КРЫЎЯ
Аляксей Дзермант, Вячаслаў Ракіцкі 26.09.2008 г. 1613
Крыўя (Крывія) – старажытны аўтэнтычны назоў дняпроўска-дзьвінскага краю, абшар, населены крывічамі – найбуйнейшым протабеларускім племем. Гэта — нацыянальны этнонім, альтэрнатыўны Беларусі. Крыўя – таксама тутэйшая Сьвятая зямля, спрадвечны сакральны архетып нашай краіны. Крыўя – гэта міт пра “залаты век” нашага этнасу. Гэта — вельмі прыгожы і велічны міт, які лучыць сучасную Беларусь зь яе пачаткамі.
Вячаслаў Ракіцкі: Адкуль паходзіць назоў “Крыўя”? Ці зьвязаная яго этымалёгія з нейкім іншым мітам, ці зь нейкім сакральным сэнсам?
Аляксей Дзермант: Зьвязаная наўпрост. Як мяркуюць аўтарытэтныя дасьледчыкі, найбольш імаверная вэрсія паходжаньня назоваў Крывія і крывічы ад балцкіх назваў сьвятара: krivis, krive, Krive-Krivaitis. Больш таго, адметна тое, што Крыўя – этнічная тэрыторыя крывічоў – мясьцілася на вытоках рэкаў Дняпра, Дзьвіны і Волгі (галоўным эўрапейскім водападзеле), што надзяляла гэтую зямлю зь міталягічнага гледзішча надзвычайнымі якасьцямі, сакральнасьцю.
Між іншым, гэта суадносіцца з уяўленьнямі старажытных індаэўрапейцаў (грэкаў, рымлянаў, індыйцаў, іранцаў) пра паўночную прарадзіму, сьвятую краіну Гіпэрбарэю. —Ад якога часу мы можам казаць пра ўзьнікненьне назвы Крыўя? — Навукоўцы ўжо даўно зьвярнулі ўвагу, што дняпроўска-дзьвінская зона ўяўляе сабой цэльны рэгіён, што ўтварыўся вельмі даўно – ці не з часоў нэаліту і зьяўляецца зонай кансэрвацыі эўрапейскай архаікі.
Адпаведна існуе меркаваньне, што гэты рэгіён з найдаўнейшых часоў называецца Крыўяй, прынамсі з бронзавага веку, калі гэты этнонім быў перанесены ў выніку міграцыі інда-іранцаў з Паўночнага Прычарнамор’я ў далёкую Індыю, дзе вядомы народ крыві. — А якія гістарычныя сьведчаньні ёсьць на карысьць таго, што сучасная Беларусь сапраўды называлася Крыўяй?
— Апрача згадкі ў рускіх летапісах уласна крывічоў, якія, дарэчы, не згадваліся ў ліку тых плямёнаў, якія “маюць славянскую мову”, можна згадаць і тое, што полацкія князі ў некаторых паведамленьнях называюцца “крыўскімі”. Крывія згадваецца ў заходніх крыніцах. Прыкладам, нямецкі храніст Пётра Дусбургу пад 1314 годам пiша: “Frater Henricus Marschalcus… venit ad terram Crivitae, et civitatem illam, guae parva Nogardiadicitur cepit” (“Брат Генрык Маршалак… прыйшоў у зямлю Крывiцiя i места яе, каторае Новагародкам завецца, здабыў”), а ў жыцьцяпiсе сьвятой Параскевii, князёўны полацкай, пiсаным па-лацiнску, полацкая князёўна названа “Rеginа Кrivitае” — каралеўна крывiчоў.
Таксама ў сучаснай латыскай мове Кrievija i Baltkrievija азначаюць Расію і Беларусь адпаведна, хаця ёсьць падставы меркаваць, што ў латышоў захаваўся архаічны тэрмін не азначэньня Русі, а проста ўсходніх суседзяў. У сувязі з гэтым, мяркуецца, што першасная балцкая форма нашага назову гучала накшталт Krieva, а пазьней гэты этнас славянізаваўся і стаў вядомы як крывічы”.
— Калі і ў зьвязку зь якімі варункамі крыўскае найменьне зьнікае з гістарычных дакумэнтаў і, трэба меркаваць, перастае быць фактам самасьвядомасьці тутэйшага насельніцтва? — Згадкі пра крывічоў, гэтаксама як радзімічаў і дрыгавічоў, у рускіх летапісах цалкам зьнікаюць да канца 12 стагодзьдзя. Гэта здаецца зусім невыпадковым, бо ў той час усё больш набірае моц хваля хрысьціянізацыі, якой спадарожнічала і зьмена ідэнтычнасьці.
Замест ранейшых найменьняў узьнікае новая этнаканфэсійная тоеснасьць – руская – у адпаведнасьці з хрышчэньнем паводле ўусходняга (рускага) абраду. Тут дарэчы згадаць словы Вацлава Ластоўскага, якія пацьвярджае і сучасная гістарычная навука: “Пашырэньне імені “Русь” на тэрыторыю Крывічоў, адбывалася не дынастычным парадкам, а шляхам пашырэньня хрысьціянства… Старыя племянныя і дзяржаўныя найменьні прасьледуюцца, як азнака зваяванага паганства, як азнака адсталасьці і некультурнасьці. У пераходны час ад паганізму да хрысьціянства, прыймаецца імя “Русь” і Крывічанскім народам".
— Вы згадалі Вацлава Ластоўскага. Ці ня ён паклаў пачатак міту пра Беларусь як Крывію? Чым быў выкліканы ягоны зварот да Крывіі? — Вацлаў Ластоўскі быў адным зь першых дзеячаў нацыянальнага адраджэньня, які заўважыў пэўныя хібы ў гэтым руху, у прыватнасьці, узьняў праблемы стылю і формы, якія непазьбежныя ў працэсе канструяваньня нацыі.
Безумоўна, з гэтай праблемай шчыльна зьвязанае пытаньне самаідэнтыфікацыі, саманазову. Ластоўскі меркаваў: “Беларусы” – гэта пераходная ступень, часьць цэлага рускага, якое, як нам ведама, абыймае конглёмарат народнасьцяў самых рожнаякіх рас і плямён…
У гэтай безбярэжнай мозайцы мы як бела-русы будземо толькі нязначным, безіндывідуальным камешкам, празначаньне якога будзе стушавацца ў цэлым… імя “крывічы” ёсьць стары і ўласны назоў нашага народа і краю, які мае ня толькі роўнае права на існаваньне з іншымі навейшымі і са стараны накінутымі нам назовамі, але больш таго, як назоў самаістны, можа павяьсці крывічоў да акрэсьленьня свае нацыянальнай істоты, без наменклатурнай залежнасьці ад “общерусскости”.
Больш таго, Ластоўскі таксама спрычыніўся і да адраджэньня “крыўскага міту”. Напрыклад, неаднойчы ў яго творах можна прасачыць паралель паміж старагрэцкай Гіпербарэяй і Крывіяй, якая ўяўляецца ім менавіта як краіна, дзе захоўваецца пракаветная, яшчэ дахрысьціянская традыцыя.
Мабыць, таму Ластоўскага варта называць ня проста прыхільнікам крыўскасьці як альтэрнатыўнага шляху ў нацыянальным руху, а праўдзівым празорцам, які праз глыбінную інтуіцыю адчуў значнасьць Крыўі і зьвязаў яе гісторыю з сучаснасьцю. — Але ж як ідэя, выказаная Ластоўскім, стала мітам? Як яна ўвайшла ў сьвядомасьць калі ня ўсёй нацыі, дык пэўнай часткі эліты? Якое разьвіцьцё крыўская ідэя мела ў 20-м, камуністычным для Беларусі, стагодзьдзі?
— Бадай, як гэта не парадаксальна прагучыць, але мітам ў наш час крыўская ідэя стала ў сутыкненьні з беларускасьцю, спачатку з крытыкай тых нацдэмаў, якія убачылі ў ёй небясьпечнага канкурэнта, а потым і з камуністамі, для якіх яна стала ці не сынонімам нацыяналізму. Акурат у 1920—30-я гады адбыўся своеасаблівы падзел, дзе “Крыўя” стала сымвалічным увасабленьнем гісторыі і нацыянальнай годнасьці, сакрумам, а “Беларусь” – няўдалым нацыянальным праектам, прафанацыяй.
І амаль праз усё 20-е стагодзьдзе мы можам заўважыць як гэтая “Крыўя” заставалася крыніцай натхненьня для пісьменьнікаў, паэтаў, музыкаў, каб зноў адрадзіцца ў пачатку трэцяга тысячагодзьдзя ў новай стылістычнай, нават навуковай форме. — Якое было стаўленьне ўладаў да гэтага міту?
— Савецкія ўлады ацэньвалі яго адназначна нэгатыўна, бо гэты альтэрнатыўны праект ідэнтычнасьці наўпрост разыходзіўся з асноўнымі пастулятамі камуністычнай ідэалёгіі. Нездарма, адзін з савецкіх чыноўнікаў абрынуўся на раман Міхася Зарэцкага “Крывічы” з такімі словамі: “Кривичи” – это имя вызывает ненависть среди трудового населения Белоруссии.
“Кривичи” – это символ национал-фашизма…”. Таму зусім ня дзіўна, што для сучаснай улады гэтага міту не існуе ўвогуле, бо, здаецца, яе цалкам задавальняе міт пра беларусаў як рускіх вышэйшага гатунку.
— Які зьмест укладаюць у “крыўскую ідэю” сёньняшнія яе прыхільнікі? — Крыўя сёньня – гэта слова-сымбаль. Сымбаль імкненьня да пакрыёмай праўды нашай зямлі. Гэта міт пра нашыя вытокі, залаты век і шлях да адраджэньня. Гэта паўночная Традыцыя, якая ніколі не зьнікала і жыве ў кожным тутэйшым. Гэта рэлігійнасьць, якая арганічна спалучае дзядоўскую веру і народнае хрысьціянства. Гэта ідэя, якая апэлюе да больш высокіх сэнсаў і надчасавых каштоўнасьцяў.
Гэта стыль, цалкам адрозны ад той прафанацыі, якую сёньня мы назіраем паўсюль у Беларусі. Гэта пэўны ўзор паводзінаў і сьветаадчуваньня. — Якія праявы “крыўскага міту” мы можам назіраць у сучаснасьці — у навуцы, мастацтве, палітыцы? Жыцьцё і сьмерць мітаў: У навуковым абсягу гэткай праблематыкай ужо блізу дваццаці гадоў займаецца Цэнтар этнакасмалёгіі “Крыўя”, зь дзейнасьцю якога зьвязаныя і шэраг культурніцкіх зьяваў: зварот да балцкай ідэнтычнасьці беларусаў, адраджэньне дударскай традыцыі, узьнікненьне шэрагу музычных і мастацкіх праектаў.
Напрыклад, ужо трэці раз праводзіўся фэстываль фолькавай і нэафолькавай музыкі Crivia Aeterna, які стаў ужо культавым у пэўных моладзевых асяродках. У Менску ўжо нават можна сустрэць маладых людзей у кашулях з надпісамі “Крыўя перадусім”. Яны ўжо праз музыку, стыль прыходзяць і далучаюцца да гэтага сымбалю, бо адчуваюць яго моц, праўдзівасьць, тутэйшасьць.
Што тычыцца палітычных пэрспэктываў “крыўскага міту”, дык сёньня казаць пра гэта зарана, бо зараз ніводная з палітычных плыняў не гатовая яго прыняць. Зрэшты, гэта не абавязкова патрэбна, бо сама Крывія вышэй за любыя палітычныя падзелы і таму павінна заставацца тым, што аб’ядноўвае людзей, якія падзяляюць пэўныя каштоўнасьці.
— А калі ўсё ж уявіць, што “крыўскі міт” апанаваў сьвядомасьць бальшыні беларусаў, якія магчымыя наступствы гэта можа мець? А ці не пагражае гэта зьнішчэньнем беларускасьці?
— Гэта азначала б не дэструкцыю, а карэкцыю беларускасьці, зварот да яе першапачаткаў дзеля ўзмацненьня і ўкараненьня яе апірышча. Якая небясьпека можа ісьці ад нашай уласнай зямлі, яе камянёў, пушчаў, рэкаў, могілак, ад продкаў? Хіба для тых, хто гэта ўсё ненавідзіць.
А гэта і ёсьць Крыўя! Зноў тут дазволю сабе працытаваць Вацлава Ластоўскага: “Глыбока ў народнай свядомасці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго уваскрэшання, напоў містычнае імя “Крывія”, якому празначана ў жыцці народу замкнуць круг гісторыі, быць ачышчаючым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэння Народу”.
Радыё Свабода
Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/bielaruskaja_atliantyda/dziermant_kryuja.html