ЗАКЛЯТЫЯ СКАРБЫ
Скарб, за малым выключэннем, з'яўляецца дабром крадзеным, здабыты разбоем і рознымі няпраўдамі. Калі ж ен і здабыты без крыві, дык у набыцці яго зазвычай мелі месца прагнасць і сквапнасць. Па гэтай прычыне на скарбах ляжыць прамы і ўскосны праклён, які, уласна, і губіць тых, хто знаходзіць скарбы. Многія памыляюцца, калі ахоўнікамі скарбаў лічаць Лесуноў і Пушчавікоў.
Безумоўна, у лясах і пушчах схавана шмат скарбаў, але наўрад ці менш схавана іх на сядзібных участках, у палях і лугах, у лагчынах і розных вадаёмах, куды ні Лесуны, ні Пушчавікі не могуць нават заходзіць. Сховішчы скарбаў маюць асобных гаспадароў — Кладнікаў. Скарбы бываюць заклятым!" і незаклятымі. Незаклятым без перашкоды можа пакарыстацца кожны, хто знойдзе яго.
Заклятымі ж авалодаць няма магчымасці, бо той, хто закапаў, закляў яго, вызначыў умовы, пры якіх можна дастаць скарб. Закляцці робяцца звычайна ці на бацьку, ці на маці таго, хто адкопвае скарб. Уласцівае простаму люду пачуццё любові і павагі да бацькоў і страх пазбавіцца іх спыняюць гатовага адважыцца на пошукі скарбаў чалавека.
Не ведаючы, пад якім закляццем скарб захоўваецца, ніколі не дастанеш яго, і чым болей будзеш капаць, тым глыбей скарб будзе ўваходзіць у зямлю. Поўныя катлы і скрыні грошай, што спрадвеку ляжалі ў зямлі, калі выходзяць на свет, маюць уласцівасць змяняцца ў чалавечыя, а таксама ў звярыныя постаці з чыстага золата.
Яны могуць мець розны выгляд: старога, каня, сабакі і іншых жывёл. Часам варта здагадацца — штурхнуць старога ці ўдарыць каня, і скарб рассыплецца. У адным ляску падарожнікам паказваюцца розныя постаці: то старой бабы, то звера. Тая баба звычайна бывае апранута ў белую сярмягу і чырвоную хустку. Гэты яе строй азначае срэбра і золата. Калі відаць дзе сярод ночы агонь на балоце або на полі, то гэта Кладнік перасушвае скарбы, закапаныя ў зямлі.
Калі агонь чырвоны — то золата, а калі белы ці блакітны — то срэбра. Заклятыя скарбы ляжаць у зямлі столькі год, на колькі закляў іх той, хто закопваў. Як толькі яны вылежаць сваю пару, то выходзяць наверх і паказваюцца выпадковаму шчасліўцу. Калі той чалавек спалохаецца, то скарб зноў іДзе ў зямлю на столькі год, колькі Да гэтага ляжаў.
Чараўнікі вучаць, што можна здабыць скарб з дапамогаю залатых ножак вужынага Гаспадара. На Купалле, калі ўсе вужы збяруцца да свайго Гаспадара, трэба прыкмеціць, як будзе паўзці Гаспадар, і разаслаць перад ім белую хустку. За такі гонар Гаспадар вужоў абатрэ свае залатыя ножкі аб хустку. 3 гэтай хусткаю і можна адшукваць скарбы.
Адзін гаспадар збудаваў новую хату, але сям'я баялася ў ёй начаваць, бо як надыходзіла ноч, выходзіў з-пад печы баран і казаў: — Выйдзь! Выйдзь! Выйдзь! Сям'я, напалоханая, не ведаючы рады, уцякала з хаты.
Аднаго разу прыйшоў да іх падарожны і просіцца:
— Гаспадарыку, прымі мяне нанач.
— Я бы рады, ды сам у гумне начую, бо мяне ў хаце нешта страшыць.
— Нічога, я ў хаце буду начаваць.
— Добра. Пайшоў той падарожны ў хату, запаліў лучыну, лёг на печы і ляжыць.
Як лучына згарэла, дык вылазіць нешта з-пад печы і кліча:
— Выйдзь! Выйдзь! Выйдзь!
У чалавека валасы дыбам сталі, ведама, адзін на ўсю хату.
Але ўзяў ён кія і кажа:
— Ну, то выходзь! Бачыць, лезе да яго баран, дык ён як стукне яму кіем па лбе — той баран золатам і рассыпаўся.
Чалавек нагарнуў сабе колькі хацеў, а рэшту гаспадарам пакінуў і пайшоў у свет вандраваць.
Крыніца: http://mifijslavyan.ru/stories4/103.htm
|