ДЗЕДАВІЦА

АХВЯРАПРЫНАШЭННЕ ЖАХЛІВАЕ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    АХВЯРЫ ЖАХЛІВЫХ АБРАДАЎ

    Аўтар: Клімковіч Ірына, Дадана: 31-07-2011, Крыніца: Маладосць № 4 за 2010 год.

    Шмат у якіх народаў свету, у тым ліку і ў беларусаў, існуюць легенды і паданні пра замураваных людзей. Нібыта апошнім прытулкам для небаракаў сталіся вежы і падмуркі сярэднявечных замкаў, сцены гарадскіх умацаванняў, а то і храмаў.

    У такіх гісторыях безліч вельмі рэалістычных падрабязнасцей. А як вядома, праўда заўсёды схаваная ў дэталях. Мо і сапраўды ў далёкім мінулым пры ўзвядзенні гмахаў прыносіліся чалавечыя ахвяры? І толькі потым людзей замянілі на жывёлаў, на грошы?

    Нават сёння цеслі кладуць манеты па кутах новага зруба, інакш, кажуць, хата стаяць не будзе - разваліцца. Існаванне будаўнічых ахвяр у мінулым пацвярджаецца фальклорнымі крыніцамі і дадзенымі этнаграфіі, а таксама матэрыяламі археалагічных раскопак.

    Адзінае дзіця ў ахвяру

    На працягу ўсяго Сярэднявечча ў Заходняй Еўропе складаліся легенды і сагі пра замураваных людзей, якіх закладалі цэглай ці камянямі ў падмурках дамоў, у сутарэннях замкаў, кляштараў, касцёлаў. Ахвярамі часцей за ўсё станавіліся дзеці-бязбацькавічы, адзіныя сыны будаўнікоў, часам і самі будаўнікі.

    Чаму такое адбывалася? Адказ даюць самі паданні і легенды. Ахвяры рабіліся, каб забяспечыць трываласць і даўгавечнасць новабудоўлі. Замкі і муры дзякуючы бязвіннай будаўнічай ахвяры нібыта рабіліся непрыступнымі для ворагаў, растрэсканыя сцены цудоўным чынам умацоўваліся. Душа ж замураванага чалавека ў выглядзе здані рабілася верным ахоўнікам будынка, ратавала яго ад зруйнавання, землятрусу, патопу і нападу ворагаў.

    Так, легенда пра будаўніцтва абарончых муроў Магдэбурга распавядае пра тое, як гарадская брама адразу ж пасля яе ўзвядзення пачала развальвацца. Нягледзячы на ўсе намаганні будаўнікоў умацаваць яе, зробленае рассыпалася. Пасля трэцяй спробы ўратаваць браму будаўнікі звярнуліся да мясцовага астролага.

    Ён падказаў: каб гарадскія сцены выстаялі, трэба замураваць у іх хлопчыка, якога без усялякага прымусу ахвяруе яго маці. У той час, калі вялося будаўніцтва, адна з фрэйлін каралеўскага двара Маргарыта чымсьці правінілася і павінна была пакінуць горад. Тады ж у Маргарыты загінуў каханы, а яе маёмасць разрабавалі. Каб не застацца без пасагу, бо спадзявалася зноў выйсці замуж, яна за вялікія грошы пагадзілася ахвяраваць гораду свайго маленькага сына.

    У браме муляры зрабілі адмысловую нішу з маленькай адтулінай уверсе, каб дзіцёнку было чым дыхаць. У тую нішу і пасадзілі няшчаснага хлопчыка, у рукі яму далі кавалак хлеба. Даведаўшыся пра гэта, новы жаніх Маргарыты выракся сваёй бязлітаснай нявесты, і яна мусіла з'ехаць на чужыну.

    Праз пяцьдзесят гадоў Маргарыта вярнулася ў Магдэбург лядашчай старой - прасіць дазволу пахаваць свайго загубленага сына па хрысціянскаму звычаю. Малады муляр пашкадаваў яе і падняўся па высокіх драбінах на самы верх гарадской сцяны. Калі ён адсунуў некалькі камянёў і зазірнуў у нішу, то крыкнуў тым, хто стаяў унізе, што бачыць чалавека з бліскучымі вачыма.

    Яшчэ малады муляр паведаміў, што перад ім маленькі сівы стары, доўгая белая барада якога цягнецца долу і глыбока ўрасла ў камяні. А над галавою пакутніка, паміж каменнымі плітамі, акурат над адтулінай, птушкі ўладкавалі сабе гняздо. Нібыта яны і прыносілі замураванаму ежу. Калі сівога чалавечка выцягвалі з нішы, усім, хто стаяў унізе, здавалася, што яны чуюць енкі і стогны.

    Але ў дзённым святле, стала зразумела, што выцягнулі не старога карліка, а скамянелага няшчаснага дзіцёнка. Вось такая гісторыя. Падобную легенду расказваюць і пра заснаванне сённяшняй дацкай сталіцы, горада Капенгагена. Рабілі насып на месцы будучага горада, але, колькі разоў ні распачыналі, зямля правальвалася. І тады нехта падказаў, што патрэбна жывая ахвяра.

    Будаўнікі адкупілі ў маці-валацугі маленькую дзяўчынку, далі ёй у рукі булку. Малая думала, што маці з ёю гуляе, жартуе. Калі дзіця замуроўвалі, дзяўчынка яшчэ бачыла людзей і крычала: «Мама, мама, я яшчэ бачу цябе!» Камяні клаліся адзін на адзін, і дзяўчынка пачала прасіць майстра: «Дзядзечка, пакіньце мне хаця б маленькую дзірачку, каб я магла праз яе глядзець».

    Муляр расчуліўся, кінуў кельму і адмовіўся рабіць сваю жудасную працу. І тады завяршыў яе малады вучань. Нарэшце лёг апошні камень... На працягу сямі гадоў яшчэ чуліся па начах крыкі замураванага дзіцяці. І на гэтыя крыкі з усіх бакоў зляталіся галкі. Гараджане лічылі, што гэтыя птушкі - душы нелюдзяў-будаўнікоў, якім наканавана лётаць вакол замка да тых часоў, пакуль ён не зруйнуецца.

    А непрыкаяны цень маці нібыта яшчэ і сёння блукае на гары ў суседнім з Капенгагенам лесе. Паданні сведчаць, што чалавечыя ахвяры складалі нават пры пабудове хрысціянскіх храмаў... І падобныя легенды расказваюць не толькі пра сярэднявечныя будоўлі.

    Так, у Саксоніі распавядаюць пра будаўніцтва чыгуначнага моста праз даліну Гольч. Нібыта ўсё, што за дзень паспявалі зрабіць рабочыя, за ноч і развальвалася. Нарэшце будаўнікі ўзгадалі старажытны звычай і таемна некага замуравалі ў апору моста. Мост той стаіць і сёння.

    «...дзеля цуду і дзеля выратавання жанок...»

    Прыклады можна доўжыць і доўжыць. Іх шмат па ўсім свеце.

    З заходнееўрапейскіх легендаў і саг зразумела, што пры ўзвядзенні сярэднявечных пабудоў нярэдка будаўнічай ахвярай былі дзеці. Паводле ж славянскіх легендаў, у пабудовах замуроўвалі не дзяцей, а выпадковых людзей, якія праходзілі непадалёк. Часцей за ўсё маладых жанчын.

    Пра гэта гавораць балгарскія і сербскія паданні. Абрад прынясення будаўнічай ахвяры падрабязна апісаны ў сербскай народнай песні «Пабудова Скадра», насамрэч прысвечанай узвядзенню старажытнага горада Сербіі Скутар (Скадр).

    Нібыта трое легендарных братоў з трыма сотнямі майстроў тры гады ўзапар будавалі крэпасць Скадр на рацэ Баян. Але яны не здолелі нават закончыць падмурак. Усё, што яны рабілі за дзень, уначы разбурала мясцовая Віла (жаночы міфічны персанаж). Нарэшце Віла запатрабавала, каб у ахвяру прынеслі жонку аднаго з трох братоў-будаўнікоў, маўляў, тады яна кіне перашкаджаць, дазволіць збудаваць замак.

    Браты пагадзіліся. Пацярпела жонка малодшага - Гойка. Жанчына спачатку думала, што з ёй жартуюць, смяялася, калі яе абкладалі камянямі і бярвёнамі. А калі зразумела, што адбываецца, пачала маліць муляраў пакінуць хаця б адтуліну для грудзей, каб яна магла карміць свайго адзінаццацімесячнага сына. І адтуліну для вачэй - каб магла бачыць дзіця.

    Просьбу выканалі, і небарака цэлы год карміла немаўлятка. «Як было тады, - канчаецца сербская песня, - так засталося і па сёння - дае яна жыццядайную вадкасць дзеля цуду і выратавання жанок, у якіх няма малака». У іншых паўднёваславянскіх сагах таксама згадваюцца замураваныя жанчыны, якія кормяць сваіх немаўлят. Дзеля гэтага ў мурах нібыта пакідалі адмысловыя адтуліны.

    Быццам бы малако і сёння цячэ праз іх са сцяны. Цяперашнімі фалькларыстамі зафіксаваны цікавы звычай. Так, баснійскія жанчыны непадалёк ад горада Цяшаня і балгаркі Кадзінава Моста выкалупліваюць даўні вапнавы рошчын з пабудоў, дзе нібыта ў старыя часы былі замураваныя маладыя маці. Вапну разбоўтваюць у малацэ і п'юць.

    Жанчыны вераць, што ад гэтага цудадзейнага сродку ў іх пабольшае груднога малака.

    Белая Панна

    Пра замураваных жанчын распавядаюць і айчынныя легенды. Узгадаем знакаміты прывід з Гальшан - Белую Панну. Упершыню яе вобраз выкарыстаў у мастацтве Уладзімір Караткевіч у рамане «Чорны замак Альшанскі». Праўда, там аўтар называе яе Чорная Дама.

    Тым не менш Чорнай Дамай апошнім часам традыцыйна называюць прывід Нясвіжскага замка. А да будаўнічых ахвяр каралева Барбара з Радзівілаў адносін не мае. З гальшанскім жа прывідам - тая самая старадаўняя гісторыя. Легенда распавядае пра будаўніцтва францысканскага кляштара ў Гальшанах. Фундатар Павал Стэфан Сапега прымеркаваў скончыць будаўніцтва на вялікае касцельнае свята.

    Амаль усё ўжо было гатова. Але ў час агляду будынку адна са сцен нечакана абвалілася. Магнат загадаў тэрмінова аднавіць яе. Але і ў другі раз сцяна абвалілася ў яго прысутнасці. Сапега раз'юшыўся. «Калі ў вызначаны тэрмін не скончыце будынак, то не атрымаеце за працу ані шэлега» - так нібыта сказаў ён. Будаўнікі сабраліся на нараду. Самі ж ведалі, што працавалі сумленна, і мур мусіць стаяць.

    А таму яны вырашылі, што будоўля патрабуе ад іх ахвяры. І аддаць трэба самае дарагое. Параіліся і дамовіліся, што замуруюць жонку, якая першай прынясе на будоўлю палудзень свайму гаспадару. Пачуўшы гэта, захваляваўся малады цесля, стаў маліць Бога, каб яго прыгожая жонка забавілася дома і не прынесла яму палудзень першай. Але яго малітвы, відаць, не былі пачуты. Менавіта яе, маладую і прыгожую, замуравалі ў сцяну...

    Прайшлі стагоддзі, разбурыўся Гальшанскі замак, колькі разоў перабудоўваўся касцёл, а кляштар стаіць нязрушна. Душа маладой жанчыны трымае яго... Гісторыя мае працяг. У сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя пры рэстаўрацыі кляштара, які захаваўся амаль у першапачатковым выглядзе з часу пабудовы - пачатку XVII ст., у сутарэннях выявілі замураваны ў нішы шкілет.

    Гэта не было звычайнае пахаванне. Косткі ляжалі даволі дзіўна. Ногі - пад сцяною, чэрап - бліжэй да цэнтру пабудовы, рукі раскінутыя крыжам... Быццам некалі чалавек стаяў на каленях і «трымаў» будынак. Калі парэшткі дасталі на паверхню і паказалі медыкам, тыя адзначылі, што шкілет належаў маладой жанчыне. А неўзабаве ад таго самага месца, адкуль забралі парэшткі, праз увесь будынак прайшла расколіна. Косткі вырашылі пахаваць на мясцовых могілках.

    Гэта даручылі двум жыхарам Гальшан. Невядома, ці выканалі яны абяцанае. Па хуткім часе абое неспадзявана памерлі. Мясцовыя людзі кажуць, гэта помста нябожчыцы, бо насамрэч мужчыны косткі не пахавалі, а проста выкінулі. З таго часу ў кутняй келлі кляштара, што на першым паверсе, пачаў з'яўляцца прывід Белай Дамы - паўпразрысты сілуэт жанчыны з зачасанымі назад доўгімі валасамі.

    Вядома ж, пайшла пагалоска, пра здань напісалі ў газетах. Госці і турысты, якія адважваліся застацца ў былым кляштары нанач, потым распавядалі з жахам, як рухаліся сцены, круцілася столь. На цікаўных навальвалася, прыціскала да ложка нейкая цёмная сіла, чуліся крокі, рыпела падлога. Здаралася, шукальнікі прыгод страчвалі прытомнасць, а вярталіся да свядомасці ўжо на падлозе - далёка ад ложка.

    Узброеныя прыборамі «паляўнічыя на прывідаў» фіксавалі ў будынку моцныя лакальныя электрамагнітныя палі. Выдае на тое, што душа будаўнічай ахвяры помсціць людзям за парушаны спакой.

    Прывід з сабачкам і іншыя...

    Ёсць свая здань і ў Крэве. Распавядаюць, нібыта прывідная Дама па начах ходзіць па замкавым двары, ды не адна, а з сабачкам. Паводле мясцовай легенды, некалі ў замку жылі два князі. Абодва закахаліся ў прыгажуню.

    На двубоі адзін князь забіў другога. Пераможца прапанаваў дзяўчыне руку і сэрца. Але яна адмовіла. Раззлаваны князь наклаў на яе закляцце і загадаў замураваць.

    Разам з прыгажуняй замуравалі і яе маленькага сабачку… З таго часу і пачалі заўважаць прывідаў - красуню з сабачкам. Здані няспешна ішлі ўздоўж муроў, а потым раптоўна знікалі. Знаходзіліся адчайныя юнакі, якім карцела сустрэцца з прывіднай прыгажуняй. Паненка нібыта таксама не абмінала іх увагай. Яна раскідала для абдымкаў рукі, глядзела на хлопца затуманенымі вачыма і голасам, поўным жарсці, клікала да сябе.

    Некаторыя ішлі да яе. Уранні іх знаходзілі нежывымі... Легенда кажа - гэта было даўно. А калі верыць жыхарам Крэва, то прыгажуня-прывід з'яўляецца ў замку і сёння. Але час не пашкадаваў нават здань. У нашы дні па замкавым двары шпацыруе ўжо не маладая паненка з сабачкам, а старая пані, яе суправаджае сабачы шкілет.

    З беларускіх легенд вынікае, што ў нашай краіне ў часы сярэднявечча таксама існаваў старажытны еўрапейскі абрад прынясення будаўнічай ахвяры. Пазней замест чалавека сталі прыносіць у ахвяру жывёлаў або іх часткі. Так, жыхары мястэчка Мір распавядаюць пра замураваную ў паўднёвай сцяне замка галаву барана. Калі яе адтуль дастаць, замак нібыта рассыплецца.

    Некаторыя легенды трансфармуюцца пры пераказах. Так, у легендзе Крэўскага замка гаворка пра будаўнічую ахвяру наўпрост не вядзецца. Дзяўчыну замуравалі, нібыта на тое, каб пакараць, бо яна была занадта пераборлівай у каханні. Тым не менш ясна, што першапачаткова мелася на ўвазе менавіта бязвінная будаўнічая ахвяра. І ўвогуле, прааналізаваўшы старажытныя беларускія легенды, якія тычацца манументальных будоўляў, можна ў некаторых з іх знайсці водгаласы жудаснага абраду.

    У некаторых легендах згадваюцца быццам бы выпадковыя няшчасныя здарэнні - гіне адзін з будаўнікоў. Так, паданне пра ўзвядзенне віленскага касцёла Святой Ганны распавядае пра маладога і старога майстроў. Калі стары, настаўнік маладога, убачыў, што вучань пераўзышоў яго ў майстэрстве, то ад зайздрасці і злосці скінуў яго з рыштаванняў. Маладога будаўніка нібыта пахавалі ў адной са сцен храма.

    Захавалася паданне яшчэ пра адзін падобны падазроны выпадак: быццам бы падчас узвядзення будслаўскага касцёла сарваўся з рыштаванняў сын аднаго з галоўных будаўнікоў, і яго пахавалі перад галоўным уваходам у касцёл. Але ж і ў гэтым даволі познім паданні прасочваецца тэма будаўнічай ахвяры - замураваны ў новабудоўлі юнак.

    Навошта?

    І ўсё ж, што вымагала будаўнікоў рабіць «будаўнічыя ахвяры»? Які сэнс бачылі ў іх нашы продкі? Адны даследчыкі лічаць, што гэты рытуал - сімвалічны паўтор на зямным узроўні акта стварэння свету. У старажытных культурах жытло чалавека параўноўвалася з Сусветам і чалавечым целам. Так нібыта з розных частак міфалагічнага волата былі створаны розныя зямныя ландшафты.

    Іншыя навукоўцы сцвярджаюць, што ахвяра - плата духам за права будаваць на тэрыторыі, якой яны валадараць. Каб вызваліць пляц пад будаўніцтва, звычайна даводзілася высякаць і выкарчоўваць дрэвы. А значыць - знішчаць іх! У старажытнасці ж існаваў культ дрэў, іх лічылі жывымі істотамі, ушаноўвалі. Таму, каб душы загубленых дрэў не помсцілі людзям, ім і прыносілі ахвяру.

    А яшчэ ў кожнай мясцовасці ёсць свае духі-гаспадары. Узгадаем Вілу з сербскай легенды... Калі будавалі мост або вадзяны млын, даводзілася ўлагоджваць вадзяных духаў. І нарэшце, людзі раней верылі ў тое, што душа ахвяры робіцца ахоўнікам будынка. Каб дом, храм, мост - стаялі трывала і доўга, яны павінны атрымаць душу.

    А перасяленне душы, па старадаўніх вераваннях, магчыма толькі шляхам ахвяры. Замураваны чалавек ператвараўся ў духа-ахоўніка, бо лічылася, што душы тых, хто пайшоў з жыцця заўчасна і гвалтоўна, застаюцца на зямлі - на месцы сваёй пагібелі ці пахавання. Такім чынам, гаворка ідзе пра людзей, якія не дажылі свайго тэрміну, не вычарпалі адмеранай ім жыццёвай энергіі.

    Такое тлумачэнне ўзнікнення прывідаў даецца ў шматлікіх паданнях. Так, здані князёўны або рыцара, заўчасна забітых ворагамі і пахаваных на гары, робяцца духамі-гаспадарамі гэтай гары. Дзяўчаты ператвараюцца ў русалак і ахоўваюць вадаёмы, дзе патанулі. Манах-пустэльнік, які заблукаў і не выйшаў з пячорных лабірынтаў, робіцца пазней прывідам і духам-ахоўнікам падзямелля.

    Такім чынам, рабіць будаўнічыя ахвяры нашых продкаў вымагалі іх вераванні і ўяўленні пра той свет, у якім яны жылі. І нельга меркаваць пра іх з пункта гледжання сённяшняга дня. Магчыма, нашым нашчадкам некаторыя сённяшнія жыццёвыя правілы і маральныя абгрунтаванні таксама будуць здавацца дзіўнымі, недарэчнымі і залішне жорсткімі.

    Чалавечыя ўяўленні пра свет і яго законы мяняюцца. Народы ўдасканальваюцца і ў тэхнічным плане, і ў маральным. Ёсць легенда і пра тое, як нашы продкі адмовіліся рабіць чалавечыя ахвяры.

    Легенда пра Віленскі замак

    Князь Гедымін, калі перанёс сталіцу з Трокаў у Вільню, вырашыў збудаваць на Тур'яй гары магутны замак. І каб замак гэты быў непрыступным для ворагаў, і каб слава пра яго пайшла па ўсім свеце.

    Склікаў ён жрацоў з чараўнікамі і спытаў: што для гэтага трэба? Вярхоўны жрэц адказаў, што замак будзе трывалым, калі пры закладцы першага каменя ў падмурак будзе прынесена ў ахвяру жыццё адзінага любімага сына. Ды так, каб сама маці штурхнула яго ў яміну і заваліла вялікім каменем. Паскакалі княскія ганцы па ўсёй Літве, адшукалі, нарэшце, самотную жанчыну, якая так горача любіла радзіму, што дзеля яе пагадзілася ахвяраваць сваім адзіным сынам.

    З'явіліся маці з сынам на тое месца, дзе збіраліся будаваць замак, для падмурку якога ўжо была выкапаная яміна. Маці гатовая была штурхнуць туды свайго сына. Але сам юнак сумняваўся, што багі Літвы такія крыважэрныя і вымагаюць яго смерці.

    І папрасіў ён князя перад смерцю задаць жрацам тры пытанні. Калі адкажуць правільна, тады ён паверыць у волю багоў і развітаецца з жыццём без ваганняў. Князь пагадзіўся. Юнак спытаў у жрацоў: што ў свеце самае лёгкае, што самае цвёрдае і што самае салодкае?

    Жрацы параіліся і адказалі: самае лёгкае - пух, самае цвёрдае - сталь, а самае салодкае - мёд. Пачуўшы адказы, юнак прамовіў: «Самае лёгкае ў свеце - дзіця на руках у маці, самае салодкае - малако маці для дзіцёнка, а самае цвёрдае ў свеце - сэрца маёй маці, якая сама прывяла мяне сюды, каб я загінуў на вашых вачах». Князь задумаўся: «Не, не дазволю забіць гэтага юнака.

    Жывы ён прынясе Літве больш карысці, чым мёртвы!» Але ж замак трэба будаваць. Жрацы пачалі раіцца, варажыць і, нарэшце, вызначылі, што багі патрабуюць ахвяры нявіннай дзяўчыны, якая памрэ дабраахвотна. Зноў пра волю багоў было абвешчана па ўсёй Літве.

    І на Тур'ю гару паднялася нявінная дзяўчына. Яна прыбралася, як на вялікае свята: на галаве вянок з руты, а ў руках букецік палявых кветак. Дзяўчына ўкленчыла перад князем і жрацамі, а потым сама скочыла ў яміну. Ёй было зусім не шкада на карысць радзімы аддаць сваё маладое жыццё. Вярхоўны жрэц з дапамогай чараўнікоў і святароў саштурхнулі ў яміну агромністы камень.

    Але тут адбыўся цуд - камень не закрануў дзяўчыну, а толькі выбіў з яе рукі кветкі. І тут не вытрымалі сэрцы адважных рыцараў з княскай дружыны. Пачалі яны прасіць Гедыміна злітавацца над дзяўчынай. Бо памыліліся варажбіты, багі самі выявілі сваю волю - ім дастаткова букеціка палявых кветак. А жыццё дзяўчыны, якая так горача і аддана любіць сваю радзіму, патрэбна Літве. «Добра, - сказаў Гедымін, - шкада мне людскіх жыццяў.

    Багам жа хопіць і кветак. На іх і паўстане той замак, пра які я мару». Сучаснаму чалавеку складанне будаўнічай ахвяры справядліва падаецца сярэднявечным цемрашальствам. Аднак ці не большасць з нас несвядома працягвае падобныя традыцыі. Некаторыя прымхі і забабоны настолькі трывала ўвайшлі ў жыццё, што ў змененым выглядзе дзейнічаюць і дагэтуль.

    Да прыкладу, людзі і сёння, калі засяляюцца ў новую кватэру, паперад сябе пускаюць котку. Відаць, мы патаемна спадзяемся, што менавіта на яе і пяройдуць няшчасці, якія чакаюць гаспадароў на новым месцы. А пры ўзвядзенні мастоў, віядукаў будаўнікі і дагэтуль нярэдка трымаюцца старадаўняй традыцыі.

    Пры здачы гатовага аб'екта, калі яго выпрабоўваюць на максімальную нагрузку праходам цяжкой тэхнікі, пад мастом становяцца інжынер-праекціроўшчык і прараб. Гэта не прапісана ані ў якіх правілах, але ж прафесійны гонар абавязвае будаўнікоў расплаціцца жыццём за ўласныя памылкі, калі такія здарацца.

    Старадаўні жахлівы абрад адгукаецца рэхам і ў ХХІ стагоддзі. Несупакоеныя душы сярэднявечных ахвяр дагэтуль блукаюць па нашых камяніцах.

    Крыніца: http://pawet.net/library/history/bel_history/dk/38/Ахвяры_жахлівых_абрадаў.html




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz