ДЗЕДАВІЦА

ВЫГАН ЖЫВЁЛЫ НА ЮР’Я
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    ВЫГАН ЖЫВЁЛЫ НА ЮР’Я

    Юр’я (Юрай, Юр’е, Ягор’я) адзначаецца 6 мая (23 красавіка па старому стылю). Гэта адно з найбольш адметных святаў земляробчага клендара, абстаўлена шэрагам урачыстых абрадавых дзеянняў. Карані гэтага свята зыходзяць у глыбокую дахрысціянскую даўніну і звязаны з ушанаваннем звышнатуральнага персанажу, які апекаваўся свойскай жывёлай, сялянскай нівай, якому падпарадкоўваліся дзікія жывёлы і гады – Ярылы.

    Варыянты назваў свята, прысвечанага гэтаму боству – Ярылавіца, Ярылкі. Імя Ярылы лічыцца роднасным імёнам старажытнагрэцкага Эраса, Геракла, бога вайны Арэса, а таксама Юрыя-Георгія. Імя Ярылы этымалагізуецца ад славянскага “jara – “вясна”.

    Корань “яр” звязаны са значэннем вясны, плоднасці, маладой жарсці: яры - малады, гарачы, кіпучы; (яравое збожжа – тое, што пасеяна вясною), корань “юр” – з рэпрадуктыўнай энергіяй, (“юрны”, “бычкі юраць, “на цябе юр напаў”). У ХVІІ ст. гэты дзень меў значэнне юрыдычнага тэрміну: на Юр’я наймалі сельскгаспадарчых рабочых, прыступаў да сваіх абавязкаў пастух, з гэтага дня лічылі арэнду фальваркаў. У юраўскіх абрадах захаваліся рэшткі культаў агню і вады, магіі, звязанай з жывёлагадоўляй і земляробствам.

    Першы выган хатніх жывёл на пашу здзясняўся на Юр’я, быў вельмі урачысты і суправаджаўся мноствам абрадавых дзеянняў. Коней у поле неабходна выводзіць у ноч перад Юр’ем: гавораць, што першая раса, якая з’яўляецца гэты час, вельмі карысная для жывёлы, асабліва для коней. Астатні статак стараліся выгнаць зарань – цудадзейная раса павінна была забяспечыць вялікі дастатак малака.

    Калі запасванне супадала з поўняю, то лічылі, што “ўсяго будзе поўна”. Перад выганам жывёлы гаспадар тройчы абыходзіў статак з запаленай грамнічнай свечкай, апрыскваў яго святой вадою. Абкурвалі падпаленымі зёлкамі, сабранымі і асвечанымі ў мінулым годзе на Купалле. Абрад абкурвання — гэта, па сутнасці, старажытны абрад ачышчэння агнём.

    Пасцёбвалі асвечанымі на Вербніцу галінкамі вярбы. Пад парог хлява клалі ці закопвалі яйкі ў колькасці, адпаведнай колькасці скаціны, каб скаціна была такая ж гладкая i круглая, як яйка. Калі яйкі заставаліся цэлыя пасля праходу жывёлы, то спадзяваліся, што і жывёла сёлета будзе цэлая. У некаторых месцах пад парог клалі замкнёны замок (замыкалі пашчу), каб жывёлу не з’елі драпежнікі (“няхай так замкнецца яго пашча на ўсё лета”), або каб ведзьма не адабрала у каровы малако.

    Ніты ад кроснаў клалі ад укусу змяі, сякеру – каб абараніць гаўяду ад нячыстай сілы, пояс ці жменю саломы, выцягнутай са страхі – каб скаціна трымалася свайго дома, бязьмен – каб жывёла павялічвалася ў вазе. Дзень Юр’я строга святкуецца ў Беларусі ўсім народам, але спецыяльна ён лічыцца святам пастухоў.

    Кожны гаспадар надзяляе ў гэты дзень пастухоў хлебам, салам, яйкамі, гарэлкай, і яны, выгнаўшы жывёлу ў поле, наладжваюць там для сябе пачастунак і абавязкова пасля абеду пякуць яечню, пры ўдзеле ўсіх пастухоў дадзенай вёскі, але без удзелу непастухоў, дапытлівых гледачоў, якія прыбылі на пастухоўскае свята.

    Калі тут будзе сама мала парушана абраднасць у гатаванні яечні, у абыходзе з ёй вакол сабранага статка, св. Юрый будзе лічыць сябе абражаным і аддасць статак і пастухоў у распараджэнне ваўкоў. Св. Юрый лічыцца улададаром дзікіх звяроў, драпежнікі маюць права з’есці тую жывёлу, якую ён ім дазволіць. Св. Юр’ю моляцца гаспадары, калі карова заблудзіцца. і заначуе на пашы.

    Запальваюць свечку і просяць: «Святы Юрый, зберажы маю жывёлу ад звяроў і зладзеяў, вярні яе цэлай і здаровай». “На Юрья коровы выжэнуть, а ўжэ як коровы ідуть назад, з поля і, хто пасэ, то усі коровы ўбірають вэнкамы. Корову зловлять, убэруць вэком, жэнуць, усі коровы ідуть з вэнкамы і хазяін кажэ: “Ну, дыті, ідытэ, будэм частовытыся”, усіх пастухуў частовылы, потому шо, чыя корова убрана, то тая корова будэ даваты літом много молока”.

    Народнае паданне расказвае, якім чынам св. Юрый зрабіўся заступнікам жывёлы. Аднойчы Бог склікаў усю жывёлу пад вялікі дуб (дзесьці пад канец свята, па выказванні сялян). Тут разам з Богам былі і ўсе святыя, за выключэннем аднаго Юр’я, які не паспеў з’явіцца да гэтай урачыстасці з-за далёкай дарогі. Ззаду за святымі стаяў «нячысты дух». На гэтым сходзе Бог прызначаў кожнаму класу створаных істот асобную ежу, якая каму падабаецца.

    Д’ябал выпрасіў для сябе ў Бога авёс, жадаючы, такім чынам, быць панам над коньмі. У гэты час падаспеў і Юрый і стаў прасіць у Бога і яму даць што-небудзь з яго тварэнняў. Бог даў Юр’ю асот. Юрый стаў прасіць у Бога чаго-небудзь лепшага. Бог заўважыў яму: калі адбярэш у д’ябла, то будзе твой авёс. Юрый, не трацячы ні хвіліны, паспяшаўся апярэдзіць д’ябла і засеў непадалёку ад той нары, праз якую чэрці прабіраюцца з пекла на гэты свет і назад.

    Д’ябал, каб не забыцца, што назначыў яму Бог, пастаянна гаварыў: «Авёс, авёс, авёс». А тут Юрый выскачыў з-за куста і крыкнуў нечакана: «Ага!» Чорт перапалохаўся, пачаў калаціцца, пляваць: «Цьфу, забыўся нават, што гаварыў!» «Ты паўтараў — асот»,— падказаў яму Юрый. Д’ябал стаў гаварыць «асот» замест «авёс» і адправіўся ў сваё царства.

    Юрый паспяшаўся да Бога і быў назначаны апекуном жывёлы і ў сваё распараджэнне атрымаў авёс. Таму пастухі лічаць вялікім няшчасцем не пабыць у гэты дзень у царкве, а сяляне не наварыць аўсянага кісялю. Аб ролі Юр’я у жывёлагадоўчай справе вельмі красамоўна сведчаць замовы, якія прамаўлялі пры выгане скаціны ад рознай небяспекі.

    Як скаціну першы раз выганяюць на пасту:  

    "На сінім моры, на лукаморы стаіць дуб какаты, на тых какатах ляжыць белы камень.

    Як таму камню ніхто не йме, так нашае скацінкі ніхто не йме і не займе: ні гад паўзучы, ні звер бягучы. Я прашу цябе, упрашаю, святое Юр’е, выхадзі са сваімі замкамі, залатымі ключамі. Замкамі затварай сваім слугам няверным зубы, губы, першым, сярэднім, паследнім. Штоб наша скацінка здавалася ў полі мятай, камнем, на даліне купінай, а ў лесе калодай, кустам на дарозе, сокалам.

    Спасі, зберажы нашу скацінку. Благапалучна, спакойна, пака з поля прыйдзе.

    Ад ваўкоў, звяроў пры першым выгане

    Храстом я кшчуся (перахрысціцца), храстом пячатаюся. Хрэст нада мной і хрэст пада мной, і хрэст унутрэ мяне (перахрысціць статак). Гасподзь Бог мае стада храсціць храстом яго пячатавая (абыходзячы вакол статка). Святы Юры-Ягоры і святы вотчай Мікола!

    Святы Ягоры ездзіў на сваем сівенькам і бяленькам кані, ездзіў па лясох, па палёх і па чыстых барох, і па зялёных лугох, і сабіраў сваіх лютых псоў, дзікіх лясных ваўкоў, сабіраў сівых і шэрых, і рудых, і тры сарты. І заганяў іх за сцяну камянную, і замыкаў ім і зявы і раты, каб ня маглі на маю скаціну ні на якую — ні на сівую, ні на шэрую, ні на чорную, ні на белую зявоў не разявіць, зубоў не разняць і ў маю скаціну вострых сваіх нечасьцівых клыкоў ня ўпушчаць.

    Не я ж іх за сцяну камянную заганяю, і не я ж ім і зявы і раты замыкаю — заганяець іх, замыкаець ім сам святы Ягоры. І замкні, святы Ягоры, на ўсе лета ад мае скаціны, амін.

    Ад ваўкоў, звяроў

    Святы Юры-Ягоры, ня распускай сваіх псоў-хартоў. Я сваю скаціну загаварую, засцерагаю, калоддзем, ашлоццем закідаю, з лезным тынам загараджую, зялезнымі замкамі зубы, ляпы ім замыкаю, на сіня мора залатыя ключы закідаю. Як з сіняга мора ключоў ня дастаць, так мае скацінкі псам-хартам ня ўзяць.

    Ад гадзюкі, вужакі, сліўня

    "Поле-полем, едзя святы Ягоры сівым канём, з залатым кап’ём. Ен едзя, праяжжая, усіх гадаў пабівая: балотных, падкалодных, махавых, земляных, дваравых, гнаявых, падугольных, лесавых, палявых, вадзяных, межавых, падкаменных. Есь самая старша Пуцімея, Расхацімея, старая Саламаніда,— вынь гэта жыгала з раба божжага. Святы Юра, святы Мікола, і святы Антоній і Хвядосій, Ілля і Пакрова, храбры пабеданосец, зашчыці і памілуй ад звера ляснога, ад чалавека ліхога, ад чарадзей, ад ліхадзей, ад непрыяцеляў, ад наступетнікаў, ад ябеднікаў, каторы на нас наступаюць і нам усё зло думаюць. І ўсе святыя, памілуйцянас. Кузьма-Дзямян, ачысце (назваць імя чалавека ці клічку жывёлы) душачку, цела.

    Ад злога чаравання

    Ехаў Юрай на сваём кані, Дзяржаў залатую меч, Засякаў наглым ведзьмам губы і рэч, Каб ведзьма не хадзіла, Чорнай сцежкі не таптала І да маёй сівой кароўкі Уладзення не мала. Ідом да цябе, кароўка, З хлебам і з паскаю. А ты да нас з спорам і ласкаю. Зара-зарнічка, божая памачнічка, Памагаеш людзям, памагі, Госпадзі, і нам".

    Тэксты аўтараства Ірыны Мазюк.

    Здымкі былі зробленыя у вёсцы Пагост Жыткавіцкага р-на 6 мая 2008 года.

    Андрэй Лянкевіч, budzma.org




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz