ДЗЕДАВІЦА

ВІЛІЯ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВІЛІЯ

    Жыў некалі тут шавец, і звалі яго па-простаму - Сцяпан. Славіўся залатымі рукамі чалавек на ўвесь навакольны край, і надта яго тубыльцы паважалі, бо было за што. Хто ні прыйдзе да шаўца з просьбаю: багаты князь, заможны пан ці звычайны селянін, нікому не адмаўляў. Скажуць пашыць дарагое футра ці андарак з грубага сукна або світку сялянскую — ніколі грэбліва не адмахваўся, а толькі казаў чалавеку, калі прыходзіць за гатовай рэччу, і браўся за працу. Так не год, не два доўжылася, а пару дзесяцігоддзяў.

    Але заўважылі местачкоўцы, што нешта ён спахмурнеў апошнім часам, а потым і здагадвацца пачалі: туга душыла маладое сэрца. Хоць і багаты Сцяпан, і сабою прыгожы і дужы, а няма ў яго жонкі-красы. Устане шавец спахмурнелы, невясёлы за працу бярэцца і такі ж сумны штодзень спаць кладзецца. Здзіўляліся людзі, чаму гэта так адбываецца? Навокал гэтулькі дзяўчат вясёлых, працавітых ды прыгожых - толькі сватоў пасылай да іхніх бацькоў, ніякіх перашкод не будзе.

    Але ніхто не мог здагадацца, што тая адзіная, якую ён надта ўпадабаў, дзівосная прыгажуня-дзяўчына ад яго ўцякала, хавалася, а калі дзе ненарокам і сустракаліся, то яна вочкі свае сінія ў зямлю патупляла. Вось і паразмаўляй тут. Да таго ж па характары шавец быў чалавекам надта сціплым, нясмелым, гэта таксама ў многім яму перашкаджала. Неяк асмеліцца, набярэцца духу хлопец і скажа ёй слоўкаў ласкавых колькі, а яна загарыцца, як макаў цвет на світанку, ды маўчыць зацята.

    Ужо і людзі гаварылі: «Чаго толькі яна ад такога добрага жаніха дабіваецца? Няўжо думае недзе яшчэ лепшага знайсці ці проста паздзекавацца вырашыла? Да добрага гэта не прывядзе. Ужо колькі разоў у жыцці гэтак здаралася, што вылузваецца чалавек са скуры, не ведае, як пахваляцца ды мудравацца, а потым і рад бы атрымаць абяцанае лёсам, ды назад нельга жыццё павярнуць.

    Ой, даскачацца дзеўчына...» I як жа тут добраму маланцу не тужыць, не хмурыцца, калі сэрца гарыць, як нарог у горне, дабяла накалены, і стукоча ў грудзях, як молат цяжкі па накавальні, а палёгкі яму няма ніякай. Нават яшчэ горай на душы становіцца, асабліва калі пачуе меркаванні людзей. Ведаў хлопец, што вяскоўцы ў многім рацыю маюць, пагаджаўся з імі, але ж сам не перайначыш, не пераробіш так, як табе менавіта хочацца.

    Смуткуе Сцяпан, бо праўды, аказалася, і ён усёй не ведаў. Не ведаў таго, што каханая ягоная, у буйных думах калыханая, гэтаксама, як і ён да яе, к яму ўсім сэрцам хінецца, як хмялінка да крэпкай тычынкі цягнецца. Толькі празмерная сарамлівасць дзявочая няволіць нябогу на хлапца ўзірацца, калі людзі навокал. Заставалася бедалазе толькі ўздыхаць па ім майскія ночы, цёпла-парлівыя, паглядваючы з-пад бярозкі маладзенькае, касістае на ясны месячык, які востранькім сярпом штоночы вісеў у цёмным небе.

    Але ж і прыгожая была дзяўчына. Людзі звалі яе Ульяна, але потым, з цягам часу, перайначылі крыху імя за высокі рост, за гібкі-перагібісты стан ды тварык чырвоненькі і шчокі ружовенькія — Вяльянай празвалі. Доўга трываў Сцяпан, але далей ужо не мог, бо сэрца на кавалкі рвалася, душа гаротная плакала, да дзяўчыны яго цягнула. Нічога іншага не прыдумаў шавец, як звязацца з магутнай нячыстай сілай і ў яе прасіць дапамогі.

    Вядома ж, што не за так, а аддаючы ўзамен нячысцікам душу сваю хрышчоную, хрысціянскую. Выйшаў у двор, уздыхнуў глыбока дый гаворыць: - Каб зараз тут які чорт ці варажбіт з'явіўся, то я б яму, не задумваючыся, душу сваю запрадаў, каб толькі ён мне з дзяўчынай справіцца дапамог. На ўсё згодны, усё выканаю... Толькі такія словы вымавіў, ажно чуе, нехта за спінаю дыхае і радасна вішчыць.

    Азірнуўся, а там сапраўды чорт сівы стаіць, хвастом сваім агідлівым памахвае: - Што, чалавеча, наша дапамога спатрэбілася? Мы любому дапаможам. Толькі ж ведаеш, што ўзамен патрабуем? - Ведаю,— гаротна адказаў Сямён. У гэты самы момант чорт прапаў. Пачаў азірацца шавец, шукаць яго. Не, няма нідзе. Нават пачаў думаць, што падалося. Але скалыхнуўся лес ветрам-бураю, з чатырох дарог узняўся ўверх лейкаю пясок, і з таго пылу-буры выскачыў яшчэ старэйшы, вышэйшы ростам і здаравейшы чорт.

    Падскочыў да хлопца і запытаўся: - Што зняволіла цябе, асілак-хлопец, мяне клікаць? I чаму стаіш на двары цёмначы? Сказаў так і засмяяўся задаволена. Яшчэ б, такі мажны хлопеЦ да яго ў рукі трапіў, такі паважаны ўсімі местачкоўцамі майстар сам па сабе скарыўся перад ім. - За падарунак-мену, за душу хрышчоную, як сам ведаеш, я змагу ўсё на свеце здзейсніць, толькі скажы своечасова, каб паспець зрабіць.

    Растлумач усё да драбніц і можаш не сумнявацца — стане ўсё належным чынам. Стаіць Сцяпан, а сэрца ажно заходзіцца, гэтак моцна ў грудзях стукае. Ды не ад таго, што надта спалохаўся, што нячысціка ўпершыню перад сабою гэтак блізка ўбачыў, а ад таго, што за дапамогу чортаву давядзецца заплаціць надзвычай дарагою цаною — сумленнем і гонарам каханкі, ягонай непаўторнай Вяльяны.

    А чорт не адступае, не ўцякае, не палохаецца, скача навокал, круціцца, спажыву хуткую адчувае: - Цяжка, вядома ж, будзе да дзяўчыны-прыгажуні падступіцца. Ой як цяжка, але нічога — гэта ўжо мой клопат, мае хваляванні-турбаванні, хай табе галава не баліць... Скажа, падскочыць, за вухам паскрабе, хвастом стрэльне-свісне, выгнецца вужакай слізкай і зноў працягвае: - Адной душы, Сцяпане, за такое цяжкае заданне будзе малавата...

    Што табе яшчэ трэба, нячысцік смярдзючы? - гняўліва запытаўся шавец, але чорт не звярнуў увагі на абразу, а толькі яшчэ весялей засмяяўся: - Ды ты не хвалюйся. Не хвалюйся, хлопча. Усё будзе як нельга лепей, але даплаціць давядзецца. - Кажы, чым яшчэ даплачваць? - Ды нямнога даплаты патрабуецца. Нямнога, шавец. Хіба што, на радасць нам, мне і маім паплечнікам, здымеш з грудзей крыжык, які быў на цябе накінуты, калі яшчэ ў маленстве хрысцілі ў царкве.

    Здымеш гэты крыжык і... - I хопіць? — перабіў нячысціка Сцяпан. Але той, нібы не пачуўшы, працягваў далей: - Пакладзеш яго на жарнавы круг і будзеш пабіваць паціху цяжкім каменем. Не спяшаючыся пабіваць, каб мы маглі палюбавацца. Такую ўмову паставіў нячысцік перад шаўцом за дапамогу. Пабялеў Сцяпан, як кужэльнае палотнішча, што некалькі вёснаў запар у лугах бялілі.

    Гэта ж трэба, ён сам чарцям выгоду чыніць будзе, каб толькі яны яму дапамаглі пакарыць ганарлівую прыгажуню. Але што зробіш, раз паабяцаў ды звярнуўся да злой сілы, то назад звароту ўжо ніколі не будзе. Трэба трымаць дадзенае слова, яго вымавіў уголас, калі з першым нячысцікам размову вёў. Ідзе паціху, а ногі не надта слухаюцца. Кіруе туды, куды чорт загадаў,— да жарнавога-каменя, які ляжаў на раздарожжы, дзе некалі вялікі ветраны млын стаяў.

    Падышоў, зрынуўся старанна, каб ніхто не ўбачыў, хуценька шмаргануў крыжык з шыі і паклаў яго на камень. Толькі ззаду засмяяліся-закірхалі шматлікія нячысцікі. Але шавец не звярнуў на іх увагі, скрывіўся грэбліва, дый годзе. Пачаў Сцяпан пад ногі ўглядацца, каб камень дзе меншы знайсці і ім крыж пачаць таўкці. Знайшоў нарэшце, ухапіў яго і давай лупасіць па крыжыку. Як толькі першы раз ударыў, адразу занямела ўсё чысцютка навокал з пераляку-чакання.

    Усё баялася, што ж зараз здарыцца, што за пакаранне абрынецца за гэткі нябачны і нячутны грэх. Месячык той таксама схаваўся ў густых, грувасткіх хмарах і не асмельваўся адтуль болей паглядаць на зямлю, зоркі-весялухі, дык тыя, заіскрыўшыся раптоўна, патухлі. Бор зялёны і векавечны нахмурыўся і шалёна засвістаў аб нечым, толькі яму вядомым, вершалінамі: дубы да зямлі прыгнуліся, стромкія хвоі і елкі затрашчалі стваламі, яшчэ хвіліна — і пераломяцца.

    Зямля пад нагамі і тая задрыжэла, задрыжэла і ўвагнулася, вады стала пад нагамі па калені. Але Сцяпан не зважае на такі паварот справы, лупасіць сабе каменем з усяе сілы, дый годзе. Чэрці, як заўважылі, што вада прыбывае, то пабеглі далей, каб шкуры ўласныя выратаваць. Нясуцца прэчкі, толькі вада пад іхнімі лапамі цыбатымі пляскоча. Бягуць, знай сабе параготваюць, што з чалавека гэтакага дурня ўтварылі.

    Ды нядоўга давялося нечысціўцам радавацца, не дапусціў Усявышні іхняга валадарства на зямлі. Як пабачыў Бог, што такое злачынства здзяйсняецца, то вырашыў умяшацца неадкладна: толькі замахнуўся Сцяпан у чарговы раз каменем па крыжыку пляснуць, як грымнуў-стрэліў з неба нечакана гром-маланка, і пякуча-агністая змяя навылёт працяла самага старшага чорта, які весяліўся па-ранейшаму, супакоіцца не мог, што гэтак шаўца надурыў.

    Толькі дым смярдзючы ад нячысціка закурэў і паленым пацягнула па баках. Астатнія чэрці хто ў камяні, хто ў карчы ператварыліся. Як заспела іх Божая воля ў той момант, так яны і замерлі ў дзіўных позах. Самому шаўцу таксама не пашанцавала: абярнуў яго Усявышні за вялікі, непапраўны грэх у камень. На гэтым жудасная начная справа і скончылася. На раніцу агледзеліся вяскоўцы — няма нідзе Сцяпана-шаўца.

    Давай яго шукаць, але куды толькі ні зазіралі, куды ні залазілі — нідзе майстра не маглі знайсці. Потым нехта з людзей прыгадаў, што бачыў прыцемкам, як Сцяпан кіраваў да раздарожжа. У невя-лікім паселішчы ад людскога вока нікуды не схаваешся. Прыйшлі туды, і што ж вы думаеце? Убачылі вялікі камень, які сваімі абрысамі надта нагадваў шаўца. На разбітым жарнавым камені заўважылі патрушчаны медзяны крыжык, які тоўк хлопец, імкнучыся заслужыць дапамогу нячысціка.

    Цяпер толькі здагадаліся сяляне, што здарылася і каму была закладзена чалавечая душа. Спахмурнелі тварамі, маўляў, вось яно як на самай справе разгарнулася. Мы спадзяваліся, верылі шаўцу, а ён што ўдумаў... Пастаялі колькі часу і разышліся, хто шкадуючы, што болей не будзе адмысловага майстра, хто задумваючыся над жыццём чалавечым, а хто праклінаючы такога пярэваратня.

    Вяльяне ніхто спачатку не казаў пра жудасную падзею, дзяўчына працавала, як ні ў чым не бывала, у полі, спявала сабе ціхенька жніўную песню ды каласы зжынала буйныя. Ажно падыходзіць суседка і кажа: - Хіба ж ты, Вяльянка, не ведаеш, што з тваім Сцяпанам сёння здарылася? Дзяўчыну адразу кальнула балюча ў сэрца, яна войкнула і павярнулася да суседкі: - Што здарылася, што?! - Дык ён жа каменем стаў вялікім...

    Як пачула дзяўчына такую навіну, то што было духу паімчала на раздарожжа. Прыбегла да каменя і ўпала ля яго. Галосіць, ужо нікога не саромеючыся, рукамі яго абдымае, цалуе халодную глыбу, слёзы гаручыя лье, нібы боб коцяцца. Плакала яна так не гадзіну, а цэлы дзень, плакала ноч потым, а з усходам сонца, ледзьве толькі золак з-за лесу далёкага паказаўся, ператварылася дзяўчына ў крыніцу, са слёз яе пачатак таго невялічкага азярца ўтварыўся.

    Вяльяну людзі пахавалі належным чынам, на местачковых могілках, і пабудавалі ля магілкі невялічкую царкву, каб ушанаваць памяць аб чэснай дзяўчыне, аб яе светлым каханні. А крыніца з-пад вялікага каменя разлілася па ваколіцы, затапіла ўсе бліжэйшыя абшары. Дзе ўвагнулася той страшнай ноччу зямля, ператварыла паступова тую невялікую нізіну ў непралазнае балота, і там яшчэ доўга ўсялякія чэрці-нячысцікі вадзіліся.

    Праз гэтую балаціну, якраз пасярэдзіне, пацякла ўдалячынь вольная і прыгожая, як сама Вяльяна, рэчка. Празрыстая, гаваркая яна была, нібы характар дзяўчыны, такі пры жыцці спакойны і сарамлівы, зараз сабою дапаўняла, раскрывала яго. Рэчку гэтую ў памяць Вяльяны Вельяй назвалі і доўга так звалі, пакуль нейкія людзі-чужынцы ў мясцінах нашых не з'явіліся. Чаго яны тут былі, ніхто не ведае: можа, плыты сплаўлялі, можа, на лодках некуды далей плылі, можа, яшчэ па якой патрэбе. Хто ж яго зведае.

    Даўней часта жыхары розных краін тут сустракаліся. Але справа не ў гэтым, а ў тым, што ім цяжка было вымавіць назву рэчкі на тутэйшы лад — Велья, таму яны яе крыху перайначылі і атрымалася Вілія, а горад, які пазней узнік на высокім беразе, стаў Вілейкай. Вось такая дзіўная гісторыя.

    Крыніца: http://gim-logos.narod.ru/Project/viltur/m3.htm




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz