ВЯЛЛЯ, ВІЛІЯ
Адназ тых беларускіх рэк, якую згадваюць шматлікія паданні. Этымалагічна назву ракі звязваюць з і. е. *vel-/ *vil -/ * vol -, з семантыкай свету памерлых, але адначасова і з семантыкай плоднасці. Пра В. апавядае вялікая колькасць паданняў, але яны на першы погляд не складаюць сэнсавага адзінства. Тым не менш, калі спалучыць разам асобныя матывы розных паданняў, можна зрабіць дастаткова цікавыя назіранні. В. у паданнях шчыльна злучаная з вобразамі чарцей. Менавіта ім прыпісваюць паходжанне камянёў, нават і на дне самой ракі, і пагоркаў на яе берагах. Час ад часу ўказваецца, што чорт хацеў пры гэтым засыпаць ці спыніць раку.
Матывы гэткага кшталту характэрныя пры тлумачэнні, чаму рэкі зрабіліся злівістымі. Простага тлумачэння гэтаму няма, але сама назва ракі і ўзадка аднаго з паданняў, што імя красуні Вялляны (Улляны) пайшло ад яе гнуткага стану, сведчыць аб гэтай семантыцы. Безумоўна, трэба разглядаць паходжанне ўяўленняў аб сувязі камянёў з ракою яшчэ ў паганскія часы, калі на землях сучаснай Беларусі было пашырана шанаванне камянёў, у тым ліку, відаць, і ў вадзе ( параўн. Барысавыя камяні ў Дзвіне).
Гэтае пакланенне можна звязваць з богам Вялесам – Воласам, які акрамя шматлікіх інўых “ галін” апякунства быў і валадаром царства памерлых і надаўцам плоднасці. Фанетычныя і семантычныя судачыненні назвы ракі і нейкай істоты падмацоўваюць і балцкія прыклады. Літоўская назва чорта – velinas( пры velionis “памерлы” і Velines “ дзень памінання памерлых”) – паказвае невыпадковасць узгадак гэтага персанажа ў паданнях аб В. З семантыкай чорта, Вялеса і іншага свету звязаныя і іншыя матывы паданняў пра В.
Так, згадваецца, што непаслухмяныя і разбэшчаныя дачка і сын былі ператвораныя маці ў раку В. і ў камень на яе беразе з выглядам чалавека і з адбітаю маланкай галавою. У іншым варыянце чорт падбухторыў Сцяпана – краўца адракчыся ад Бога, каб з яго дапамогай дамагчыся кахання красуні Вялляны. Чорт быў забіты грамавой стралой, а Сцяпан ператварыўся ў камень.
Слёзы ж Вялляны далі пачатак рацэ. Гэтыя матывы адсылаюць нас да агульнаеўрапейскіх міфаў аб барацьбе грымотніка са Змеем ці з яго заменай іншай істотай ніжняга свету. Пэўна можна сказаць, што нават тыя паданні аб В., што дайшлі да нашага часу, сведчаць аб яе вялікай ролі ў старажытнай міфалогіі мясцовага насельніцтва ( незалежна славянскага ці балцкага) і аб яе шанаванні. Нават яшчэ на пачатку нашага стагоддзя жыла памяць аб тым, што раней раку называлі “ святой Вялікай ракой”.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/732