, пайшла пад зямлю і выцекла на паверхню за 5 вёрстаў ад Прапойска-Слаўгарада.
Акрамя Слядоў Валатоўны вялікія (звышнатуральныя) памеры маюць сляды таксама чорта (камень каля Сянежыяаў Навагрудскага раёна і інш.). На следавіку каля в. Воўкаўшчына Мёрскага раёна большы след прыпісваюць цару Іраду, які гнаўся за Хрыстом. Цікава, што гэты камень размешчаны недалёка ад узгорка, дзе па паданню праваліўся пад зямлю французскі касцёл, і дзе пры раскопках на пляцоўцы выяўлена выбрукоўка з валуноў, якая займала плошчу звыш 150-200 кв. м.
Да вельмі старажытных адносіцца назва следавіка ў в. Лукава Маларыцкага раёна – Ступень Лебедзі (дзяўчыны па імені Лебедзь). Згодна паданню, хрысціянскі прапаведнік пастар Пётр прыйшоў у вёску з драўляным крыжам на плячах. Крыж ён укапаў на краю вёскі, дзе і пасяліўся. Ён знішчыў капішча са старымі божышчамі і на іх месцы пабудаваў маленькую капліцу з крыжам.
Пётр ахрысціў палешукоў, Але Лебедзь, дачка мясцовага чарадзея, збегла ў лес. Калі яна пазней вярнулася, то Пётр забараніў людзям размаўляць з ёй. Лебедзь не хацела сустракацца са сваім ворагам Пятром, але шлях пралягаў побач з капліцай. Пётр, калі убачыў Лебедзь, вырашыў, што Яна ідзе да яго і адчыніў дзверы капліцы.
Лебедзь сказала, што хутка будзе навальніца і прасіла, калі ўжо не шануюць Перуна, памаліцца новаму Богу. Святар нічога не адказаў, і Лебедзь пайшла ад яго. Возера выйшла з берагоў і затапіла наваколле вескі. Застаўся толькі маленькі востраў. У гэты час маланка ўдарыла ў царкоўны крыж.
Загрымеў Пярун, і вялізная хваля накрыла ўсіх на востраве. Калі вада сышла, ад капліцы застаўся толькі дах, але ўжо без крыжа. За дах ухапіліся тыя, хто застаўся на востраве. Адны гікалі на дапамогу Хрыста, іншыя – Перуна. Тады Лебедзь крыкнула, што калі не дапамагаюць багі, трэба верыць у чалавечыя сілы і паклікала ісці за ей.
Першым рушыў святар, і Лебедзь вывела ўсіх людзей на сушу. Выйшаўшы, яна затрымала свой позірк на камені і наступіла на яго. След Лебедзі так і застаўся на камені. Назвы следавікоў накшталт След Божай Маці, След Магдаленкі, След Святой Дзевы, След Маткі Боскай і падобныя на іх узніклі пазней як хрысціянскія напластаванні на больш раннія назвы тыпу След Валатоўны.
Звычайна ў паданнях пра камяні з такімі назвамі гаворыцца, што на іх стала Богамацер або Уладальніца Нябесная, села Божая Маці. У в. Ківачына Пружанскага раёна пра камень з дзвюма ямкамі расказваюць, што адбіткі пакінула Святая Дзева, калі ішла ў Іерусалім з малым Хрыстом на руках і адпачывала на камені.
Сярод следавікоў вядомыя і валуны з адбіткамі далоні. Каля в. Воўкаўшчына Мёрскага раёна ёсцъ камень з двума слядкамі — адзін нагадвае адбітак босай нагі, другі — у абутку з абцасам. Па мясцоваму паданню, даўней, калі камяні былі яшчэ мяккімі, тут прабягаў Хрыстос, за якім гнаўся цар Ірад. Босы след лічыцца следам Хрыста, а абуты — следам Ірада.
Налічваецца некалькі дзесяткаў валуноў з назвамі тыпу Чортаў След, Чортаў Ступень, След Д’ябла-абжоры. Чортавым следам называюць следавік каля в. Булавішкі-Якубянцы на Браслаўшчыне. Гэты камень вядомы яшчэ і пад назвай “Божы след”. У паданні гаворыцца, што калісьці ў камені жыў чорт і здзекваўся з праходзячых каля Яго людзей.
Раней валун ляжаў побач з балотам, рос і быў мяккім. Неяк з балота выбраўся чорт і накінуўся на чалавека, пачаў здзекавацца з яго, наступіў на камень і пакінуў след. З той пары камень не расце. Некаторыя язычніцкія багі пазней атаясамліваліся з чортам. Хутчэй за ўсё “мужчынскія” слядкі цалкам ці часткова ў старажытнасці былі звязаны з культамі, прысвечанымі багам, блізкім да хтанічнай (зямной) сферы.
Той жа Святы Мікола лічыцца ў значнай меры хрысціянскім аналагам Вялеса (бог прыроды і жывёльнага свету). Амаль невядомыя следавікі, якія спалучаюцца з Перуном ці іншым божышчам верхняй, нябеснай сферы. Да таго ж, частка следавікоў месціцца ў нізінах побач са святымі крыніцамі.
Зааморфных слядкоў знойдзена значка меней, чым адбіткаў ступні, магчыма таму, што ў апошнія стагоддзі яны не абагаўляліся. У поле зроку вучоных трапілі “скамянелыя звярыныя сляды” у Браслаўскім, Барысаўскім, Мінскім, Маладзечанскім, Асіповіцкім раёнах. На валунах у гэтых мясцінах ёсць адбіткі лап мядзведзя, ваўка, лісы, зайца; капытоў лася, аленя, каня, казы.
Самы вядомы сярод зааморфных следавікоў зарэгістраваны ля вёскі Журавец Асіповіцкага раёна. Камень мае велічыню стала. На яго роўнай па верхні выразна “адціснутыя” лапы адразу чатырох звяроў — зайца, ваўка і мядзведзя. Паводле легенды, калі валун быў яшчэ мяккі, як сырая гліна, кожны з гэтых жывёл пакінуў на ім свой адбітак.
Тут жа, дарэчы, былі знойдзены і прылады каменнага веку. Падобнае паданне існуе і пра камень са слядамі залатога аленя-шчасця. Гэты валун ляжыць каля в, Дзякшняны пад Радашковічамі. У народзе лічыцца, што вада са слядкоў дапамагае пры розных захворваннях скуры. Але ахвяры да дзякшнянскага следавіка, па звестках мясцовага насельніцтва, не прыносілі, бо гэта “сляды скаціны, а не чалавека”.
Спробы інтэрпрэтаваць прычыны з’яўлення тахіх выяў на палеалітычных і неалітычных роспісах рабіліся многімі даследчыкамі. Час з’яўлення слядкоў вызначаецца па рознаму — палеаліт, неаліт, жалезны век, але бясспрэчна, што яны старажытныя.
Яшчэ ў V ст. да новай эры Герадот у сваіх “Нарысах аб старажытнай Скіфіі” адзначаў “ступню Геракла” на скале на беразе Днястра і падкрэсліваў, што мясцовае насельніцтва пакланяецца гэтаму следу.
Што ж тычыцца непасрэдна слядоў-адбіткаў людзей і жывёлаў, то гэта асобны пласт архаічнай культуры. Яго, крыху адыходзячы ад тэмы камянёў мы закранем ніжэй. Існуе шмат этнаграфічных дадзеных, звязаных з выявамі слядкоў.
У Беларусі вядомы абрады, калі рабілі аржаныя хлябцы з адбіткамі ступні і рукі немаўляці і пасылалі родным; адбіткі на зямлі выкопвалі і спальвалі, каб згубіць таго, хто пакінуў след; выкопвалі след хлопца і варажылі над ім, каб прычараваць каханага; зямлю з выкапаным следам укладвалі ў гаршчок і садзілі там кветкі, каб выклікаць каханне і т.п. К.Тышкевіч адзначаў, што ў многіх месцах Літвы і Беларусі, калі памірала жанчына, родныя клалі праз рэчку, балота драўляную кладку і выразалі на ей чалавечую ступню ці крыж, літары, сонца з промнямі.
Лічылася, што такія кладкі рабіліся для таго, каб кожны праходзячы ўспамінаў нябожчыцу. Далей К.Тышкевіч паведамляў, што ў Барысаўскім павеце падобны звычай захаваўся толькі ў адносінах да хатняй жывёлы. Гэта рабілі з мэтай зберагчы скаціну ад хвароб. На кладцы выразалі конскія капыты або капыты рагатай жывёлы.
Цікавасць уяўляюць звесткі К.Тышкевіча пра драўляную царкву з цудадзейным абразам Прасвятой Багародзіцы. Гэта царква знаходзілася ва урочышчы Манастырок каля в.Вяляцічы, за 35 вёрстаў ад Барысава, пры ўпадзенні ракі Начы ў Бобр, на невялікім узвышшы, абкружаным з усіх бакоў балотам.
У балота вакол царквы кідалі драўляныя кладкі з выявамі вачэй, рук і ног. Асабліва шмат было кладак з адбіткамі ног рознай велічыні і капытоў коней і рагатай выявамі слядоў. Чалавек, які праходзіў па такіх кладках, павінен быў памаліцца за упакой душы памерлых (Киркор, 1882, с. 10). М.Мялешка, спасылаючыся на інфармацыю В. Ластоўскага, пісаў пра тoe, што кладкі з выразанымі слядкамі шматлікія ў раёне вёсак Пагост і Гярманавічы на Дзісненшчыне.
Па павер’ях мясцовых жыхароў, такія кладкі рабіліся для памінання памерлых. Хто праходзіў праз кладку са следам, павінен быў сказаць: “Памажы Божа” і згадаць таго, на чый успамін была зроблена выява. Лічылася, што душа пасля смерці доўга блукае па свеце, пакуль не энойдзе спакой, а кладкі з выразанай ступнёй павінны паказваць месца, дзе душа можа перайсці ручай.
Пра такія кладкі ў 30-ыя гады нашага стагодязя паведамляў Язэп Драздовіч. Ён пісаў: “…Ёсць тут і новы могільнік на Сідаравай Гары, у бок Плісы. А паміж гэтай гарой і сялом некалькі мокрых крынічных лужах, а поперак іх — памінальныя кладкі сцяной, як памяткі па нябожчыках, з павырэзьбаванымі на іх фігурамі чалавечых слядоў, а на некаторых нават напісаны імёны і прозвішчы памерлых”.
У літаратуры па гісторыі юрыспрудэнцыі часта сустракаюцца звесткі пра абшчынны абрад “ганенне або сачэнне следа”. Гэта адлюстравана ў Літоўскім Статуце 1588 года. Пра гэты старадаўні язычніцкі звычай паведамляў і М.Янчук.
Звычай заключаўся ў тым, што пакаранню падвяргалі не самога вінаватага, асабліва калі гзта быў знатны чалавек, а толькі яго след. Цікава, што у другой палове ІІ тыс. да н.э. існавала рэлігійная забарона на выявы божышчаў і таму замест багоў пакланяліся адбіткам іх ног.
М.М. Нікольскі зафіксаваў звычай, калі на хаўтурах цалавалі капыты каня, які вёз нябожчыка на могілкі, прыгаворваючы пры гэтым: “Мой конік варанюсенькі, вязі татку памалюсенькі”.
|