АЛЕШЫНА, АЛЬХА
Шматлікія рэкі і азёры на землях усходніх славян і сёння пакрыты алешынай – куставой раслінай, якая расце ў нізкіх балотных месцах. Алешыну часцей за ўсё выкарыстоўвалі як дровы. Але каштоўнасць гэтага дрэва – у яго кары, якая дае прыгожы насычаны чырвоны колер, і таму алешыну нарыхтоўвалі для афарбоўкі тканіны. Сок і свежая драўніна алешыны пад уздзеяннем кіслароду маюць яркі чырвоны колер.
Так нарадзілася паданне аб тым, што «на алешыне схаваўся чорт ад ваўка, якога сам і стварыў. Але воўк разарваў чорта і афарбаваў дрэва, на якім сядзеў чорт, яго ж крывёй». У народнай культуры алешыну звязвалі з «тым» светам і вельмі часта выкарыстоўвалі ў ахоўнай магіі. Галінкамі алешыны «запарвалі» гліняныя жбаны для малака, каб ніхто не мог сурочыць (пашкодзіць) карову.
Невялікія кавалачкі кары алешыны клалі ў адзенне маладых як абярэг ад няшчасцяў і хвароб, якія могуць наслаць нядобразычліўцы на вяселлі. Галінкі алешыны ставілі па краях палеткаў і агародаў як абярэг ад граду і маланкі; Лічылася: калі купацца ў вадзе ручая ці ракі, абапал якіх расце алешына, – можна зняць з сябе шматлікія захворванні і сурокі.
Лекары выкарыстоўвалі алешыну як вяжучы, загойваючы раны сродак, пры лячэнні грыжы і запаленні скуры. (Беларуская міталогія).
Аўтар: Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, «Звязда». Крыніца: http://www.belarustime.ru/belarus/nativeword/ca6e20a52237f9b5.html
У беларусаў алешына, альха - гэта татэм ці фетыш і па-гэтаму сярод беларусаў шмат людзей з прозвішчамі, вытворнымі ад імя гэтай расліны, таксама шмат і тапанімаў.
|