НЯБОЖЧЫК
Памерлы чалавек, які, паводле павер’яў, мог жыць у лесе, хмызняку, ператварацца ў жывёл і птушак, выходзіць з магіл. Верылі, што Н. працягвае жыць у іншым свеце, таму ў труну клалі чыстую бялізну, тытунь, люлькі, святую ваду ў бутэльцы, грошы, гарэлку ды інш.
Шырока вядомая калядная гульня ў “нябожчыка”. Прыбранага наўмысна Н. апранаюць ва ўсё белае, твар пасыпаюць мукой. Затым кладуць на лаўку або ў дамавіну.
Часам па такім Н. адбываюцца галашэнні. Гульня ў Н. звязана з павер’ямі аб прадухіленні смерці.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3743
НЯБОЖЧЫКІ
Прыкметамі, якія беспамылкова прадказваюць смерць чалавека, лічацца: пеляна на вачах, халодны пот, хрыпенне ў грудзях, своеасаблівы пах з рота (пахне зямлёй), перастае біцца прамянёвая артэрыя. А жылы ў скронях, наадварот, моцна пачынаюць пульсаваць.
У паміраючага падаўжаёцца нос, таму што калі Смерць падступаецца да чалавека, яна доўга трымае яго за нос, і ад гэтага ён завастраецца і халаднее. Калі чалавек у час агоніі ўтаропіцца ў адну кропку, гэта азначае, што Смерць тады зазірнула яму ў вочы.
За некалькі гадзін да смерці хворы звычайна адчувае палёгку. Гэта Смерць на час адступілася ад чалавека, каб захапіць смяротныя прыпасы і даканаць яго. Калі хворы папросіць перавярнуць яго на левы бок, смерць ягоная яшчэ больш наблізіцца.
Адразу ж пасля смерці гаспадара старэйшы з сям'і заходзіць па чарзе ў стайню, хлявы і нават да свойскай птушкі і, стаўшы ў дзвярах, гаворыць: «Няма ўжо волікі (конікі, кароўкі і г.д.) вашага гаспадара (гаспадыні)!»
Гэтак робяць, каб нябожчык (у прыватнасці, калі быў сквапны) не пацягнуў усяе жывёлы за сабою. Сама па сабе Смерць такая страшная, што ўсіх палохае. Колькі б чалавек ні жыў, як бы яму ні было ліха жыць, а ўсё ж не хоча паміраць, раней таго часу, як Бог прызначыў.
Вельмі старэнькія дзед ды баба наракалі на Бога, што не дае ім смерці. А як яна прыйшла ў постаці гусі, то дзед кажа: «агіль» да бабы. Смерць да бабы, а тая — «агіль» да дзеда.
Вядома, кожнаму хочацца яшчэ пажыць хоць крышачку. Адна жанчына, збіраючыся ўжо паміраць, сядзела ўвечары пры расчыненым акне. Заляцеў матылёк і сеў ёй на рукаў.
Кабета, гледзячы на яго, сказала пяшчотна: «Смерцічка ты мая». I на гэтую ж ноч памерла. (Беларуская міталогія).
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/31.htm