ЖАЛОБА ЎСІХ ПАКАЛЕННЯЎ
Галашэнні.
Адной з самых важных складовых частак пахавальнага абраду і абрадаў, звязаных з ушанаваннем продкаў, з’яўляюцца галашэнні па памерлых — жанр, які ўвабраў у сябе жалобу ўсіх пакаленняў людзей з нагоды бяды — смерці роднага чалавека.
l Галашэнні былі пабудаваны на дыялагічнай аснове. Сваякі памерлага звярталіся да яго з рытарычнымі пытаннямі-зваротамі:
на каго ж ты нас пакінуў?
чаму не возьмеш нас з сабой?
як нам надалей жыць без цябе?
“А мой ты татулечка, а мой ты родненькі!
А як ты нас пакідаеш, няшчасных i бедных сіротачак?
Як ты жыў, то ты за нас, бедных, заступаўся да за нас занімаўся,
А хто цяпер за нас, бедных сіротачак, займецца да заступіцца?”
“А мая мамачка, а мая мілая,
А прабачай мяне, што я рэдка цябе адведвала.
Я ж далёкая, я ж адзінокая, з малымі дзеткамі.
А мая мамачка, чаму ж ты не адзываешся?”
“Яблачка мае недаспелае, ягадка мая недазрэлая!
Дзетанька мае міленькае, дзетанька мае любенькае!
Лісточак мой зялёненькі, цвяточак мой чырвоненькі!
Без пары ты адпадаеш, а мне пячаль пакідаеш”.
* Унікальнасць галашэнняў была ў тым, што яны дапамагалі чалавеку развітацца з негатыўнымі эмоцыямі і тым самым ураўнаважвалі псіхалагічны стан і таго, хто галасіў, і тых, хто прысутнічаў побач.
* Аднак у той жа час у народнай культуры існавала строгая забарона галасіць пасля заходу сонца.
У народзе існавала глыбокая перакананасць, што ўсе слёзы, якія будуць выплаканы пасля заходу сонца, памерлы будзе насіць за плячамі ў вялікім мяху або апынецца замест Нябёсаў у падзямеллі, дзе цёмна і непрыемна.
Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=20333