ІВАН ШАПТУН (ІВАН ПАКРОЎНЫ, ІВАН ЖУРАВІННІК, ІВАН КУРАЕД, БАГАСЛОЎ, БУГАСЛАЎ)
9 кастрычніка у праваслаўных, 26 верасня у каталікоў Іван Шаптун (Іван Пакроўны, Іван Журавіннік, Іван Кураед, Багаслоў, Бугаслаў). Свахі сакрэтна шапталіся з жаніхамі пра нявест, каб 1 кастрычніка (па старым стылі) зрабіць вяселле.
Асабліва гэта было распаўсюджана ў Віцебскай губерні. Захавалася прымаўка: «Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова» (Раманаў, 1912; Крачкоўскі, 1874).
У Лельчыцкім раёне гавораць: «Іван Пакроўны перад Пакровам ходзіць» (Талстая, 1986). Па прысвятку раней арыентаваліся ў заканчэнні сяўбы азімых, завяршалі іншыя палявыя работы і пачыналі вяселлі.
«Хто не дасее да Івана Багаслова, той не варты Божага слова» (Гілевіч, 1983). «Святы Бугаслоў да буракі капаў» (Смалявіцкі раён; з валачобнай песні). На Драгічыншчыне кажуць: «Богослаў сваты розослаў, пачынаюць высілля робыты» (Талстая, 1986).
Вядомы песні:
Ах, восень, восень!
Сватоў па восем,
А ка мне ніводнага!..
Ай, восень, макрота,
Дзецюкам жаніцца ахвота...
Пры выкананні розных гаспадарчых работ, талок спявалі таксама іншыя песні, не вельмі замацаваныя за асенняй парой. У Шумілінскім раёне хадзілі па журавіны (ягады выкарыстоўвалі для лячэння многіх хвароб).
Там жа раней высаджвалі куранят, якія вырасталі да Івана Кураеда, і аддавалі іх папу. Святы апостал і евангеліст Іаан Багаслоў (пач. ІІ ст.), доўга заставаўся адзіным жывым сведкам жыцця Выратавальніка.
Алесь Лозка
|