ПАВІТАЦЬ І ЎЛІТАСЦІВІЦЬ
Нельга пакінуць па-за ўвагай адзін нюанс старажытнага календара нашых продкаў. Выпадковасць гэта, элементарны збег абставін ці нейкая неспазнаная заканамернасць, аднак побач па часе выканання аказаліся два вельмі значныя святы (безумоўна, розныя па часе ўзнікнення і змесце рытуальных дзеянняў), у назве якіх адлюстравана асноўная святочная страва — Масленіца (масла) і Камаедзіца (есці камы).
Беларуская Камаедзіца прысвячалася не таму зверу, на якога палявалі, а таму, якому пакланяліся, якога шанавалі і чыё прабуджэнне імітавалі на пачатку новага цыкла жыцця.
Аўтар адзінага апісання гэтага свята С. Аячаеў робіць выснову, што "сваёй сілай і ростам мядзведзь наводзіў страх на людзей; каб улітасцівіць яго, людзі гэтай мясцовасці і ўздумалі вітаць мядзведзя".
У гэты дзень рыхтуецца асаблівая ежа. На першае — сушаны рэпнік у знак таго, што мядзведзь ужывае пераважна раслінную ежу. На другое — кісель, таму што мядзведзь любіць авёс. А вось месца трэцяй рытуальнай стравы займала гарохавая каша, якая разварвалася так, што ператваралася ў камякі.
Менавіта каша і стала асновай для ўзнікнення назвы абраду — "есці камы", а таксама свята, падчас якога ён выконваўся. Пасля таго, як будзе завершана святочная трапеза, усе дамачадцы прымалі ўдзел у выкананні спецыяльнага абраду, прымеркаванага толькі да гэтага дня. І старыя, і маладыя клаліся хто на ложкі, хто на печ, але не адпачывалі і не спалі, а павольна перакатваліся з боку на бок, імітуючы рухі мядзведзя, які паварочваецца ў бярлозе.
Усё гэта рабілася для таго, каб мядзведзь лёгка ўстаў, прачнуўшыся пасля свайго зімовага сну". Падсумоўваючы сказанае, адзначым, што беларускае свята Камаедзіца хутчэй за ўсё адносіцца да самай старажытнай эпохі фарміравання светапоглядных уяўленняў у цэлым і структуры традыцыйнага календара ў прыватнасці.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК
|