ЗОРКА ВАСЬМІПРАМЕННАЯ
Адзін з самых пашыраных элементаў традыцыйнага беларускага арнаменту, не мае разгорнутага этыялагічнага падання, апрача кароткага вызначэння “зорка кахання”. У беларускіх народных вырабах (ткацтве, вышыўцы, аплікацыі, разьбярстве ды інш.). З. в. кампануецца з рознымі іншымі характэрнымі фігурамі: крыжамі (простым роўнаканцовым, касым “андрэеўскім”, мальтыйскім), кругамі, ромбамі, квадратамі.
Сустракаецца шмат варыянтаў камбінацый гэтых фігур. З. в. выступае часта ўпісанай у ромбе, усечаным ромбе, квадраце, крыжы, спалучаецца з геаметрычнымі, геаметрызаванымі расліннымі, зааморфнымі і антрапаморфнымі выявамі, можа ўтвараць стужачны шляк ці засцілаць сабой усю арнаментаваную плоскасць.
Семантыка гэтай пашыранай выявы яшчэ належна не даследаваная. Яна можа быць зразумета толькі на гістарычным тле улікам усяго абшару, дзе З. в. мела пашырэнне. Арэал яе надзвычай вялікі. Яна вядомая народам Каўказа, іранцам, афганцам, таджыкам, курдам, коптам і блізкім да нас суседзям славянам, балтам, скандынавам і шэрагу іншых.
Паводле высноваў гісторыкаў старажытнасці, З. в. з’яўляецца неатрапаморфным атрыбутам багіні Іштар, сімвалам, які замяняў традыцыйную выяву багіні, знакам, які ўсюды шанавалі. Багіня Іштар была звязана з планетай Венерай (беларускай Зарніцай і Вечарніцай), яна ўяўлялася ўзброенай і магутнай, даравала перамогу цару, была апякункай і ўвасабленнем плоцкага кахання.
Выявы З. в. знаходзяць археолагі ў вельмі старажытных культурах. Відаць, самая старажытная выява знойдзена на ўсход ад біблійнага горада Ерыхона – велізарная (1,85 м) складаная таму, што даецца па прынцыпе “зорка ў зорцы”, паўтораная тройчы ў спалучэнні з іншымі элементамі. Кампазіцыя датуецца 4 – ым тысячагоддзем да н. э.
У перадгор’і Капетдага ў пахавальным інвентары паселішча індаеўрапейцаў кераміка арнаментавана З. в., якія амаль дакладна паўтараюцца ў беларускіх вышыўках, а датуецца помнік 3-ім тысячагоддзем да н. э.
Амаль як сучасныя ўспрымаюцца выявы З. в. на ўбранні воінаў з керамікі палаца персідскіх цароў у Сузе, што належаць да 500 г. да н. э. Усё гэта сведчыць пра каласальную ўстойлівасць выявы-сімвала, васьміпраменная кампазіцыя якога, магчыма, азначала значна больш, чым толькі багіню кахання, зорку кахання.
Прывабнасці і глыбокай змястоўнасці гэтага сімвала аддалі належнае ў поўнай меры і беларусы.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1952 |