БАРАДА [2]
Апошнія каласы, пакінутыя на полі з асноўнай функцыяй забесьпячэньня ўраджаю наступнага года. «Барада» ў народнай сьвядомасьці павінна была захаваць урадлівую сілу зямлі ці, у варыянтах прынясеньня «барады» дадому, – перадаць яе ўсёй гаспадарцы.
«Барада» у традыцыйнай культуры беларусаў выступае як сродак імітатыўнай магіі, накіраванай на забесьпячэньне пасеваў вільгацьцю (для чаго над ёй мылі рукі) і прафілактычнай магіі для засьцярогі ад грому і навальніцы (хавалі яе за абразы), як носьбіт эратычнага сэнсу і апатрапеічнай сілы, як сродак мантычнай магіі і жыцьцядайнага пачатку («барадой» абкурвалі дзіця ад пярэпалоху і адвар зь яе давалі піць хворай карове).
Апошнія каласы як асяродак прасторы рытуальнага дзеяньня вызначаюцца сваёй маргінальнасьцю і выступаюць яе прытулак духа поля/збожжа, як месца для ахвярапрынашэньняў і рытуальнай ежы, як прастора прадукавальнай і прафілактычнай магіі ў рытуалах качаньня/куляньня.
Апошнія нязжатыя каласы на Беларусі таксама насілі назвы «спарыня», «раёк», «рай», «каза», «перапёлка», «дзед/дзедава барада», «дзеду на бараду», «дзяды», «Богава барада», «кукла».
Шэраг найменьняў, дзе апошнія каласы выступаюць у якасьці атрыбута асобы «Богу на бараду», «Ільлі на бараду», «дзедава барада», «Міколіна бародка» і да т. п., мае, відаць, прататыпам даволі рэдкую «Велесу/Волату на бародку».
Гл. таксама Валасы.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/106
|