ЛІТВІНЫ СЕВЕРШЧЫНЫ
Літві́ны Се́вершчыны — назва беларускамоўнага насельніцтва паўднёва-заходніх паветаў былой Чарнігаўскай губерні — Гараднянскага, Мглінскага, Навазыбкаўскага, Старадубскага, Суражскага і некаторых іншых. У 9 – 12 ст. гэты рэгіён быў сумежжам плямён севяран, радзімічаў і вяцічаў, насіў назву Севершчына і першапачаткова ўваходзіў у склад Чарнігава-Северскага княства.
У сяр. 14 ст. Севершчына далучана вялікім князем Альгердам да ВКЛ. Канчаткова перайшла да Расійскай дзяржавы па Андросаўскаму дагавору (1667). Упершыню ў навуковы ўжытак тэрмін літвіны адносна беларускамоўных жыхароў Чарнігаўшчыны ўвёў у канцы 18 ст. Апанас Шафонскі. П. Білецкі-Насенка у сваім "Слоўніку украінскай мовы" (1843) пісаў:
«Литвин. Житель и подданый Вел[икого] Княж[ества] Литвы. Полтавские малороссияне называют литвинами всех жителей задесенских, говорящих белорусским "наречием"».
У 19 ст. працы прысвечаныя беларусам-літвінам выдалі Г. Есімантоўскі і С. Максімаў, на пачатку 20 ст. — А. Рубец. Адным з галоўных даследчыкаў літвінаў з'яўляецца Марыя Косіч.
У 1901 годзе ў часопісе "Живая старина" друкуецца яе манаграфія "Литвины-белорусы Черниговской губернии, их быт и песни", якая ў 1902 годзе выйшла асобным выданнем.
У савецкі час беларусаў-літвінаў вывучалі прафесар П. Растаргуеў і вядомы беларускі этнограф Аляксандр Сержпутоўскі. Самі сябе літвіны называлі "рускімі" і "казакамі".
Літвіны ўсведамлялі сваё адрозненне ад вялікарускага насельніцтва ("маскалі", "кацапы" — у іхняй мове). Этнонім "беларусы" літвінамі не ўжываўся, бо на Чарнігаўшчыне ў канцы 19 – пачатку 20 ст. не было элітарнага беларускага нацыянальнага руху.
Літвіны адрозніваліся ад суседняга вялікарускага і украінскага насельніцтва этнічнымі рысамі адзення (белыя даматканыя світкі, жаночы галаўны ўбор намітка, мужчынскі — магерка), абрадамі і мовай (вельмі блізкая да гаворак Усходняй Гомельшчыны).
Моўныя асаблівасці ў сельскай мясцовасці, з-за замкнёнасці сельскага жыцця ў мінулым і аддаленасці ад вялікіх адміністратыўна-палітычных і прамысловых цэнтраў у новы час, захоўваюцца па сённяшні дзень.
Тэрыторыя былой Чарнігаўскай губерні пасля рэвалюцыі была падзелена паміж РСФСР і УССР і былыя літвіны ўсведамляюць сябе зараз адпаведна рускімі і ўкраінцамі.
Толькі невялікая частка літвінаў Чарнігаўшчыны (жыхары вёскі Казацкія Балсуны былога Суражскага павету і некаторых іншых, што ўвайшлі ў склад БССР) была далучана да працэсаў кансалідацыі беларускай нацыі.