«КАЛЯДНЫЯ ЦАРЫ»
«Калядныя цары» – віншавальны абыходны абрад, прымеркаваны да «Шчодрага вечара» (13 студзеня). Ён з’яўляецца своеасаблівай прая¬вай лакальнай культурнай традыцыі в. Семежава Капыльскага раёна.
Абрад змяшчае элементы традыцыйнага калядна-навагодняга карнавалу і народнай драмы «Цар Максіміліян» і сфарміраваўся як своеасаблівае каляднае прадстаўленне, у якім бяруць удзел юнакі і маладыя мужчыны – «цары» і традыцыйныя мясцовыя персанажы «дзед» і «баба».
Віншавальны абыходны абрад распачынаецца з наступленнем цемры. Калядоўшчыкі ідуць з запаленымі паходнямі, што надае абраду незвычайную відовішчнасць.
«Цары» ходзяць спачатку па хатах тых аднавяскоўцаў, дзе жывуць незамужнія дзяўчаты, а потым – да астатніх. У хаце разыгрываюць невялікае жартоўнае прадстаўленне сустрэчы і бітвы «цароў», пасля чаго з’яўляецца «доктар» і «лечыць» сапернікаў, прапісваючы ім жартоўныя рэцэпты.
Пасля прадстаўлення адбываецца традыцыйнае віншаванне гаспадароў хаты і адорванне ўдзельнікаў абыходу. Абрад з’яўляецца жывой лакальнай традыцыяй і перадаецца вусным шляхам ад пакалення да пакалення.
Ён захоўвае ў сучасным выкананні ўсе першапачатковыя элементы і функцыі: сацыялізуючую, камунікатыўную, эмацыянальную, эстэтычную, выхаваўчую, і з’яўляецца яркім прыкладам беражлівых адносін да святочна-абрадавай традыцыі.
Зараз у Семежава пражывае каля 500 чалавек моладзі, якія з’яўляюцца носьбітамі традыцыйнага абраду. Усе астатнія семежаўцы актыўна падтрымліваюць традыцыю. (З фотаальбомам Калядны абрад "Калядныя Цары" можна азнаёміцца тут.
Крыніца: http://livingheritage.by/events/702/)
|