КРАМЕНЬ І КРЭСІВА
Прылады для здабывання (“высякання”) агню, надзеленыя ў народных уяўленнях шэрагам магічных уласцівасцяў і высокім сімвалічным статусам. З дапамогай крэсіва выклікаюць духаў.
Паводле археалагічных дадзеных, К. і к. на тэрыторыі Беларусі вядомыя з часоў жалезнага веку і ў рытуальным аспекце былі звязаныя з культам бога Грымотніка ў ягонай ваяўнічай іпастасі, што знаходзіць сваё пацверджанне ў беларускім фальклоры, дзе само з’яўленне К. і к. суаднесена са сферай сакральнага.
Так, паводле падання, зафіксаванага на Случчыне, К. і к. даў людзям Бог, каб яны маглі здабываць агонь. Сярод археалагічных знаходак сустракаюцца крэсівападобныя падвескі з серабра, бронзы, жалеза, якія з’яўляюцца сімваламі ахвярнага агню. Такія падвескі-амулеты вядомы ў скарбах.
Паводле павер’яў, яны ахоўваюць каштоўнасці. У шэрагу чарадзейных казак (“Няшчасны Егар” ды інш.) галоўны герой атрымлівае К. і к. ад прастаўніка “тагасвету” (“чудовішча-старыка”) у якасці магічнага сродку, звязанага з вайсковай сферай, які дазваляе яму перамагчы ворагаў: “Як секануць, то пасыплецца сіла – конніца і пяхота, і разныя сільныя багатыры” (Смаленская губ.).
У іншай казцы герой у лясной хатцы знаходзіць кісет з К. і к. Ён чыркае імі, і імгненна выскокваюць 12 малайцоў, гатовых задаволіць кожную ягоную просьбу. Суаднесенасць К. і к. з богам Грымотнікам, стыхіяй нябеснага агню выяўляецца і ў тым, што яны з’яўляюцца абярэгам, “зброяй” супраць нячыстага (чорта) і выступаюць у замовах як дзейсны сродак супраць пэўных хваробаў: рожы, каўтуна, ліхаманкі, сурокаў ды інш.
Так, напрыклад, над чалавекам, хворым на рожу, патрэбна красаць К. і к., прыгаворваючы: “Красаю, б’ю, тну, высякаю, агонь здабываю. Як тут агонь сыплецца, каб тая рожа высыпалася” (Слуцкі пав.).
У замове супраць сурокаў падобная ачышчальная дзея адбываецца ў міфалагічным цэнтры Сусвету: “На моры, на акіяне сядзіць старушка на камяні з вогніцаў, з крамянцом: суроцы, уроцы адсякае” (Магілёўская губ.).
Шырокае выкарыстанне К. і к. у “памежных”, канфліктных сітуацыях паміж чалавекам і “іншасветам” (напрыклад, хвароба) вынікае з памежнага статуса саміх прыладаў, дзе крамень – выраб культуры.
Невыпадкова, што ў такой “пераходнай” сітуацыі, як смерць, К. і к. з’яўляліся аднымі з важнейшых пахавальных атрыбутаў. На Беларускім Палессі звычай класці К. і к. у дамавіну нябожчыка захаваўся да XX ст.
Адначасова К. і к. маглі з’яўляцца і атрыбутамі міфалагічных персанажаў, як правіла, не варожых чалавеку, - напрыклад Хлеўніка.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2752
|