ІЛЬIН ДЗЕНЬ, IЛЛЯ ГРАМАВЕРЖАЦ, IЛЛЯ ГРАМАНОСЕЦ.
Iлля лета канчае. Якi Iлля, такое i Узвiжанне (27 верасня). Прыйдзе Iлля, наробiць гнiлля (пачыналiся працяглыя дажджы). -У народным асяродку Iлля-прарок лiчыцца адным з самых ганаровых святых.
Па паданнi, Iлля «да 33 гадоў сядзеў дома «сiднем», але быў пазбаўлены ад гэтай хваробы i надзелены такой агромнiстай сiлай, што яе прыходзiлася заўсёды ўтаймоўваць».
На вялiкай каляснiцы едзе ён па небасхiле на белым канi, пакiдаючы пасля сябе iскры, з якiх i паходзяць навальнiцы i маланкi. Зiмой Iлля ездзiць на санках, таму ў гэты час няма нi маланак, нi навальнiцы, нi грому.
-Па народных уяўленнях Iлля – гаспадар грому, маланкi, дажджу. Яго нябеснае прызначэнне – ачышчаць Зямлю ад рознай нечысцi, змагацца з ёю. Iлля пускае на зямлю стрэлы, а нячыстая сiла хаваецца ад iх пад дрэвамi, на межах, пад дахамi гаспадарчых пабудоў, хат i храмаў, часам – у хатняй жывёле i чалавеку.
-У Iльiн дзень у полi i ў цэрквах служылi набажэнствы, узводзiлi невялiкiя каплiцы ў гонар свята. Паўсюдна ў гэты дзень у храм прыносiлi ахвяраваннi прароку Iллi: мёд, каласы жыта.
-Iльiн дзень – своеасаблiвы дзень адлiку шматлiкiх гаспадарчых спраў: «Калi да Iллi жыта зжалi, то новы сеў неабходна скончыць да Флора i Лаўра (31 жнiўня), а калi жыта паспявае пазней, то i сеяць яго трэба пазней – да Сямёнава дня (1 верасня)».
-У народзе казалi: «Iлля Прарок – жнiву час», «Iлля жнiво распачынае, лета канчае», «Жыта паспявае на Iллю, а збiраецца да Ушэсця (28 жнiўня)». -l Iльiн дзень – час выпечкi хлеба з новага жыта: «Пётр з каласком, Iлля з калабком». У мiнулыя часы без блаславення святара нiхто не дакранаўся да «навiны».
Казалi: «Тое i вяселле Iльiнскiм дзецям, што новы хлеб». -У гэты дзень катэгарычна забаранялася працаваць, выконваць гаспадарчыя справы: жаць, касiць, прасцi. Парушэнне гэтых рэгламентацый магло выклiкаць пажар, моцны вецер i дажджы, ад якiх маглi пацярпець i людзi, i ўраджай: «На Iльiн дзень у полi не працуюць, стагоў не кладуць – спалiць навальнiца».
-На Iллю не выганялi жывёлу ў поле, ратуючы ад навальнiцы i «гадаў, якiм у гэты дзень воля».
-У гэты дзень неабходна было вынесцi з хаты i схаваць усе блiскучыя рэчы, каб перасерагчы сябе ад удараў маланкi.
-Па народных уяўленнях, уся нячыстая сiла, ратуючыся ад вогненых стрэлаў прарока, хаваецца цi ператвараецца ў жывёл: зайцоў, лiсiц, катоў, сабак i г.д. Згодна з гэтым павер'ем, у гэты дзень нi сабаку, нi кошку не пускалi ў хату, каб не прыцягнуць маланку.
-На Iллю звычайна бываюць так званыя «вераб'iныя ночы», калi на працягу ўсёй ночы грымiць гром i блiшчыць маланка. -З Iльiна дня ноч доўгая, а вада халодная: «На Iллю i камень ранiцай мерзне».
-Пасля Iллi забаронена купацца: «Да Iллi мужык купаецца, а пасля з вадой развiтаецца». Лiчылася, хто купаецца пасля Iллi, можа цi патануць, цi цяжка захварэць.
-Iльiн дзень – пачатак палявання, таму што ў гэты дзень у лесе адкрывалiся норы. З ранiцы паляўнiчыя накiроўвалiся ў першы выезд на ваўка. Калi дадому вярталiся з «шэрым», гэта прадказвала поспех у паляваннi на ўвесь сезон.
-На Iллю Прарока ў храмах асвячалi ваду i лiлi яе ў свой калодзеж, каб вада не «псавалася».
-А яшчэ казалi: хто ў пяток (пятнiцу) перад Iллёй прытрымлiваецца посту, таго мiнуць пакуты.
Аўтар: Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК, «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/f1bd24bd0efffe36.html
2 ЖНIЎНЯ – IЛЛЁЎ ДЗЕНЬ
На Iллю да абеду можа быць лета, а пасля абеду – восень. Па народных прыметах у гэты дзень абавязкова iдзе дождж. А таксама калi дождж на Макавея (14 жнiўня) i на Узвiжанне (27 верасня) – чакай шчодрага ўраджаю на наступны год.
Iлля – своеасаблiвы дзень адлiку многiх гаспадарчых работ i хатнiх спраў.
Калi да Iллi жыта прыбрана, то сяўбу азiмых заканчвай да Флора i Лаўра (да 31 жнiўня), а калi жыта выспявае пазней, то i сеяць трэба пазней – да Сямёнавага дня (да 1 верасня).
У Iллёў дзень у вёсках выпякалi першыя калабкi i пампушкi са збожжа новага ўраджаю, прыносiлi з поля сноп i ставiлi ў чырвоны кут хаты: у жнiўнi жнiву канец, хлеб на зiму назапашаны.
Строга забаранялася праводзiць дамашнiя цi хатнiя работы: касiць, жаць, прыбiраць у хаце, складваць сена. Незахаванне ўсiх гэтых правiлаў магло прывесцi да пажару, наклiкаць на населены пункт i гаспадарчыя ўгоддзi шквалiстыя вятры i моцныя дажджы.
Iллёў дзень – крайнi тэрмiн сенакосу: «Да Iллёва дня ў сене пуд мёду, а пасля – пуд гною». На Iллёў дзень жывёлу не выганялi ў поле, асцерагаючыся навальнiцы i маланкi.
Iллёў дзень – час абнаўлення месца для стаянкi пчальнiка (пры качоўцы на разнатраўях). У гэты дзень пчолы маглi раiцца, што сама па сабе з’ява для гэтага часу даволi рэдкая.
Аднак «Iллёўскi рой не на карысць», таму што час познi, пчолы не паспеюць запасцiся мёдам. Iллёўскiя дажджы ўсе ж лiчылiся гаючымi. Жанчыны збiралi «iллёвую» ваду i потым умывалiся ёю, ратуючыся ад «дрэннага вока».
З Iллёвага дня ноч доўгая, а вада халодная. Гэты дзень лiчыўся пачаткам паляўнiчага сезона. Калi на Iллёў дзень удавалася вярнуцца з палявання са здабычай – удача ўвесь сезон.
На Iллю ў храмах асвячалi ваду i лiлi ў свой калодзеж, каб вада не псавалася.
Аўтар: «Звязда».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/c9060672b90cc610.html