КАЎБАСА, КІЛБАСА
Мясная страва, якая ад старажытных часоў была знаёмая беларусам, як і таксама суседнім народам. У беларускай традыцыйна-побытавай культуры К. сімвалізавала ежу “ад пуза”, сытасць, што адпавядае еўрапейскай традыцыі, дзе К. увасабляла гіпертрафаванае карнавальнае абжорства. К. выступае сімвалам “залатога веку”:
“Мінуліся тыя часы, калі (што) ляталі каўбасы”; спакусы, памкненняў: “Цешся, ліска, вяселле блізка, каўбасы з’ясі”, “Знюхаў кот каўбаску”; багацця, дастатку: “ Па каўбасе нап’емся ўсе”; маёмасці: “не будзь ласы на чужыя каўбасы”; шчодрай узнагароды: “павесь на рогі каўбасу, і тваю карову прыпасу”.
К. падавалася выключна да святочнага стала – на Каляды, Вялікдзень, вяселле, хрэсьбіны, у чым праяўлялася яе культавая семантыка. Асабліва цесна гэтая страва была звязаная з калядкамі:
“Прыйшлі Калядкі ўвечары, ўвечары,
Прынеслі кілбаскі ў рэшаце, ў рэшаце.
Паставілі рэшата на стаўпе, на стаўпе,
Самі селі за сталом на куце, на куце…
А вы, кілбаскі, з стоўпа далоў, з стоўпа далоў.
А вы, дзеванькі, к чорту дамоў, к чорту дамоў./
А ты, красуня, астанься, астанься,
І са мною звянчайся, звянчайся”.
У дадзеным выпадку К. мае выразную эратычную сімволіку – гэта ў першую чаргу рэшата на слупе. Сувязь па прынцыпе імітацыйнай магіі паміж “дзеванькамі” і кілбаскамі азначае іх сімпатычнае набліжэнне, дзе іх аб’ядноўваюць, акрамя эратызму, рысы грубай спажывецкасці, якія знаходзяцца ў бінарнай апазіцыі з вобразам “красуні”.
Эратычная сімволіка К. праяўляецца і ў наступным фрагменце калядкі:
“Пайшла Каляда ў шостую хату,
А ў шостай хаце каўбасу пякуць да і нам дадуць
Хоць па маленечкаму кусочку,
Каб любілі хлопцы вашу дочку”.
Спалучэнне ў святочнай К. сімволікі стравава- спажывецкага і эратычнага адпавядае карнавальнаму сінтэзу гэтых інтэнцый як выразнікаў культуры чалавечага “нізу”. К. таксама звязаная з функцыяй “абкружэння” ежы, як, напрыклад, у валачобных песнях:
“Сорак яек на паўміску,
Каўбасою абкружыўшы”;
ці: “Скавародку – ў печ, па яечкі – ў клець,
Кусок сала пакрышыці,
А калбаскаю абгарадзіці…”
Акрамя натуральнай формы К. тут можа прысутнічаць і магічны элемент замкнёнага кола спажывецкага, страўнага мікракосму, дзе К. як яго найбольш канцэнтраваны выразнік, утварае магічную мяжу.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2472
|