ДЗЕДАВІЦА

КАЛЯДЫ — СІМВАЛІЧНАЯ МЯЖА ПАМІЖ СТАРЫМ І НОВЫМ ГОДАМ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КАЛЯДЫ — СІМВАЛІЧНАЯ МЯЖА ПАМІЖ СТАРЫМ І НОВЫМ ГОДАМ

    06.01.2009

    “ОЙ, КАЛЯДАЧКІ, БЛІНЫ, ЛАДАЧКІ, ОЙ, ЛЮЛІ, ЛЮЛІ, БЛІНЫ, ЛАДАЧКІ”.

    Старажытная традыцыя сустрэчы Новага года адлюстравала шматвяковы пошук беларускага народа сваёй папараць-кветкі, сваёй чароўнай дудачкі або абруса-самабора, у якіх быццам у кроплі вады адлюстроўваліся чалавечыя памкненні, задумы, спадзяванні.

    На працягу шматлікіх стагоддзяў былі выпрацаваны адпаведныя рытуалы, розныя абрадавыя дзеянні, створаны высокамастацкія велічальныя песні, атрыбуты (рэчы, прадметы побытавага ўжывання, а таксама свяшчэнныя, якім надаваўся магічны сэнс), гульні і ігрышчы моладзі.

    Абавязковай складовай часткай навагодніх святаў былі варожбы-прадказанні, з дапамогай якіх людзі імкнуліся прачытаць чарговую старонку кнігі свайго быцця, хаця б употай зазірнуць за браму неўміручасці і ўбачыць там светлыя і выразныя постаці-выявы Веры, Надзеі, Дабрыні, свайго будучага Кахання, сямейнага Дабрабыту.

    Наша сучаснае жыццё становіцца настолькі дынамічным, мазаічным, а часам хаатычным, што мы не паспяваем (а можа, не хочам спыніцца) глыбока і змястоўна асэнсаваць сваё жыццё, пражыты год, прааналізаваць тое, што ўдалося і чаму, падумаць-паразважаць пра будучае. А як некалі сустракалі Новы год нашы продкі?

    Чым яны жылі, на што спадзяваліся, у што верылі, чым цешылі сябе і сваю душу ў доўгія зімовыя вечары? Практычна ўся Еўропа ў пачатку Х стагоддзя пачынала новы колазварот са свята Раства Хрыстова. Гістарычныя звесткі, археалагічныя матэрыялы, шматлікія творы народнай паэзіі сведчаць пра тое, што беларусы, як і іх блізкія суседзі, пачыналі год у розны час, але ён быў звязаны пераважна з днём веснавога раўнадзенства.

    Гэта магло быць 1 сакавіка — пачатак вясны, 21 сакавіка — дзень веснавога раўнадзенства і, нарэшце, 25 сакавіка — у дзень уваскрэсення Ісуса Хрыста або ў дзень непарочнага зачацця Дзевы Марыі.

    Давайце прыслухаемся да таго, як гэта пытанне вырашаецца ў беларускім вусна-паэтычным календары, які зафіксаваны ў выдатных творах нашай духоўнай спадчыны — валачобных песнях: Тыя пчолкі — усе святачкі, Перад Богам збіраліся, Збіраліся, рахаваліся, Катораму святу ўперад стаці. Гэта страфа звычайна ўяўляе сабой агульнае для шматлікіх варыянтаў песні месца.

    Далейшае развіццё сюжэта адлюстравала розныя (магчыма, рэгіянальныя) традыцыі пачатку года: Святы Ізбор (першы тыдзень Вялікага посту) упярод ступіць, Зіму зрадзіць, сошку ладзіць. Святы Еўдакей — веснавы святок (адзначаецца 14 сакавіка). Веснавы святок пераступ года, Пераступілі ў яго слядочкі, У яго слядочкі ўсе святочкі...

    Благавешчанька (25 сакавіка/ 7 красавіка), Перша святка, Жыта рушыць. Святыя Саракі (9/22 сакавіка) напярод пайшлі... На больш позніх этапах пачатак года ў розных рэгіёнах Беларусі не супадаў. Тая тэрыторыя, якая была ў складзе Рэчы Паспалітай, з 1364 г. святкавала нараджэнне года 1 студзеня.

    Ва ўсходняй частцы Беларусі год пачынаўся з вясны, а затым з 1493 да 1700 г. у адпаведнасці з візантыйскай царкоўнай традыцыяй — 1 верасня. І толькі 20 снежня 1700 г. выйшаў загад Пятра Вялікага аб святкаванні пачатку года 1 студзеня. Менавіта ў гэты час адзначаюць Новы год усе еўрапейскія народы і сёння.

    Тры стагоддзі існавання гэтай традыцыі на Беларусі пакінулі адбітак у каляндарна-абрадавай паэзіі. Тыя ж валачобныя песні (пераважна запісаныя ва ўсходняй частцы рэспублікі) зафіксавалі традыцыю распачынаць новы гадавы цыкл з Калядаў або Раства Хрыстова: Святое Раство напярод прыйшло, Святое Васілле на Новы год, А на Новы год паздраўляецца...

    http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28459

    Такім чынам, пачатак Калядаў быў цесна звязаны з зімовым сонцастаяннем, якое і з’яўляецца фактычным, прыродай апасродкаваным, а не фармальным пачаткам новага года. У структуры ўсяго каляднага цыкла святкаванняў было тры Куцці з інтэрвалам у адзін тыдзень. Спачатку адзначалі бедную (посную) Куццю, потым багатую (шчодрую), нарэшце, трэцяя Куцця зноў-такі была поснай (вадзяной).

    Гэтая паслядоўнасць настолькі прадуманая, дакладна вывераная, што нам застаецца толькі дзівіцца мудрасці нашых далёкіх продкаў. Каб зразумець гэты жыццёва-прыродны рытм, трэба звярнуцца да схемы, на якой зафіксаваны фрагмент народнага календара, што ахопліваў час напярэдадні Калядаў і ішоў услед за імі.

    Схема паказвае, што Каляды з’яўляюцца своеасаблівым двухтыднёвым мастком-пераходам з Піліпаўскага посту ў зімовы мясаед. Хіба можна было пасля працяглага і строгага ўстрымання ад ежы жывёльнага паходжання адразу ж перайсці ў мясаед? Зразумела, нельга. Таму Каляды з іх прадуманай зменлівасцю, паслядоўнасцю, пластычнасцю пераходу (посная — “багатая” — посная Куцця) паступова выводзілі чалавека з зоны працяглага ўстрымання (посту) і гэтаксама няспешліва рыхтавалі (“пераводзілі”) да часу актыўнага спажывання тлустай ежы.

    Пазней мы ўбачым, што менавіта такі ж паслядоўны, узважаны, дакладна разлічаны пераход будзе вызначаць жыццё людзей у прамежку часу паміж мясаедам — Масленіцай (“мяса-пустам”) і Вялікім пастом. Калі б наша сучаснае жыццё мы суадносілі з юліянскім календаром, то тэрмін святкавання Калядаў быў бы наступным: у ноч на 25 снежня адзначалі першую Куццю; у ноч на 1 студзеня — адзначалі другую, шчодрую Куццю і адначасова сустрэчу Новага года; у ноч на 7 студзеня — трэцюю, посную Куццю.

    Пераход грамадзянскага летазлічэння на грыгарыянскі каляндар прывёў да таго, што праваслаўныя людзі сталі святкаваць Каляды ў перыяд паміж 6—21 студзеня.

    А калі ўзгадаць гістарычны дыялог культур, які адбываўся на Беларусі на працягу многіх стагоддзяў, то атрымалася так, што: разам з першай каляднай Куццёй сталі адзначаць Раство Хрыстова (7 студзеня), разам з другой Куццёй — святое Васілле (14 студзеня), разам з трэцяй Куццёй — Вадохрышча (19 студзеня).

    “ШЧАДРАВАННЕ”.

    Вечар правядзення другой каляднай Куцці — стары Новы год — быў адзначаны выкананнем абраду шчадравання. Яно ўяўляла сабой той самы абход вёскі калядоўшчыкамі, аднак на гэты раз у склад гурта ўваходзілі толькі дзяўчаты.

    Яны выбіралі самую прыгожую сярод сябровак, апраналі яе ў самае лепшае святочнае адзенне, на галаву надзявалі вянок, упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі.

    Дзяўчына-прыгажуня называлася “шчодрай”, а яе наведванне сялянскіх хат сімвалізавала дабрабыт, шчодры ўраджай і захаванне дамашняга ачага, што, у сваю чаргу, прадказвала цэласнае існаванне сям’і на працягу ўсяго года. Падчас абходу вёскі дзяўчаты-“шчадрухі” спявалі тыя ж песні, што і хлопцы-калядоўшчыкі на першую Куццю.

    НАЗІРАЕМ ЗА НАДВОР’ЕМ У ЛЁСАВЫЗНАЧАЛЬНЫЯ ДНІ

    13 студзеня Надвор’е наступных 12 дзён будзе адпавядаць надвор’ю наступных 12 месяцаў. Якое надвор’е перад старым Новым годам, такое будзе і перад Пятром (12 ліпеня). Вецер і снег напярэдадні старога Новага года паказваюць на ўраджай грыбоў і арэхаў на наступнае лета. Калі на Маланню ў ноч вецер вее з поўдня, год будзе спякотны, калі з захаду — будзе шмат малака і рыбы, з усходу — будзе шмат фруктаў.

    Ясная, зорная ноч на Маланню — людзі здаровыя будуць. Завіруха ў Васільеў вечар абяцае вялікі ўраджай арэхаў. Калі перад Васілём (14 студзеня) снег — будзе добры ўраждай. 14 студзеня Калі Васільеў дзень марозны і снежны — да добрага ўраджаю.

    Стары Новы год — да вясны паварот. Калі на Новы год свечкі ў царкве трашчаць, то будзе лета сухое, грымлівае і градавае. У дзень Новага года (14 студзеня) сочаць за напрамкам ветру і робяць пэўныя высновы: усходні вецер прадказвае цёплае і сухое лета; паўднёвы — сярэднюю тэмпературу; заходні — мокрае лета; паўночны — халоднае лета з градам. Калі ў Васільеву ноч шмат зор — будзе шмат ягад.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28499

    ЧАС СВЯТКАВАННЯ КАЛЯДАЎ

    У мінулыя часы святкаванне Калядаў мела дакладную прымеркаванасць да руху Сонца па небасхіле. Вядома, што на перыяд з 18 па 23 снежня ў прыродзе ўсталёўвалася незвычайнае становішча. Ноч, усеагульнае панаванне якой пачыналася з 21 верасня (з дня восеньскага раўнадзенства), пераставала павялічвацца, і на працягу гэтых пяці дзён захоўвалася хоць і напружаная, але ўсё ж раўнавага.

    У адзін дзень працягласць светлай часткі дня падоўжыцца на адну хвіліну, але назаўтра ўсё зноў вернецца на сваё месца. Праз дзень сітуацыя цалкам паўтаралася: у космасе быццам разгортвалася нябачная барацьба волатаў, у якой шалі Фартуны вагаліся то ў адзін, то ў другі бок. І толькі ў ноч на 25 снежня Святло атрымлівала першую прыкметную перамогу — дзень паступова пачынаў павялічвацца, набіраць моц і энергію Дабрыні, Жыццядайнасці, Прагі да прадаўжэння свайго Роду.

    “ЗАСЕЎКІ”.

    Раніцай 14 студзеня (яшчэ раз нагадаем, што гэта быў першы дзень новага года) да абрадавых абходаў далучаліся самыя маленькія — вясковыя хлопчыкі, якія выконвалі яшчэ адзін надзвычай сімвалічны абрад — “засяванне”. Яны збіраліся ў невялікі гурт, вешалі цераз плячо торбачкі з жытам, аўсом, ячменем і зноў хадзілі па хатах з навагоднімі віншаваннямі.

    Хлопцы заходзілі ў хату, спявалі калядкі-закліканні, рассыпалі па падлозе па жменьцы зерня кожнай культуры, гучна прыгаворвалі: — Сею, сею, пасяваю, З Новым годам паздраўляю! Пры гэтым яны кругам абыходзілі хату, пачынаючы ад парога, да кута і назад да печы. Зразумела, што ў абрадавым дзеянні і ў песнях-зычэннях, якія яго суправаджалі, былі ўзаемаспалучаны два бакі святочнага жыцця народа.

    З аднаго боку, у выкананне абраду ўкладваўся глыбокі сімвалічны сэнс: у першы дзень года людзі ўспрымалі прыход хлопчыкаў і іх паэтычныя пажаданні як свое-асаблівы рытуальны дыялог з сіламі прыроды, з душамі продкаў, а пазней і з адпаведнымі святымі хрысціянскай царквы, якія займалі ў свяшчэннай іерархіі высокае месца і адказвалі за дабрабыт людзей, за ўрадлівасць глебы, за прыплод хатняй жывёлы.

    Пасыпаючы зерне розных зерневых культур, хлопчыкі жадалі, каб у дбайных гаспадароў быў багаты ўраджай і жыта, і пшаніцы, і ячменю: “Сета, сета (сеята) на новае лета”. Разам з тым у гэтага абрадавага дзеяння было яшчэ адно значэнне. Зерне жыта сімвалізавала перш за ўсё новае жыццё, жыццё ў новай сям’і або ў новых умовах.

    Аднак галоўным аб’ядноўваючым пачаткам было прадаўжэнне жыцця сям’і, усяго роду. Каб больш глыбока зразумець сутнасць ужывання жытнёвага зерня ў навагодніх абрадах, прывядзём яшчэ некалькі прыкладаў сімвалізацыі жыта ў іншых абрадавых сітуацыях. Напрыклад, калі першы раз купалі нованароджанае дзіця, то ў ночвы абавязкова клалі жменьку жыта (у марлі ці ў навалачцы з даматканага палатна) — няхай і гэта дзіця праз пэўны час народзіць і прадоўжыць свой род.

    Адразу ж пасля вынасу нябожчыка з хаты нехта са старэйшых пасыпаў падлогу жытам. “Чытаць” гэты абрад трэба было наступным чынам: “З хаты толькі што вынеслі смерць, але Жыццё Сям’і няхай працягваецца: колькі зярнят рассыпалі па падлозе, няхай столькі ж дзяцей і новых пакаленняў будзе ў гэтым родзе”. У гэтай святочнай дзеі быў і іншы, больш празаічны бок.

    З задавальненнем выконваючы нескладаны па характару выканання рытуал, дзеці спадзяваліся на шчырасць і гасціннасць гаспадароў. А тыя сапраўды не скупіліся, адорвалі малых усялякімі прысмакамі — хто печывам, хто кавалкам каўбасы, сушанымі ягадамі, арэхамі. Радасць была бязмежная, шчырая, ад душы.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28556

    СВЯТОЕ ВАСІЛЛЕ — “свіное свята”. Адначасова са святкаваннем другой Куцці 14 студзеня адзначалася святое Васілле — дзень смерці аднаго з заснавальнікаў хрысціянскага руху, стваральніка шматлікіх манастыроў Васіля Вялікага. У народнай свядомасці сталася так, што святы Васіль пачаў лічыцца ахоўнікам свіней. У сувязі з гэтым свята атрымала назву “свінога”, а традыцыя патрабавала прынесці ў гэты дзень святому ахоўніку ахвяру — “кесарыйскае” парася.

    Яно і было самым галоўным кампанентам абрадавай ежы першага дня старога Новага года. Акрамя таго, гаспадыні выпякалі ў гэты дзень печыва ў выглядзе фігурак кароў, свіней, авечак і хатняй птушкі. * Свінагадоўля ў беларусаў займала хоць і не вядучае, але і далёка не апошняе месца ў гаспадарчай дзейнасці.

    Пра гэта сведчыць цэлая сістэма спецыяльных ведаў, якая ахоплівае разнастайныя спектры жывёлагадоўлі.

    * Каб хатняя жывёла добра набірала вагу, гаспадыні імкнуліся на ўсе каляндарныя і сямейныя святы наразаць сала, кілбасы і смажаніну вялікімі кавалкамі. Каб жывёла пладзілася і добра прыжывалася, трэба было раніцай апранацца, не ўстаючы з ложка.

    * Цэлы шэраг павер’яў быў звязаны з набыццём парасят ці іх развядзеннем у хатніх умовах. Так, калі набытае парасё класці ў мех галавой наперад, трымаючы за заднія ногі, то вельмі хутка яго былы гаспадар трапіць у складанае становішча і яго напаткаюць нястачы. Калі ж парасё класці ў мех задам, то гандляру будзе шанцаваць у яго справе, а вось пакупніку будзе цяжка — яго напаткае чорны перыяд. Таму, каб нікому не было дрэнна, парасё трымалі адначасова за пярэднія і заднія ногі і клалі ў торбу спінай.

    * Знаўцы жывёлагадоўлі раяць для прадаўжэння племя пакідаць таго парсюка, у якога хвост трымаецца ўверх. * Вельмі непажаданым лічыўся продаж парасят першага апаросу.

    * У першыя тры дні ні ў якім разе нельга пералічваць народжаных парасят, паказваючы на іх пальцам. Каб яны хутка набіралі вагу, трэба запрасіць у госці мажную жанчыну і папрасіць яе тройчы патаўчы бульбу і падрыхтаваць ежу для свіней.

    * У этнаграфічнай літаратуры можна знайсці парады, якія тычацца вызначэння найбольш прыдатнага часу для забівання свіней. Калі свінню рэзаць на новы Месяц, сала будзе белым, калі ж на “стары” — яно пажоўкне.

    * Ні ў якім выпадку нельга забіваць свіней у той дзень, на які прыпадалі апошнія Пакровы.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28577

    “ДАЙ, БОЖА, ЗНАЦЬ, З КІМ ВЕК ВЕКАВАЦЬ”.

    Распавяданне пра Каляды будзе далёка не поўным, калі мы пакінем па-за ўвагай народных святкаванняў яшчэ адну найцікавейшую складовую частку — варожбы (гаданні) моладзі аб сваім далейшым лёсе. Варажыла моладзь на працягу ўсяго каляднага цыкла — да Вадохрышча (19 студзеня).

    Прывядзём некалькі прыкладаў розных асацыятыўных варыянтаў варажбы дзяўчат аб пэўнай “партрэтнай характарыстыцы” свайго суджанага. Ці можна даведацца:

    * як завуць таго, з кім давядзецца век векаваць? Трэба было цішком, неўпрыкмет, каб не заўважыла і не здагадалася маці, узяць першы блін, спечаны для шчодрай Куцці, выбегчы на вуліцу і запытацца ў першага стрэчнага мужчыны, як яго завуць, — такім і будзе імя вашага будучага мужа.

    У больш позні час, ужо ў ХХ ст. (адзін з варыянтаў сучаснага вынаходніцтва або адзін з прыкладаў расшыфроўкі таямніц свайго лёсу) некалькі дзяўчат пісалі на кавалачках паперы якія-небудзь імёны знаёмых хлопцаў, скручвалі гэтыя паперкі і клалі ў шапку. Тры разы круцілі яе па сонцы, а потым па чарзе “цягнулі сваё шчасце”.

    Якое імя будзе напісана на выцягнутай вамі паперцы, такое будзе і ў вашага абранніка.

    * пра радаслоўную мяркуемага жаніха Дзяўчына брала міску з куццёй, выходзіла ў двор, ставіла яе каля сметніка, а сама павольна ішла ўздоўж штыкетніка і, кладучы па чарзе рукі на кожную штыкеціну, лічыла-варажыла: “Маладзец, удавец. Маладзец, удавец”.

    Якім словам заканчваўся пералік, такім будзе і муж.

    * якім будзе характар будучага мужа? Трэба адзначыць, што адказ на гэта пытанне быў знойдзены нечаканы, але вобразны і з лёгка “чытаемай” інфармацыяй. Дзяўчына брала загадзя падрыхтаваны і прыхаваны ў дрывотні дзеля гэтага камень і кідала яго ў калодзеж. Калі ён падаў глуха, ціха, то меркавалі, што муж будзе стрыманым, ціхім, разважлівым, памяркоўным. Калі ж камень ляцеў з шумам і пры падзенні нарабіў шмат пырскаў, то былі перакананы, што муж трапіцца ліхі, наравісты, не выключана, схільны да празмернага ўжывання моцных напояў.

    * ці заможнай будзе сям’я будучага мужа? Дзяўчына брала блін і позна ўвечары ішла да лазні, прасоўвала руку ў акенца і абмацвала вакол. Калі ў руку трапляла што-небудзь касматае — пашчасціць жыць за багатым, калі ж толькі гладкае палена — муж будзе бедны.

    * ці шчаслівым будзе жыццё? Некалькі дзяўчат бралі лучыны, добра замочвалі іх у вадзе і падпальвалі. Калі лучына гарэла з трэскам, пускала шмат дыму, то гэта прадказвала гаротнае жыццё.

    Пашчасціць у жыцці той, у якой лучына гарэла ярчэй. Да гэтага ж цыкла адносілася варажба з цэлым шэрагам прадметаў, кожны з якіх меў сваё сімвалічнае значэнне. У хаце збіраліся некалькі дзяўчат-сябровак, якія прыносілі з сабой розныя прадметы. Адной з прысутных завязвалі вочы, а тым часам прадметы раскладвалі на лаве або клалі ў шапку.

    Дзяўчыне трэба было выбраць прадмет, па якім і спрабавалі прадказаць яе ролю. Пярсцёнак сведчыў, што пашчасціць жыць за добрым мужам, хлеб — за багатым чалавекам, шчотка — за ўдаўцом, чапец або кветка прадказвалі хуткае замужжа, пацеркі — састарыцца ў дзеўках, грэбень — вечнае адзіноцтва, вугаль — нядолю, пясок — хуткую смерць, венік — трапіцца стары муж. У вялікай колькасці варожбаў асобнае месца займалі тыя, якія дапамагалі ўбачыць выяву свайго суджанага.

    Сюды можна аднесці варажбу на люстэрках і на вадзе. Непасрэдна перад сном дзяўчына ставіла пад ложак поўнае вядро вады, за ручку якога чапляла замок, ключ ад яго клала пад галаву і ціхенька казала: “Суджаны, прысніся”. І

    ншыя дзяўчаты клалі на вядро лучыну або галінку з веніка-дзяркача і шапталі: “Суджон, раджон, прыдзі, па кладачцы правядзі”. Калі ноччу прысніцца хлопец, хутка чакай сватоў.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=28630




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz