КУРЫЦА
Перадусім увасабленне жыватворнага, пладаноснага жаночага пачатку. Праз вобраз К. у фальклорнай творчасці змяшчаецца маладая на вяселлі і наагул дзяўчына, гатовая да шлюбу, нявеста : “Курака-рабушка рогоче, на сідало хоче, // Молода девонька плаче, бо с хатонькі хоче”; “Чужую курачку шчыплюць, а сваю за крылцы трымаюць”.
У варожбах па выбару К. сярод раскладзеных прадметаў (хлеб, вада, люстэрка ды інш.) меркавалі пра будучага мужа, а па тым, чыё зерне яна пачне дзяўбсці першым, - пра паслядоўнасць выхаду дзяўчат замуж. На вяселлі магічнай абрадавай стравай выступала курынае мяса; вясельны поезд, едучы да жаніха, выкрадаў у жаніха “талерку з ложкай і курыцу з ножкай”.
У беларускай міфапаэтычнай традыцыі К. уяўляецца вяшчункай. Мяркуецца, што спеў К. як усё адно пеўня прадказвае або нават наклікае бяду ці нябожчыка. Пачуўшы гэты крык, казалі: “На сваю галаву!” – і адсякалі зламыснай птушцы галаву на парозе хаты. Гэта засцерагала ад няшчасця (магчыма, такая акцыя захоўвала рэшткі першабытных ахвяраванняў хатняму духу).
Каб упэўніцца ў дрэнным знаку, К., зачуўшы яе спеў, кулялі ад кута да парога праз галаву, і калі яна трапляла на выхад нагамі, то гэта прадвяшчала менавіта смерць. Крык курэй на седале таксама не на добрае, калі К. у час сну адкідвае крыло – на бяду. Чорную К. замуроўвалі ў падмурак хаты. Існавала павер’е, калі чалавек цяжка памірае, ад яго прыбіралі падушку, бо быццам курынае пер’е перашкаджала яму.
Аднак затым К. як аналаг душы і як хатняя птушка станавілася абавязковым атрыбутам пахавальнага абраду. Ёсць меркаванне, што К. – сімвал хтанічнага жаночага пачатку, а ў восеньскіх жаночых курыных ахвярапрынашэннях у рускіх захаваліся рэлікты старажытнага культу нейкага жаночага боства, што ўвасабляла сілы зямлі і ўрадлівасці, чыімі больш познімі хрысціянізаванымі спадкаемцамі сталі Багародзіца і св. Пятніца.
Варта звярнуць увагу і на курыныя лапкі хаты Бабы Ягі. Беручы пад увагу адну з магчымых функцый Бабы Ягі – кіраваць ініцыяцыяй дзяўчат, што дасягнулі шлюбнага ўзросту, - цалкам верагоднае атаясамленне гэтай жрыцы – родапачынальніцы з К. як жыватворна-хтанічнай істотай.
У позняй перспектыве курыныя лапкі мае чорт (прыгадаем таксама былічкі пра курыныя сляды на попеле, якім абсыпае ложак маладзіца, што прымала нячыстага ў выглядзе нябожчыка-мужа).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2923
|