АНЁЛ
Анёл (з грэч. – веснiк, пасланец, ганец) – пасланiк Нябёсаў, прызначаны ахоўваць людзей цi асобнага чалавека, пасрэднiк памiж Богам i чалавекам. Іконаграфiя дапамагла стварэнню вобраза анёла ў народнай культуры.
Анёл уяўляўся маладым, прыгожым юнаком са светлымi доўгiмi валасамi, якi лятае над зямлёй на белых крылах. Часам ён апрануты ў белае, часам – у залачонае адзенне i трымае ў руках посах, скрутак.
Часцей за ўсё ў народных уяўленнях анёл – нябачная iстота, якая лунае над чалавекам. Па народных павер’ях, «зоры – гэта акенцы, праз якiя глядзяць на свет белыя анёлы. Колькi людзей на свеце, столькi i анёлаў.
У кожнай жывой душы ёсць свой анёл-ахоўнiк. Як народзiцца чалавек – i новага анёла дасылае Бог, каб сцерагчы яго ад грахоў, ад ашуканства нячыстай сiлы.
Зробiць анёл новае акенца, сядзе каля яго i назiрае – не адводзiць вачэй ад даверанага пад яго апеку. А сам кожную справу зямную ў кнiгу нябесную запiсвае.
А людзям здаецца, што гэта ўсё зоры мiгцяць! Памёр чалавек – зачыняецца акенца, падае яго зорка з нябёсаў на зямлю. У народным асяродку да з’яўлення ў чалавека анёла-ахоўнiка ставiлiся па-рознаму.
Найбольш шырока было распаўсюджана меркаванне аб тым, што душу ў нованароджанага ўкладае Гасподзь яшчэ ў час унутрыўтробнага развiцця, а значыць, ужо на працягу ўсёй цяжарнасцi мацi, дзiця ахоўвае яго анёл.
Iснавала i такое ўяўленне, што анёл да чалавека прылятае ў дзень яго нараджэння, з яго першым самастойным подыхам, вядзе па жыццi i ў момант смерцi стаiць пры галаве, каб потым забраць яго душу да Бога на нябёсы.
Па хрысцiянскiх уяўленнях лiчыцца, што да хрышчэння дзiця пазбаўлена душы, а значыць, не мае свайго анёла-ахоўнiка. (Цi не таму, па народных уяўленнях, дзiця патрабавалася ахрысцiць як мага раней?).
Лiчылася, што дзiця «размаўляе» з анёламi да таго часу, пакуль у яго не зарасце радзiмец. Пасля гэтага дзiця ўжо не памятае, што яму распавялi анёлы, i ён пачынае размаўляць з людзьмi.
Па народных уяўленнях, у кожнага чалавека ёсць свой анёл i свой злы дух. Яны пастаянна спрачаюцца памiж сабой, адзiн дапамагае, другi – шкодзiць: анёл ахоўвае ад зла, а чорт схiляе да грахоў.
Калi чалавек робiць добрыя справы, анёл-ахоўнiк задаволены, калi ж чалавек грашыць – анёл плача i пакутуе. Нездарма добрыя якасцi чалавека прыпiсвалi яго моцнаму анёлу-ахоўнiку, а пра дрэннага, апантанага чалавека казалi, што «ў iм пасялiўся сатана».
Пра чалавека, якi трапляў у складаныя жыццёвыя становiшчы i выходзiў з iх з гонарам, казалi, што ў яго моцны анёл-ахоўнiк, якi яго выратаваў. Добры дух, добры анёл знаходзiцца над правым плячом чалавека.
Сатана-спакусiцель, злы, цi падшы анёл – над левым плячом. Таму ў абрадах, якiя выконвалi ачышчальную функцыю, дзеяннi неабходна было выконваць на левы бок i праз левае плячо: тройчы плюнуць, вылiць гарэлку, якую прапаноўвалi выпiць маладым калi яны вярталiся ў дом бацькоў пасля вянчання i г.д.
Лiчылася, што ў вялiкiя святы цi ў днi ўшанавання продкаў анёлы за рукi прыводзяць душы памерлых, падводзяць да вокнаў, каб тыя зiрнулi ў хату i ўбачылi, як жывуць iх дзецi i ўнукi.
Так з’явiлася строгая забарона вылiваць брудную ваду, выкiдаць смецце, пляваць i г.д. праз вокны. Калi выходзiлi з хаты ў дарогу, трэба было абавязкова паклiкаць з сабой анёла-ахоўнiка: «Анёл мой, пойдзем разам са мной, ты – наперадзе, а я – за табой».
Нашы продкі лічылі, што ў час сну чалавека "ахоўваюць" анёлы-ахоўнікі: яны гуляюць па хаце і пужаюць нячыстую сілу. Таму ўвечары ў хаце неабходна было абавязкова падмесці падлогу, каб "анёлам было чыста гуляць".
Аксана Катовіч, Янка Крук. Крыніца: http://www.belarus.kz/kultura/abradnyja_simvaly
У народнай культуры дзеці да трох год лічыліся анёламі. Забаранялася на іх крычаць, казаць дрэнныя словы, біць. (
Скрыпка Сава – жыхар в. Кажушкі)
|