ВУЖЫНЫЯ І ЗМЕЕВЫ КАМЯНІ
Адна з катэгорый сакралізаваных камянёў. Звычайна ўяўляюць сабой вялікія неапрацаваныя валуны падожанай формы. Змееў камень блізу в. Гогалеўка Чашніцкага р-на ўяўляе вялізны блок кангламерату. Згодна з павер’ямі, раней у пячоры пад каменем жыў змей, які мог гаварыць па-чалавечы, а часам і ператварацца ў чалавека. Змей быў вельмі добрым краўцом і закахаўся ў дзяўчыну з адной навакольнай вёскі.
Пазней гэты змей быў забіты перуном. Згодна з паданнем, пад Вужавым каменем на Полаччыне вогненны змей хаваў скарбы. Блізу в. Валэйкішкі Астравецкага р-на раней ляжаў валун, у якім, паводле падання, жыў цмок Вяль, які перакідваў камень, атаксама забіраў у сялян жывёлу.
Ва ўсходнеславянскіх і балцкіх фальклорных тэкстах пра пераследванне Богам Навальніцы свайго праціўніка Змея паведамляецца, што апошні хаваецца таксама і пад каменем. У чэрагу валачобных песняў згадваецца камень, на якім ляжыць змяя:
“На том балотцы ляжыць камень,
На том камені ды сядзіць змейка”,
“Ляжыць камень бялюсенькі,
Пад тым каменем – люта гадзіна”.
Змяя выступае памочнікам героя ці прадказвае яму шчаслівую будучыню. Разам з Чортавым і камянямі “краўцамі” В. і з. к. належаць да той часткі сакралізаваных валуноў, што былі прысвечаныя ўшанаванню хтанічных істотаў.
Крыніца: http://www.rv-blr.com/dictonary/view/632
|