КУЛЯННЕ
Адзін з прыёмаў земляробчай магіі. Па-за рытуалам, у будзённым жыцці, існавала строгая забарона ляжаць на зямлі ніцма. К., у першую чаргу ў складзе веснавой абраднасці, сімвалізуе максімальнае зліццё з зямлёй і стымулюе паспяховы рост збожжа, аддачу зямлі сваёй сілы і атрыманне такой жа ад яе.
К. у час жніва ўлучае ў сябе і прафілактычныя захады прадухілення звязанай са жнівом хваробы і вяртання выдаткаванай сілы. Суправаджальныя прыгаворы ў асноўным пабудаваныя паводле законаў імітатыўнай магіі: “Як мы (коцімся), каб так…” (жыта кацілася і да т. п.). Існуюць варыянты дажынкавага К. / куляння, якія паказваюць на непасрэдную сувязь гэтага рытуальнага дзеяння са шлюбна – эратычнай тэматыкай (параўн. тлумачэнні кшталту “бабы загадваюць дзеўкам качацца, каб прыязджалі сваты”).
Такім чынам, чалавек, які качаецца па зямлі, перадае ёй свае ўласцівасці, у тым ліку і негатыўныя – стомленасць, хваробу ды інш. Тое ж назіраецца і ў дачыненні да паводзінаў жывёлы – забаранялі ступаць на тое месца, дзе качаўся конь, бо па целе “пойдуць плямы". З іншага боку, качанне ставіла на мэце выціснуць для сябе якасці глебы.
Прыгадаем Бабу-Ягу, якая “кацілася-валілася па касцях, Піліпкавай крыві напіўшыся, Піліпкавага мяса наеўшыся”. З іншых рытуалаў вылучаецца кулянне ў час першага грому, “каб навальніцы не баяцца”, у час заканчэння ўборкі лёну, бульбы, а таксама ў час вяселля: “Хто сцеле маладым, той і пакоіцца – однэ одного бы побораюць, бухнуць, бы пом’ялі, браціха якая, брат качаюцца”.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2502
|