БЛІСКАВІЦА
Прыродная з’ява, звязаная з громам, навальніцай. Яе міфалагічнае асэнсаванне ўтварае складаны сінтэз паганскіх і хрысціянскіх ідэялагемаў. М. непасрэдна ўдзельнічае ў беларускай касмагоніі – ад удараў перуноў у камень над мёртвай вадою выскачылі тры іскаркі: белая, жоўтая, чырвоная, якія, упаўшы ў ваду, паклалі пачатак утварэнню космасу – падзелу вады і зямлі.
У дадзеным выпадку М. і яе эманацыі выконваюць медыятыўна-крэацыянісцкую функцыю – яны злучаюць мужчынскі (камень, неба) і жаночы (вада) пачаткі, апладняюць ваду, што адпавядае традыцыйнай эратычнай сімволіцы агню. Колеры іскраў (белы і чырвоны – традыцыйныя дапаўняльныя адзін аднаго ў беларускай культуры) сімвалізуюць асноўныя міфалагемы, першапачаткі: жаночы і мужчынскі, прыроду і культуру, смерць і жыццё.
Жоўты – хутчэй за ўсё медыятыўны, жыццясцвярджальны элемент, які звязаны з эманацыяй сонечнага агню, энергіі. У паганскай традыцыі М. з’яўляецца атрыбутам, а пазней – увасабленнем Перуна, на выявах ён трымае М. у руцэ. З перунамі звязаны генезіс беларускіх нячысцікаў-чалавекападобнікаў – ударамі М. Бог паскідаў іх на зямлю, дзе яны засталіся там, хто куды ўпаў.
М., як і Сонца, - від нябеснага агню. Яна сімвалічна ўвасоблена ў зброі нябесных сакральных істотаў – Перуна, Бога, прарока Іллі, Юр’я (кіруе М. увесну), Міхаіла –архангела, гэта – грамавыя стрэлы, камяні, кап’ё. З пашырэннем хрысціянізацыі гэтыя атрыбуты перайшлі да адпаведных персанажаў, але ўяўленне аб М. як эманацыі Перуна працягвала існаваць: “Перун б’ець, малоння паліць”.
М. мае анімістычныя антрапаморфныя характарыстыкі: яна можа называцца “правялікай гаспадыняй”, маці, сыны якой – вятры – могуць прыносіць людзям розныя нягоды. Генезіс М. звязаны з хрысціянскай знакавай сістэмай: яна – след вогненнай калясніцы святога Іллі на небе; яна узнікае ад таго, што прарок Ілля “махае ды смаліць з біча”.
Асноўная функцыя М. – забойства нячысцікаў (“ліхіх духаў”), якія па прыродзе бессмяротныя і гінуць галоўным чынам ад яе. М. без грому сведчыць пра своеасаблівую “разведку” Бога. Хаваючыся ад перуна, нячысцік абірае самыя разнастайныя месцы, якіх чалавеку трэба асцерагацца, пераўвасабляецца ў розных жывых істот.
Так, нячысцік можа ператварыцца ў чорнага казла, свінню, пеўня, саву, неясыць, кошку, сабаку (таму апошніх падчас навальніцы выганяюць з хаты). Ён можа схавацца ў чалавека праз расчынены рот, у яго капялюш, закасаны прыпол, пад андарак (яго нельга прыпадымаць у час навальніцы) і наагул у любы прадмет, будынак (тады над ім М. б’е крыж-накрыж).
Сярод дрэваў М. часцей за ўсё абірае сваё, перунова – дуб (таму пад ім нельга хавацца, гэта лепей рабіць пад асінаю); пад разбітым і засохлым дрэвам застаецца прыбіты ліхі дух, які можа вызваліць, дакрануўшыся да сушняку. М. можа паразіць і нячыстае месца – замак, які знікне на дне возера. Б’е М. і ў людзей – тых, у каго схаваўся нячысцік, грэшнікаў ці тых, каго ўгледзеў Бог.
Так ці іначай стаўленне да забітых М. станоўчае – ці гэта грэшнік, ці Божы абраннік. Ад М. існуе шэраг абярэгаў – перуноў знак (кола з пялёсткамі ўнутры), грамовыя стрэлы (шліхтаваныя каменныя прылады працы каменнага веку), барана на страсе і бусел, што робіць там гняздо, кавалак разбітага М. дрэва, каліна, вярба, бяроза, лён ды інш.
Разам з тым запаленае М. не рэкамендавалася тушыць, асабліва вадой, - для гэтага трэба было выкарыстоўваць салодкае малако.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary?alpha=&authenticity_token=7ac738a48b166025e45f6b2c67b725bd415bc85e&page=1
Водгукі нябеснай калясніцы
Навальніца ці маланка ў народнай традыцыі ўспрымаліся як пакаранне, сіла Бога ці Ільі Граманосца, які едзе па небасхіле на сваёй вогненнай калясніцы і пасылае на зямлю палымяныя стрэлы. Згодна з дахрысціянскімі ўяўленнямі нашых продкаў громам «кіраваў» Пярун. Славяне заўсёды з павагай ставіліся да грому, бо лічылі, што кожны яго ўдар знішчае чорта ці д’ябла, бо менавіта громам Бог ці прарок Ілля праследуюць нячыстую сілу на зямлі. У народзе лічылі, што нячыстая сіла, каб уратавацца ад грому, хаваецца ў чалавека, камень, ваду і г.д.
* Так з’явілася правіла: у час навальніцы абавязкова закрываць ёмістасці з вадой, а пусты посуд пераварочваць. Акрамя гэтага, і ў паўсядзённым жыцці цэбры, вёдры з вадой і іншыя ёмістасці імкнуліся трымаць закрытымі.
* З-за здольнасці нячыстай сілы хавацца ў рэчы, якія акружаюць чалавека, лічылася, што ў час навальніцы нельга стаяць пад дрэвам, на скрыжаванні дарог, сядзець ці ляжаць на мяжы.
* Лічылася, што нячыстая сіла можа схавацца ў сабаку ці ката, таму ў час навальніцы гэтых жывёл не пускалі ў хату.
* Ахоўным сродкам ад маланкі лічылася крапіва ці алешына, таму вандроўнікі ў час навальніцы абкручвалі сябе поясам з крапівы ці алешыны.
* На Беларусі паўсюдна лічылася, што самым надзейным сродкам ад удараў маланкі з’яўляецца хлебная лапата, якую на час навальніцы выкідалі праз акно ў двор: у такім выпадку зямное полымя супрацьстаіць нябеснаму, і яно не кране хату.
* Паўсюдна лічылі, што ў хату, на якой бусел пабудаваў гняздо, ніколі не ўдарыць маланка.
* У славян чалавек, якога забіла маланка, лічыўся ці найвялікшым праведнікам, ці найвялікшым грэшнікам. Таму яго хавалі ці на могілках з вялікім гонарам, ці за іх агароджай, як вісельніка ці самазабойцу.
* Дрэва, у якое трапіла маланка, не выкарыстоўвалі для будаўніцтва. Разам з тым трэску ад «навальнічнага» дрэва прыносілі ў хату, у хлеў, на пчальнік як надзейны абярэг.
* Першы гром азначаў абуджэнне зямлі, пачатак сельскагаспадарчых работ. Паўсюдна лічылася: калі пры першым навальнічным удары прыхіліцца спіной да дуба ці пакачацца па зямлі, на працягу года не будзе балець спіна.
* На працягу года неабходна было выконваць шэраг абрадаў, каб абараніць сябе і сваю хату ад навальніцы. Адным з дзён года, калі выконваліся гэтыя абрады, з’яўляецца 15 лютага – Грамніцы. У гэты дзень неабходна было ў храме асвяціць грамнічную свечку, затым пакласці яе за абразамі ў чырвоным куце і запальваць у час навальніцы.
* Раніцай таго ж дня трэба было асвечанымі свечкамі на накаце хаты намаляваць крыжы, каб захаваць яе ад навальнічных удараў на ўвесь год.
* Ахоўнай магіяй таксама была надзелена чацвярговая свечка (узятая ў храме ў Чысты чацвер), галінка вярбы з Вербнай нядзелі, галінка алешыны за вокнамі.
Аўтар: «Народная газета».