НОС
Праз сімволіку Н. замяшчаўся сам чалавек, што яскрава ўвасобілася ў моўных клішэ накшталт “з носа па капейцы”. Адпаведны выгляд Н. пазначаў сярод іншых насельнікаў свету чалавека, і таму рытуал далучэння немаўляці да чалавечага соцыуму ўлучаў наступны момант: “Як першы раз спавівае бабка дзіця, павінна ўзяць яго за Н. і тры разы сціснуць”.
З іншага боку, характэрны выгляд Н. складае рысу стэрэатыпнага партрэта ведзьмы. Баба Яга сваім пачварным Н.чуе пах чалавека, гэтак і хадзячыя нябожчыкі вынюхваюць ахвяру.
Незвычайны Н. вылучае і Белунабога, які быцца трапляецца падарожнаму ў выглядзе старога з соплямі пад Н. Выцершы іх, чалавек мог завалодаць багаццем. Ускосна з гэтым матывам звязаны тураўскія вераванні: “Унь там, пад мостам, баба слепа і сопліва, то будзеш цоловаць ее, бо ты перві едзеш” (гл. таксама Сопуха).
Пра чалавека з пэўнымі схільнасцямі склаліся ўстойлівыя выразы: “мае мухі ў носе”, “з чмялямі ў носе” і да т. п. Н., як і іншыя часткі твару чалавека, станавіўся своеасаблівым правадніком і сігналам рознага роду паведамленняў. Сверб у Н. прадказваў падзеі пераважна жыццёвага плану – смерць ці нараджэнне.
Распрацаваны нават цэлы каляндар, дзе чыханне інтэрпрэтавалася ў залежнасці ад дня тыдня. У еўрапейскіх вераваннях чалавек чыхае таму, што яго ноздры казыча душа продка. У антрапамарфічнай мадэлі свету Н. азначае гару (сімвал сярэдзіны) і напаўняецца фалічным сэнсам.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3723