21 ТРАЎНЯ – МІКОЛЬНІК.
Адзін з апекуноў земляробства. У полі з’яўляліся каласкі жыта, таму ў некаторых мясцінах гаварылі: “На Івана каласок, а на Пятра піражок”. Спрыяльны дзень для пасеву агуркоў, морквы, рэдзькі, гарбузоў і інш.
“Гуркі сеём, гарбузы, шчоб доўгіе булі, бо то ж Доўгі Іван, Іван Мікульны, перад Мікулай ходзіць”. На Віцебшчыне сажалі цыбулю. На Лельчыччыне сеялі агуркі, пакуль каровы ляжаць у хляве, каб былі такімі тоўстымі, як жывёла, і трымалі ў руках качалку, каб раслі такімі ж вялікімі.
У Пінскім павеце жанчыны ў час пасадкі вышэй падбіралі спадніцы, каб ўсё вырасла высокае, і хапаліся за сваё калена, каб агародніна была тоўстая і круглая.
На Мазыршчыне на беразе ракі раскладвалі вогнішча (“купайла”), спявалі каля яго песні. Падпальвалі пукі саломы і кідалі ў плынь, каб лён добра радзіў. Там жа лічылася, што на Мікольнага Івана “арахі цьветуць і папараць”.
У Ельскім раёне “купайла” рабілі з дзяркачоў і палілі, павесіўшы на хвою. Засцерагаліся ведзьмы. Міколін Бацька адлюстраваны ў калядных і валачобных песнях:
А потым таго Міколін Бацька Із сявалачкі яр засяваець.
Первая сяўба – белы й гарошак,
Другая сяўба – ярая пшаніца,
Яра пшаніца, ўсякая пашніца.
Авёс вяцісты, ячмень пляцісты,
Ячмень пляцісты й, а гарох стручысты й,
Пшаніца бела ўдала была.
На гэты дзень прыходзіліся тыя ж указанні, што і на Барыса. Не выкарыстоўвалі коней, каб пазбегнуць у будучым няшчасных здарэнняў з імі. Іаан Багаслоў непасрэдна папярэднічаў дню Міколы і таму ў народзе іменаваўся «Міколіным бацькам».
Алесь Лозка