ЛЕСАВІК
Лешы, лесавік. Валера Славук.
Вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў; гаспадар лесу і звяроў, які жыве ў лясных нетрах; тое, што і лясун.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/16386
ЛЕСАВІК, ДАБРАХОТ, ДАБРАХОЖЫ, ВЕРАСОВЫ ДЗЯДОК, ЛЕШЫ, ЛЯСНЫ ДЗЕД, ЛЯСНЫ ХАЗЯІН, ЛЯСУН, ЧАСНОЙ ЛЕСА
У беларускай міфалогіі дух – увасабленне лесу як часткі прасторы, патэнцыйна чужой чалавеку. Кожны лясны масіў мае свайго гаспадара – Л., які апякуецца ўсімі звярамі і птушкамі (ратуе іх ад пакжару, паляўнічых і г. д.). Л. пры неабходнасці мае здольнасць павялічвацца (у лесе) і памяншацца (у полі) у памерах. Выразна прасочваецца сувязь Л. з левым бокам (левым крысом захінае правае, левая пятка наперад і г. д.)., што падкрэслівае яго апазіцыйнасць да сферы штодзённага жыцця чалавека. Дваістае стаўленне да Л. тлумачыцца як шкодай з яго боку (можна прымусіць блукаць, напалохаць чалавека, пазбавіць паляўнічай здабычы), так і дапамогай. У замовах Л. (“правялікі пан”, “справядлівы”, “цар грозны”) фігуруе як выратавальнік ад урокаў, крыксаў, згубы скаціны і нават нячыстай сілы. За паслугу з боку чалавека Л. можа надаць яму знахарскія здольнасці і спрыяць у лясных промыслах. З мэтай дасягнуць апошняга яшчэ ў канцы XIX ст. Л. прыносілі ахвяры; паляўнічыя, як і моцныя чараўнікі (Вяліжскі пав.), маліліся ў лесе. Прасочваецца сувязь Л. з іншымі міфалагічнымі персанажамі. Будучы братам хатніку і палявіку, Л. выконвае ролю пастуха ваўкоў у дзень св. Юр’я або часам атаясамліваецца з апошнім. Вобраз Л. быў распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, і вера ў яго служыла ўсталяванню своеасаблівай экалагічнай раўнавагі паміж Чалавекам і Прыродай (Лесам). Пад уплывам хрысціянства рысы незвычайна злога і шкаданоснага нячысціка.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/3103