КОНЬ
Адна з самых шанаваных жывёл у беларускай міфалогіі. Яго вобраз актыўна выкарыстоўваўся ў касмалогіі і ў кульце продкаў, у міфалогіі ён быў звязаны з трыма галоўнымі сацыяльнымі групамі грамадства: святарамі, ваярамі, земляробамі (гэтыя групы Ж. Дзюміель прасочвае ва ўсіх індаеўрапейскіх культурах).
Вялікая роля належала гэтай жывёле ў абрадах варажбы. Сярод касмалагічных вобразаў беларускай міфалогіі перш за ўсё трэба адзначыць сувязь К. з сонечным богам Ярылам, апісанні вясновых абрадаў ушанавання якога ў беларусаў былі зробленыя ў XIX ст. Апранутую ва ўсё белае дзяўчыну 10 траўня (н.ст.) саджалі на белага К., які быў прывязаны да слупа, і спявалі песні ў гонар Ярылы.
У сувязі з гэтым можна казаць, што К. быў сімвалам сонечных багоў, як, напрыклад, Ярылы. Гэткае супастаўленне Бога Сонца і К. з’яўляецца агульнаіндаеўрапейскай міфалагічнай асаблівасцю. Салярная сімволіка, звязаная з вобразам К., добра бачная і ў палескіх рытуалах купальскага цыкла.
Тут мы сустракаем тую ж абрадавую парадыгму – збіванне конскага чэрапа са слупа і яго спальванне ці спальванне костак коней, кароў, авечак на Івана Купалу, што на Палессі мела назву “спальваць ведзьму”. Такія слупы з прыбітымі да іх коламі, якія, безумоўна, былі сімваламі Сонца, вядомыя падчас Купалля ў многіх мясцінах Беларусі.
Той жа вобраз К., які прывязаны да слупа (з вершнікам ці без яго), рэпрэзентуе беларускія народныя астранамічныя ўяўленні. Амаль ва ўсіх славянскіх народаў сустракаецца назва Палярнай зоркі – Кол-зорка, якая разумеецца як слуп, што злучае зямлю і неба, вакол яго абарачваюцца ўсе астатнія зоркі, Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы ў беларусаў, асабліва на поўначы краіны, мела назву К., ці Калясвіца (Кола).
Гэтаксама і чарадзейная казка ўтрымлівае падобны касмалагічны вобраз. Адзін з найбольш распаўсюджаных матываў, якія даюць зачын казкам: людзі заўважаюць, што нехта крадзе сена са стога каля дуба. Герой казкі, які ўначы сцеражэ стог, заўважае, што гэта кабыліца, якая час ад часу апісваецца як сапраўды цудоўная жывёла: па баках у яе зоркі, яна носіць героя па ўсім небасхіле ды інш.
Менавіта ад гэтай кабыліцы герой атрымлівае жарабя, якое потым выконвае усе цудадзейныя даручэнні героя. Як і ў іншых індаеўрапейскіх міфалогіях, на К. ці на калясніцы ездзяць і некаторыя багі, перш за ўсё Пярун, бог навальніцы і маланкі. Боства на К. – звычайны вобраз для ўсіх індаеўрапейскіх міфалогій. Пазней і частка хрысціянскіх святых, вобразы якіх звязаны з паганскімі багамі, таксама стане ездзіць на К.
Асабліва цесна звязаны з К. св. Юры (Юрай, іЮр’я), які лічыўся апекуном К. Яго свята адзначалася 6 траўня н. ст. і лічылася, што ў гэты дзень св. Юры зацінае зубы ваўкам, каб яны не елі К. Менавіта ўладальнікі К. асабліва шанавалі св. Юр’я, ад чаго пайшла і прымаўка: “Каня не маю – Юр’я не знаю, каня маю – Юр’я знаю”.
Прысвечанае гэтаму святому свята сваімі старажытнымі каранямі звязана яшчэ з паганскімі ўяўленнямі аб надыходзе вясны, таму даследнікі лічаць, што св. Юры замяніў вобраз Ярылы ці блізкага яму боства. Таксама з вобразам К. быў звязаны ў беларускай міфалогіі і св. Ягорый, свята якога лічылася “конскім святам”.
Вялікі ўплыў на вобраз К. у беларускай міфалогіі зрабіла тое, што калісьці гэтая жывёла была звязаная з усімі асноўнымі сацыяльнымі пластамі старажытнага насельніцтва (святарамі, ваярамі і земляробамі), якое шырока выкарыстоўвала К. у сваёй дзейнасці. К. быў важным элементам сялянскай працы.
Адсюль частыя апісанні К. у беларускім фальклоры, прычым са старажытных часоў захаваліся міфалагічныя рысы яго вобраза. К. стаў адным з самых улюбёных персанажаў песняў, прымавак і прыказак. Калі ў пачатку I тыс. Н. э. на сучасных беларускіх землях была засвоена верхавая язда, К. зрабіўся сімвалам варства, хутчэй іх вярхушкі, бо выхаваць спецыяльна падрыхтаванага для вайны К. было цяжкай і дарагой справай.
У выніку ён увайшоў у ваярскую міфалогію. У часы позняга Сярэднявечча вобраз К. не страціў свайго месца ў фальклоры ваяроў, проста змяніліся галоўныя героі – так, К. выступае ў песнях аб казаках. Яшчэ ў старажытнасці К. граў вялікую ролю ў рэлігійных абрадах, якія выконваліся святарамі.
Мы ведаем свяшчэнных К. бога Светавіта ў палабскіх славян. Чэхі і іншыя славянскія плямёны прыносяць К. у ахвяру сваім багам. Нездарма менавіта К. выконвае прадказанне святара кіеўскаму князю Алегу. Ад старажытнасці ідуць абрады варажбы з абавязковым удзелам К. і ў беларусаў. Можна казаць і аб сувязях вобраза К. у беларускай міфалогіі з шанаваннем продкаў ці з уяўленнямі аб памерлых.
Так, у вядомым летапісным урыўку аб нашэсці наяў у Полацку яны пакідалі пасля сябе конскія сляды. Часта гэтая згадка трактуецца так, што наўі ездзілі на К. (ці не сведчанне абрадам пахавання К. разам з чалавекам, які асабліва быў пашыраны ў балцкіх плямёнаў?).
Але можна прыгадаць і згадку Нікіфараўскага наконт веры беларусаў, што душа памерлых трапляла ў К., і таму на К. не працавалі некалькі дзён пасля смерці чалавека. Беларуская міфалогія захавала і асобныя вобразы, звязаныя з культам К. Да іх належаць Вазіла, Кумяльган, гарцукі, Дзікае паляванне ды інш.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2712
СІЎКА, БУРКА ДЫ ЯШЧЭ І КАУРКА
04.02.2009
Конь — адзін з найбольш шануемых персанажаў беларускай міфалогіі, вуснапаэтычнай спадчыны і абрадавай практыкі нашага народа. У казачнай прозе рускіх, украінцаў і беларусаў можна сустрэць устойлівы паэтычны вобраз каня незвычайнай масці: “Сіўка-Бурка, вешчая каурка, стань перада мной, як ліст перад травой!”.
У гэтай мастацкай мініяцюры як у кроплі вады адлюстравана ўся гісторыя стасункаў чалавека і прыручанай жывёліны. Гісторыкі культуры і развіцця цывілізацыі сцвярджаюць, што конь быў цесна знітаваны з трыма грамадскімі супольнасцямі: воінамі, земляробамі і святарамі. Аднак кожная з гэтых супольнасцей аддавала перавагу пэўнай масці коней, што з цягам часу стала ўспрымацца тоеснымі сімваламі.
Кауры конь неаддзельны ад вобраза абаронцы, воіна. Земляроб аддаваў перавагу бураму каню, а сівы конь быў знакам саслоўя валхвоў, а пазней святароў. У такім разе, калі казачны герой звяртаўся па дапамогу да каня адразу трох масцей, то, зразумела, ён прасіў дапамогі ў прадстаўнікоў трох асноўных сфер жыццядзейнасці грамадства.
Міфалагічны і казачны конь — гэта сімвал часу, вечнасці, непадзельнасці космасу, гэта найбольш надзейны пасрэднік паміж светам жывых і светам памерлых, паміж небажыхарамі і людзьмі. Менавіта таму якраз на сівым-белым кані прыязджае на зямлю Юрый і адмыкае “зямліцу”, выпускае на свет Божы “расіцу гаючую”.
l Сувязь каня з вышэйшым светам стала падставай для вераванняў у тое, што конь надзелены інтуіцыяй і можа прадказваць лёс свайго гаспадара. Напрыклад, калі гаспадар збіраўся ў дарогу, а ўжо запрэжаны конь пачынаў фыркаць або біць зямлю капытамі, то гэта ўспрымалася нядобрым знакам.
l Па паводзінах каня прадказвалі стан надвор’я: — конь часта фыркае — прадказанне хуткага дажджу; — конь храпе або закідвае галаву ўверх — будзе непагадзь.
l Асаблівай павагай карыстаўся конь у абрадавай практыцы беларусаў, перш за ўсё на вяселлі і пахаванні. Вясельнага каня ўпрыгожвалі рознакаляровымі стужкамі, кветкамі, да дугі мацавалі званочкі, а на шыю надзявалі шархуны, якія павінны былі адганяць нячыстую сілу.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=29188