ДЗЕДАВІЦА

РАЙ І ПЕКЛА - ДАБРО Й ЗЛО
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    РАЙ І ПЕКЛА - ДАБРО Й ЗЛО

    Размова з Тацянай Валодзінай

    «Lutum non omnіa fіnіt» (Сьмерць - не канец), казалі старажытныя рымляне. І з гэтым пагаджаецца бальшыня міталёгіяў і рэлігіяў. Але што адбываецца пасьля чалавечага існаваньня? Здагадка аказалася аднолькавай ва ўсіх канцах гэтага сьвету. Пасьмяротнае быцьцё ўсюды біпалярнае - цемра й сьвятло, пакуты й асалода, узнагарода й пакараньне. Яшчэ ў Гамэравых паэмах закладзеная палярызаваная мадэль сьвету, якая ўлучае ў сябе Элізіюм і Аід - дзьве формы вечнага жыцьця, што чакалі чалавека. Пройдуць першыя стагодзьдзі хрысьціянства, і чалавек паўстане перад выбарам: рай альбо пекла.Рэальна цяпер адно - як бы глыбока ні сягалі мы ў гісторыю, колькі б міталёгіяў ні гарталі, перад намі паўстануць вэрсіі адной і той жа мадэлі. - А якая вэрсія ў беларусаў? - У пазьнейшай міталёгіі беларусаў, як і іншых народаў сьвету, зямля паўстае цэнтральным складнікам трыяды «рай - зямля - пекла». Але ў той даўні міталягічны час, калі грэшных людзей яшчэ й не было,існаваў адзіны замагільны сьвет - вырай. - Для нас сёньня вырай - гэта тое месца, куды адлятаюць птушкі... - А яшчэ туды паўзуць зьмеі ўвосень, на Ўзьвіжаньне. Вырай акаляе нас і зьверху, на поўдні, і зьнізу, пад зямлёю. Дый згадаем казкі - нашу міталёгію. Памятаеце, трапляе герой у падземнае царства, а выносіць яго адтуль на сьпіне ня хто іншы, як птушка. Выходзіць, вырай наўкола, ён замыкаецца на Ўзьвіжаньне, а на Саракі адмыкае яго пчолка альбо птушачкай выпускае птушыныя выраі на зямлю. Злучэньне раю зямнога - выраю - і раю нябеснага ёсьць характэрнай рысай беларускай міталёгіі. Бог сатварыў сьвет і людзей. Людзям Бог зрабіў вельмі гожы рай. Людзі там і жылі, пакуль не саграшылі. Рай - гэта такі сад, у якім заўжды шмат усяго, што толькі душа прымае. Першыя людзі жылі там вальготна ды радасна, бы тыя птушкі. Там было цёпла, бо заўжды стаяла лета. Як людзі саграшылі ды пашлі скітацца па сьвеце,дык яны вельмі ўбіваліся, што згубілі сваю долю,загубілі райскую жытку. Самы рай Бог аддаў птушкам, каб ён дарам не пуставаў, бо, ведама, і самая гожая пустка робіцца сумнаю. А людзі ўсё прасілі Бога, каб ён зноў вярнуў іх у рай. Бог абяцаў ім, што калі яны ня будуць грашыць, то па сьмерці пойдуць у рай і будуць жыць зь ім разам. У старадаўняй традыцыі пекла ў сучасным разуменьні проста не існавала. Усе нябожчыкі былі продкамі, атрымлівалі сваю долю пашаны, але існавалі на тым сьвеце ці ня разам. - А якім уяўляў беларус пекла? Чаму ён яго баяўся? - Уяўленьні аб начыньні пекла ў значнай ступені абумоўленыя хрысьціянскай традыцыяй. Амаль усюды ў якасьці асноўнага атрыбуту пекла ёсьць агонь: Там чарты ў вялізарных катлах у смале вараць душы грэшных людзей. Душы гараць, мучацца, але ніколі ня могуць згарэць, бо ўжэ так Бог даў, каб чалавек пакутаваў за свае грахі. Згодна зь біблейскай трактоўкай, гэта асаблівы пякельны агонь - агонь гневу Божага, які карае за самыя розныя дрэнныя ўчынкі. З народных апавяданьняў можна даведацца, што самыя вялікія грэшнікі будуць варыцца ў смале, a менш грэшныя - пакутаваць y даліне сьлёзаў. Таго, хто на гэтым сьвеце першы пачынаў біцца,чэрці рана і ўвечары сякуць лазою... Хто абгаварваў да паскудзіў славу добрых людзей, там ходзіцьзь пішчыкам на языку... Брахун ходзіць з высалапленым языком і зьвязанымі рукамі назад, за язык кусаюць авады, камары й мухі, a ён ня можа ні адагнаць заедзі, ні захаваць языка. П'яніца п'е сма-лу... Гультай ляжыць голы пад варацьмі замест падваротніцы. Хто што ўкраў, на тым сьвеце мусіць у зубах насіць, а хто ўкрадзе пярсьцёнак альбо голку, то на тым сьвеце мусіць праз вуха голкі або празь пярсьцёнак пралезьці. - І, як вядома са шматлікіх аповедаў і малюнкаў, гаспадараць у пекле чэрці. Што адметнага тут у беларускіх паданьнях? - Паводле знакамітага беларускага этнографа й фальклярыста Мікалая Нікіфароўскага, у пекле дзейнічае адмысловы кантынгент нячысьцікаў - пякельнікі, якія спалучаюць сабачыя й казьліныя рысы,ня маюць поўсьці, высалапленым языком і праз ноздры абліваюць грэшнікаў расплаўленаю смалой і серай. Перш як аказацца прыстаўленымі да сваёй дзейнасьці, пякельнікі былі вольнымі нячысьцікамі, але праз чартоўскія няздатнасьці (калецтва, прыдуркаватасьць) іх саслалі ў пекла. Таму й для саміх чарцей пекла - свайго роду выгнаньне. - Немагчыма абмінуць і цэнтральную пякельную постаць - самога Люцыпара. Ва ўсясьветнай культуры ягоны вобраз увасабляе найбольш фундамэнтальныя, генэтычныя ўяўленьні пра носьбіта зла, у аснове сваёй узятыя зь Бібліі. Які гэты вобраз у народным, аптымістычным у сваёй аснове, сьветаглядзе? - У беларусаў Люцыпар (а таксама - Анчыпар, Ніцыпар) - гэта першы, найстарэйшы анёл, які адпаў ад Бога й быў скінуты на зямлю ці ў тое ж самае пекла. Ён самы старэйшы, галоўны нячысьцік. У пекле, за дванаццацьцю дзьвярыма, прыкуты дванаццацьцю ланцугамі да слупа, Люцыпар б'ецца, імкнучыся вырвацца на зямлю. Штомесяц разбураецца кожная з гэтых перашкодаў, але паўночны велікодны звон вяртае іх на свае месцы. Знакі ягонай улады- жалезная карона, прыбітая да чэрапа цьвікамі, і нешта накшталт вілаў у правай руцэ. Страшна! Але беларус знаходзіць для апісаньня пекла зь ягоным уладаром тонкія іранічныя штрыхі й ненавязьлівую дыдактыку. Прыкладам, у адным з паданьняў трапляе Семка на пякельны сход нячысьцікаў і хваробаў: Ачухаўся Семка й бачыць, што зь дзіркі вылазіць такая страшная нечысьць, што няможна й сказаць. А чэрці ўсялякага калібру вядуць гэтую нечысьць пад рукі, шапкуюць, услугоўваюць, от нераўнуючы бы архірэя. Дагадаўся Семка, што гэто, мабуць, самы старшы чорт Ніцыпар. Ось Ніцыпар узабраўся на кучу з чалавечых касьцей дый усеўся, бы пан на крэсьле. Пасьля абраньня хваробай над хваробамі нікога іншага, як П'янства, запішчалі, захрыпалі ўсе чарты з хваробамі, сталі віншаваць П'янства, ды такі паднялі гоман, штодол расступіўся, і ўсе яны паляцелі чорт ведае куды. - Вядома, што каталіцкая царква з ХІІ стагодзьдзя вылучае, акрамя раю й пекла, яшчэ й чысьцец як пераходнае месца. Ці прыжыліся такія вераваньні ў народзе? - Непасрэдных легендаў не сустракаецца, але ўзьдзеяньне ўяўленьняў пра чысьцец назіраецца ў тых паданьнях, дзе пекла зьмешчана на першым, самым нізкім зь сямі нябёсаў, небе, адкуль душа можа вырвацца ў рай. Адметныя й вельмі старажытныя, дахрысьціянскія запісы, калі рай і пекла як бы мяжуюць, і чалавек пасьля сьмерці будзе сам пераходзіць зь зямлі ў вырай. А шлях гэты ўяўляецца ў выглядзе воласа (і таму на Палесьсі забараняюць кідаць валасы абы-дзе, іх трэба затыкаць у шчыліны між сьценамі) альбо проста кладкі. Грэшныя душы зрываюцца й падаюць у прорву, а праведныя пераходзяць на неба. - Як вынікае, такія паданьні паказваюць ня толькі на знаходжаньне раю й пекла побач, але й як бы выключаюць больш вядомую хрысьціянскую вэрсію Страшнага суду. Хто ж тады вызначае, дзе месца душы? - Крытэр трапляньня ў рай альбо пекла ў паданьнях апошніх двух-трох стагодзьдзяў - наяўнасьць хрысьціянскіх грахоў. Канчатковы прысуд выносіцца ў час Страшнага суду, дзе кожны зачытае сьпіс сваіх учынкаў і атрымае ад Бога прысуд. Але трапіць у пекла можна й бяз Божага прысуду - прадаўшы душу чорту ці зашмат саграшыўшы, тады нячысьцікі падхопяць душу адразу пасьля сьмерці. Як уваход у пекла бачыліся й гэтак званыя чортавы вокны ў балотах.Варта адзначыць і адметныя беларускія ўяўленьні пра пекла. Запісваюцца паданьні, паводле якіх зямля нацягнутая, як скура, над вадою, а ў гэтай вадзе на самым дне й ёсьць пекла. А на Гарадзеншчыне верылі,што пекла - «агромніста гара на канцы сьвету». У цэлым такія запісы яшчэ раз вяртаюць да старажытнага ўяўленьня пра той сьвет, што акаляе чалавека з усіх бакоў і нават месьціцца ў ім самім. - Мы шматкроць паўтараем, што чалавек -гэта міні-космас з усімі ягонымі складнікамі, гэта праекцыя Сусьвету. Але тады атрымліваецца,што і ў чалавечым целе можна адшукаць і пекла,і рай? - Безумоўна. Дыяганальлю «рай - пекла» ў структуры цела становіцца пара «твар - азадак». Фактычна азадак - процілегласьць твару, сярод значэньняў якога матывы адкрытасьці, чысьціні, бачнасьці. Народная традыцыя й царкоўная містыка азадак чалавека як «твар наадварот» устойліва зьвязвала зь пякельнымі сіламі. У сярэднявеччы верылі, што д'ябал ставіў свае знакі на ягадзіцах, а ў пратаколах інквізыцыі нярэдкія зьвесткі пра грэшнікаў і чараўніц, што цалуюць азадак Люцыпару. А выразы тыпу «ідзі ў зад»раней мелі магічны сэнс, бо адсылалі фактычна на той сьвет ці, больш дакладна, у пекла. - Гэта чалавек зьнешні. А чалавек як адзінства душы й цела? - Вядомая дыхатамія душы як божага, райскага пачатку й матэрыяльнага цела як пякельнага нізу. Але яна не распрацаваная. Выразным ёсьць толькі тое,што самае страшнае пекла - гэта, што ўнутры кожнага з нас, пекла, якім можа стаць наша сумленьне, душа й нават сэрца. Увогуле ж, ідэя раю й пекла -не чалавечае вынаходніцтва, яна не прагматычная, а анталягічная. Гэта - вынік разважаньняў пра жыцьцё як свабоду волі й свабоду выбару. У гэтым сэнсе рай і пекла - толькі адлюстраваньне дабра й зла, між полюсаў якіх месьціцца ўсё наша жыцьцё. http://pawet.net/library/history/bel_history/_books/rakicki/%D0%A0%D0%B0%D0%BAi%D1%86%D0%BAi_%D0%92%D1%8F%D1%87%D0%B0%D1%81%D0%BB%D0%B0%D1%9E._%D0%91%D0%B5%D0%BB%D0%B0%D1%80%D1%83%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F_%D0%90%D1%82%D0%BB%D1%8F%D0%BD%D1%82%D1%8B%D0%B4%D0%B0.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz