АПАНАССЯ
31студзеня у праваслаўных і 18 студзеня у каталікоў Апанасся (Апанас, Апанасiй, Гусiнае свята, Гусеўнiк). Дзе-нiдзе на Беларусi Апанас лiчыўся абаронцам жывёлы ад марозу, а таксама гусiным святам. Гаварылi, нiбы апанасаўскiя маразы здаралiся такiя моцныя, што ў "быка-траццяка" (трохгодка) зрывала рогi (Раманаў, 1912). I папярэджвалi: "Хавай нос у апанасаўскi мароз".
У Смаленскай губернi iснавала прыкмета: калi на Апанаса бывае мяцелiца – чакаецца працяглая вясна i прыйдзецца нават "пунькi памясцi" (Цэбрыкаў, 1862). У Магiлёўскай губернi гэты дзень азначаў палову зiмы. Калi засталася палавiна корму для жывёлы, то казалi, што яна выжыве да вясны (Дамбавецкі, 1882). У некаторых вёсках праводзілі кірмашы. "С еты дня гусей кормяць зiрнятамi ў абручыку", – такi звычай быў у беларусаў Смаленшчыны.
Яны прасiлi аб здароўi жывёлы: "Святы Уласiй, Ахванасiй, саблюдзi, Божа, красуль нашых" (Дабравольскі, 1894, 1914). Там жа даводзiлi: на Апанасся мяцелiца – многа выведзецца гусянят. Магчыма, тут таксама праяўляюцца сляды Воласа, якога замяніў хрысціянскі Аўлас (Уласій).
Спiс царкоўнага календара на гэты дзень пачынаюць свяцiцелi Афанасiй (каля 297–373) i Кiрыла Александрыйскiя. Бацька александрыйскай царквы Афанасiй Вялiкi быў ярым выкрывальнiкам ерасi Арыя i арыян i змагарам за чысцiню веры. У невялiкiм шэрагу імён – яшчэ два Афанасiі , прападобныя. Румыны лічылі сярэдзінай зімы ці дзень Пятра Вўчага (16 студзеня) ці Апанаса.
Алесь Лозка
|