ДЗЕ БУДАВАЦЬ ДОМ
Адным з найважнейшых момантаў, якія трэба было ўлічваць падчас будаўніцтва хаты, быў дакладны выбар спрыяльнага месца. Нашы продкі былі перакананы, што якраз шчаслівае месца адорыць сям’ю шчаслівым лёсам і дабрабытам.
На Палессі лічылі, што хату трэба будаваць там, “дзе цёплая зямля і паветра”. Спрыяльным лічылася тое месца, дзе збіралася хатняя жывёла або “купаліся” куры.
Адным з найбольш спрыяльных лічылася месца, дзе быў мурашнік чорных мурашак. Яго пераносілі ў новае месца і нейкі час назіралі, як мурашкі будуць абжывацца на новым месцы: калі хутка, то былі перакананы, што месца для пабудовы новай хаты выбрана удала.
Новую хату не будавалі: Паблізу могілак або на былых ці разбураных месцах пахавання;
там, дзе было здзейснена забойства чалавека або некалі адбывалася крывавая бітва; на месцы раскарчаванага саду або на тым месцы, у якім спатрэбілася выкарчаваць хаця б адно садовае дрэва, гэта лічылі зусім кепскім знакам; нельга было будаваць дом на тым месцы, дзе нядаўна было жытнёвае поле;
зусім недапушчальным лічылася будаваць дом на тым месцы, дзе некалі быў пажар, або там, дзе ляснула маланка; неспрыяльнымі лічыліся месцы, звязаныя з любой бядой: дзе падчас буры зламала дрэва, некалі абярнуўся воз, дзе нехта паваліўся і зламаў руку ці нагу, каб потым падобнае не здаралася з людзьмі або хатняй жывёлай.
Аўтар: «Народная газета».
Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/d96c2d3428635dd9.html
|