МЯЖА, ЯКОЙ НАЛЕЖЫЦЬ БЫЦЬ ЧЫСТАЙ
Вядома, што ў космасе сялянскага жытла акну выдзялялася выключнае месца. Акно — вакно — (рускае — “окошко”) было вокам хаты, з аднаго боку, якое “глядзела” ў “той” свет, з другога — выступала ў якасці сакральнага канала сувязі з небам, таму вакол яго сфарміраваўся цэлы комплекс уяўленняў, рэгламентацый, абрадавых забаронаў і прадпісанняў.
Як меднымі манетамі закрывалі вочы памерламу бацьку, так і гаспадар закрываў на ноч вокны аканіцамі. У сувязі з тым што акно магло стаць тым сімвалічным шляхам, па якім нячыстая сіла магла трапіць ва ўнутраную прастору хаты, вакол яго была ліштва, дэкаратыўнае аздабленне якой поўнілася сакральнымі элементамі традыцыйнага народнага арнаменту.
У народных павер’ях акно ўспрымалася як выхад (шлях) для нячыстых духаў, смерці. Паўсюдна птушка, якая заляцела ў акно, прадказвала дрэнныя весткі. Дрэнным прадказаннем было і тое, калі птушка стукалася дзюбай у шыбу. Менавіта таму функцыя акна была найбольш вызначана ў структуры пахавальнага абраду.
Калі паміраў чалавек, на вокны вешалі белы ручнік. Тое ж самае рабілі і ў дні ўшанавання памерлых на працягу года. Калі чалавек паміраў цяжка, вокны абавязкова адчынялі. Калі гаспадары пакідалі хату, вокны абавязкова трэба было закрыць, як закрывалі вочы памерламу: іх забівалі шырокімі дошкамі крыж-накрыж.
Такія дзеянні перасцерагалі хату, каб у ёй не пасялілася нячыстая сіла. Праз вокны адбываліся так званыя стасункі з душамі продкаў у дні ўшанавання продкаў на працягу года (Дзяды): існавала павер’е, што ў такія дні, калі глядзець у акно з вуліцы ў хату, можна ўбачыць сваіх памерлых сваякоў.
У дзень пахавання або ў дні ўшанавання продкаў на акно клалі першы блін для душ памерлых. Паўсюдна быў распаўсюджаны звычай ставіць на падаконнік кружку з вадой, каб душы памерлых, калі наведваюць родную хату, маглі памыцца ў гэтай вадзе. Кружку з вадой ставілі на дзевяты, саракавы дзень, год пасля смерці, у іншыя дні ўшанавання памерлых.
У культуры ўсходніх славян акно супрацьпастаўлялася дзвярам. Яно было “нерэгламентаваным” выхадам для таго, каб “падмануць” нячыстую сілу, смерць, хваробы і г.д. Калі ў сям’і “не гадаваліся” — паміралі дзеці, то немаўля, каб пахрысціць, перадавалі праз акно. Менавіта праз акно выносілі памерлых, якія былі нехрышчонымі (звычайна, немаўлят), людзей іншага веравызнання, самазабойцаў.
Паўсюдна лічылася, што гэты шлях (выхад з акна) павінен быў заўсёды быць “чыстым” і надзяляўся асаблівай святасцю. Акрамя гэтага існавала павер’е, што пад вокнамі стаіць анёл, які захоўвае хату і ўсіх яе жыхароў.
Таму праз акно катэгарычна забаранялася пляваць, выкідаць смецце, выліваць брудную ваду і г.д. Праз акно ажыццяўляўся дыялог паміж гаспадарамі хаты і калядоўшчыкамі ці валачобнікамі ў святочныя дні.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=30702