ДЗЕДАВІЦА

НЕПАЖАДАНЫЯ ДУХІ ГАСПАДАРЧЫХ ПАБУДОЎ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    НЕПАЖАДАНЫЯ ДУХІ ГАСПАДАРЧЫХ ПАБУДОЎ

    Частку сядзібных пабудоў займаюць Духі, без якіх беларус абышоўся б, але вымушаны цярпець іх. Гэта Ёўнік, Пуннік і Лазнік. Ёўнік жыве ў ёўні, у печы ці на печы або на сушыльнай жэрдцы і толькі зрэдку падыходзіць да акна, каб выхаркаць пыл і сажу. Яшчэ радзей пераступае ён ганак сушні, каб агледзець ток, сцірты снапоў, накіраваць ці адхіліць вецер, неабходны ў час веяння збожжа.

    У тых выпадках, калі ў ёўню заходзяць непатрэбныя тут асобы, Ёўнік узнікае ў розных месцах ёўні і палохае прышэльцаў. Калі ж у ёўню прыйшоў ненавіснік Ёўніка, то ён пільна сочыць за ім, каб, счакаўшы хвіліну, нагнаць дыму, удушыць чадам і нават спаліць разам з дабром, што тут захоўваецца.

    Пры міралюбных адносінах Ёўнік клапоціцца, каб правільна палілася сушыльная печ і сушыліся снапы і зерне, не ломіць саломы, пасылае патрэбны для веяння скразняк, дапамагае, спорыць работу. Ёўнік па начах замятае гумно, вее зерне, надае яму «спорню», а ў разумных гаспадароў нават малоціць ранкам.

    Але калі прагнявіць яго, то ён пачне кідаць снапы ў агонь і паліць ёўню. Калі сушня служыць і для першапачатковай апрацоўкі пянькі і лёну, Ёўнік таксама дружалюбна служыць ля мялкі і трапалкі, хоць і не пераносіць смуроду адмочанай і адлежанай пянькі і лёну. Вельмі падабаецца Ёўніку, калі сушня замяняе лазню: тут у яго ёсць адзіная магчымасць змыць сажу і пыл.

    Калі Ёўнік прымае бачны вобраз, то ўяўляе чалавекападобную масу. Знешне ён чорны — ад пастаяннага дыму з печы без коміна — толькі вочы як вугалі гараць. Сажа, пыл, павуціна, наліплая мякіна з-за .паўзмроку ў сушні не даюць магчымасці разгледзець асобныя формы. Але Ёўнік пераважна застаецца нябачным.

    Ёўнік не баіцца простага агню, і пажар у ёўні з-за людской неасцярожнасці мала трывожыць яго. Калі пачынаецца пажар, ён выходзіць са свайго жытла і спакойна назірае за тым, што адбываецца, а пасля пажару і адыходу людзей залазіць у печ, на абгарэлае бервяно, і тут жыве, пакуль не адбудуецца новая ёўня, куды адразу і пераходзіць.

    Небяспечны для Ёўніка пажар ад маланкi. тут нярэдка Ёўнік гіне ад нечаканасці грамавога ўдару. Мякінны пыл легка ўспрымае полымя, і Ёўнік згарае, не пакідаючы пасля сябе ні пылінкі. Калі гэта здарылася з адным Ёўнікам, другі не пойдзе ў ёўню, адбудаваную на тым самым месцы: ёўня застаецца без Ёўніка.

    Калі ў ёўню кладуць снапы для прасушкі, то кідаюць сноп у агонь. Пасля заканчэння малацьбы таксама пакідаюць сноп жыта ў ёўні, каб Ёўніку было чым заняцца. Аб гаспадарскім сене клапоціцца Дух, які жыве ў пуні. Таму і завуць яго Пуннік. Пуннік не такі брудны, як Ёўнік: на ім няма слоя сажы, але хапае пылу і смецця ад сена і трухі. Ён таксама пакрыты запыленымі ніткамі павуціны.

    Бачнае аблічча прымае, пакуль у пуні ёсць сена, а калі прымае, то толькі выглядае чалавекападобнай істотай; у ім хутчэй можна пазнаць ахапак дробнага забруджанага сена, чым жывое стварэнне. Звычайна Пуннік нябачна сядзіць на кроквах, бэльках, назіраючы за тымі, хто заходзіць у пуню, завозіць ці забірае сена.

    Пуннік цешыцца сцэнамі гульняў і сутыкненняў моладзі, валтузнёй і віскам катоў, калі яны ловяць мышэй, і цярпець не можа, калі ў гнёздах выводзяцца птушкі. Дзетак і паасобных прахожых Пуннік звычайна палохае ненатуральным аханнем, хрыпам і свістам ці жаласным енкам праз шчыліны і шматлікія адтуліны пуні. Гэта прыносіць яму немалую асалоду.

    Пуннік туліцца не толькі ў сядзібнай, але і ў лутавой, і лясной пуні, абы толькі яна мела страху і кроквы: любая макрэча, у тым ліку і ад дажджу праз страху, дзейнічае на Пунніка разбуральна. Ён паволі марнее, хоць і не даходзіць да пагібелі. Гіне Пуннік ад удару грому ці ў агні, калі пуня загарэлася ад маланкі. Як і Ёўнік, ён ператвараецца тады ў пыл. Лазню займае Нядобры Дух — Лазнік, які выглядам нагадвае Вадзяніка.

    Ён жыве пад палком. Лазнік любіць парыцца і мыцца. Дзеля гэтага яму пакідаюць венік і ваду. Мыецца ён звычайна пасля поўначы і таму злуецца, калі хто-небудзь застаецца да гэтага часу ў лазні. Тады ён кідаецца смеццем, нават камянямі, а пры выпадку можа нават загубіць парушальніка спакою.

    Лазнік больш злосны за іншых сядзібных Духаў і цярпець не можа гультаёў, а тым больш — несвоечасовых наведвальнікаў. Іх ён палохае ненатуральным храпам, шыпеннем, пайменнымі заклікамі, віскам, стукам у сцяну, варочаннем камянёў у лазні на каменцы, рогатам. Зларадны рогат пужае запозненых у лазні жанчын, вымушаных уцякаць голымі. Не пазбегнуць пужання Лазніка і тым, хто задумаў бы мыцца ў лазні пасля поўначы.

    Памыўшыся ў лазні і ўлагоджваючы Лазніка, гаспадары пакідаюць Духу вядро вады і венік і кажуць: «Табе лазня на стаянне, а нам на здароўе». Нямала непакою прыносіць Лазніку першапачатковая апрацоўка пянькі і лёну, калі іх мнуць і трэплюць, а таксама папярэдняя сушка ў самой лазні. Тады Лазніку даводзіцца пераносіць смурод і пыл ад падгнілай кастрыцы. Калі гэта зацягваецца надоўга, Лазнік яшчэ больш злуецца на наведвальнікаў, якім, бывае, помсціць пажарам у лазні.

    Ёўнікі, Пуннікі і Лазнікі — няпрошаныя сядзібныя госці, без якіх лёгка абысціся, а таму пры пераходзе ў новыя збудаванні іх звычайна не запрашаюць, як Хатнікаў і Хлеўнікаў, яны самі набягаюць туды. Але марнеючы ад вымушанай бяздзейнасці, назойлівасці недарэчных і непатрэбных наведвальнікаў, гэтыя Духі часам раптоўна пакідаюць будыніну, дзе жылі.

    Такі зыход Духа суправаджаецца пагібеллю ці разбурэннем пакінутага прытулку — ён згарае, раскідваецца бураю ці ў ім правальваецца страха, столь, печка, крывіцца сцяна. У падпраўленае збудаванне Дух ужо не ўвойдзе зноў

    Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/36.htm




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz