(Пачатак на старонцы "М")
КАЛЯНДАР ЯК «ТЭКСТ КУЛЬТУРЫ» І НАЧЫННЕ КАЛЕКТЫЎНАЕ ПАМЯЦІ
Вынаходніцтва календара зьявілася за сваім часам адной з найвялікшых культурных заваёваў чалавецтва. Як дазваляюць меркаваць дадзеныя палеаастраноміі, гэта адбылося ўжо ў познім палеаліце, магчыма, не пазней як 40 тысяч гадоў таму [17]. Вельмi імаверна, што ў гiстарычнай пэрспэктыве самая iдэя часу нараджаецца паралельна з засваеннем людзьмi тэхнiкi лiчэння (параўн., напрыклад, блр. лiк i, вiдаць, генэтычна роднаснае яму лiт. laikas «час») i пачаткам правядзення першых сыстэматычных астранамiчных назiранняў.
Ужо Платон у сваiм славутым касмалягічным дыялёгу «Тымэй» выказваў мер¬каванне, што людзi навучылiся лiчыць, а пазней пачалi весьці рэй філязофіі, пасля таго, як яны сталi назiраць за касмiчнымi (каляндарнымi) цыкламi: «Паколькi ж дзень i ноч, калавароты месяцаў i гадоў, раўнадзеннi i сонцастаяннi бачныя, вочы адкрылi нам лiчбу, далi споцям часу i ўзрушылi даследаваць прыроду Сусвету, а з гэтага ўзнiкла тое, што называецца фiлязофiяй i лепшага не было і ня будзе дарунка смяротнаму роду ад багоў» [18].
Прыкладна да таго ж часу трэ’, вiдаць, адносiць i складанне апрычонага «касмалягiчнага» або «мiтапаэтычнага» светагляду, у васадах якога глыбiнная ўкарэненасць зямнога жыцця ў жыццi Сусвету, сынхранiзаванасць рытмаў Зямлi з рытмiкаю Космасу была галоўнай ідэяй. Дзеля гэтага і каляндар заўжды функцыянаваў як адна з найiстотнейшых сымбалiчных сыстэмаў i як адмысловы Супэртэкст культуры, якi канкураваў бадай адно з мовай па засяроджанасцi выразу таго, што прынята называць «духам народу».
Даследаванні сапраўды спраўджваюць гэтую глыбінную (архетыповую) матываванасць iдэi часу ў культуры [19]. Сам жа час, а дакладней, спосаб яго культурнага структуравання i апрацоўлi, аказваецца адным з крытэраў да аднясення культуры да таго або iншага тыпу (параўнаем, напрыклад, уяўленнi пра цыклiчны i лiноўны час, характэрныя адпаведна традыцыйным і так званым «восевым» культурам [20]).
Але паходжанне і функцыянаванне календара ў культуры (ня толькі традыцыйнай, але і мадэрнай) у пэўным сэнсе парадаксальнае. З гледзішча функцыянавання парадаксальнасць календара выяўляецца ў тым, што, будучы ўгрунтаваны ў цыклічнай парадыгме часу, ён працягвае існаваць і ў культурах, дзе дамінуючай зьяўляецца ліноўная парадыгма.
З гледзішча паходжання выпрацоўля календара прадугледжвае наяўнасць хоць якой развітай сыстэмы фіксацыі астранамічных назіранняў, як правіла, на працягу шматлікіх пакаленняў, г. зн. нейкай сымбалічнай сыстэмы, па сутнасці — протапісьмовасці, якая, у сваю чаргу, мае інтэнцыю да актуалізацыі ліноўнае парадыгмы часу [21].
Гэта, апроч іншага, можа азначаць, што каляндарнасць як такая зьяўляецца інварыянтнаю адносна канкрэтнага тыпу азнакаю культуры наогул, а таму разам з апошняй і мовай — адной з сутнасных характарыстык чалавека. Аднак самая каляндарнасць, безумоўна, мае сваю спэцыфічную тыпалёгію, адпаведную тыпалёгіі культур.
Некаторыя асаблівасці каляндарнасці традыцыйных і мадэрнай культур вышэй ужо абмяркоўваліся. І ўсё ж каляндар зьяўляецца ў культурах аднаго пэўнага тыпу, які характарызуецца наяўнасцю адмысловага «мэханізму» трансляцыі калектыўнага досведу, а таксама адпаведнай арганізацыяй калектыўнае памяці. Гэта культуры, якія прынята называць традыцыйнымі.
Вызначэнне, безумоўна, недакладнае. Але яно прынята, каб не ўжываць яшчэ больш размытых і абцяжараных посткаляніяльнымі канатацыямі вызначэнняў, накшталт «архаічныя», «прымітыўныя» або «эгзатычныя» культуры. Мне ўжо даводзілася шматкроць адзначаць, што нетрадыцыйных культур проста не бывае. Каб вылучыць культуры з гледзішча іх апрычонае традыцыйнасці, быў прапанаваны споцям «тэсматычныя культуры».
Разам з прасторавымi, прычыннымi, этычнымi, колькаснымi, сэмантычнымi (якаснымi) i пэрсанажнымi парамэтрамi час уваходзiць у лiк падставовых вызначальнiкаў структуры мадэлi свету той або iншай культуры. Недаўлік каляндарнасці традыцыйных (касмалягічных) культур можа весьці да скажэнняў пры рэканструкцыі старажытных светаглядных сыстэмаў. Так, напрыклад, даўгі час разгубленасць даследнікаў выклікаў факт вялікае блытаніны з пантэёнам багоў, які адбіўся ў сакральных гімнах індыйскае Рыгведы.
Праблема часткова здымаецца пры ўліку каляндарнае прымеркаванасці гімнаў гэтага сакральнага помніка. Яўная колькасная перавага гімнаў, прысвечаных богу Грымотніку Індры, вытлумачаецца ня монатэістычнымі тэндэнцыямі ў ведыйскай рэлігіі, а тым, што яны прымяркоўваліся да Новага году, асноўны міталягічны змест якога быў зьвязаны з касмалягічным подзвігам Індры, які перамагае цмока Ўрытру і вызваляе скутыя тым усе жыццёвыя сілы. Дый самая Рыгведа разглядаецца даследнікамі як адмысловы каляндарны тэкст [22].
Каляндар — неад’емная частка чалавечае культуры. Гэта ня проста сыстэма адлiку больш цi менш працяглых прамежкаў часу з дапамогай пэрыядычных прыродных зьяваў, такiх, як, напрыклад, змена дня i ночы, змена фазаў Месяцу, сэзонаў i канфiгурацыяў нанебных зораў. Гэта апрычоная складаная знакавая сыстэма, сродкамi якой структуруецца i ўпарадкоўваецца час чалавечага iснавання, вызначаюцца пэрыяды працоўнай актыўнасцi i святочных узрушанняў духу.
Каляндар напаўняе бяздушны час чалавечымi сэнсамi. Вось чаму ўсякая культура ўсiмi магчымымi сродкамi iмкнецца ахаваць адзiн з гарантаў свае жыццяздольнасцi — каляндар. I на’дварот — пры зменах уладаў i iдэалёгiяў адною з першых ахвяраў стае таксама каляндар, пра што ішлося напачатку.
Але, нягледзячы на выяўляную непарыўнасць i ўзаемную матываванасць спосабаў лiку часу i спосабаў «сэмантычнага картавання» свету, доследы i рэканструкцыi каляндарных сыстэмаў старажытнасцi, вывучэнне адпаведных культураў як другасных сэмiятычных сыстэмаў (дзе перавага, са зразумелых прычынаў, аддаецца, натуральна, мове) праводзяцца часта з яўна залiшняй незалежнасцю адны ад адных. У вынiку цяжка бывае ўнiкнуць iстотных скажэнняў у вобразах тых культураў, што падлягаюць рэканструкцыi. На мой пагляд, гэтакія дэфармацыi ўзнiкаюць з-за:
1. неапраўданае «сцыентызацыi» традыцыйнага светагляду, стаўлення да каляндарных сыстэмаў старажытнасцi выключна як да астра-матэматычных i, вынiкова, адно «протанавуковых» (што, зрэшты, праяўляецца i ў пошуках гэтак гуканых «рацыянальных зерняў»);
2. гiпастазавання статычнага пляну культуры, якое выяўляецца ў памкненнях узнаўляць «пантэёны» алiмпiйскага цi народна-хрысцiянскага кшталтаў з абавязковай iх пiрамiдальнай герархізацыяй i нязменнай размеркаванасцю пэрсанажных роляў;
3. спадкаванай ад старога структуралiзму спрашчальнай тэндэнцыi да «картавання» свету блiзка выключна ў споцямах бiнарных апазыцыяў, тэмпаральнасць якiх звычайна «застаецца па-за кадрам», але менавiта яна пры яе эксплiкацыi часта ставiць пад сумнеў правамоцнасць рэканструкцыяў, здзейсненых на грунце толькі бiнарных кодаў.
Адцемiць гэтакія аднабаковасцi пагатоў неабходна, што з гэтых чыста гiпатэтычных установак часта робяцца вельмi сур’ёзныя i зусiм небяскрыўдныя высновы, што да старых этычных сыстэмаў, адметныя найперш сваiм гiпастазаваннем апазыцыi дабра i зла. Але гэткая статычная апазыцыя бывае ўласцiвая хутчэй познiм унiвэрсальным рэлiгiйным сыстэмам i адметная яна сваёй няўлучанасцю ў канкрэтныя касмалягiчныя тэмпаральныя цыклы (суткi, месяц, год, век i г.д.).
Багата якiя светаглядныя сыстэмы гэтакае кантрадыкторнасцi гэтай апазыцыi ня знаюць, а то i сведама яе не прыпускаюць. На мой пагляд, касмалягiчнаму светагляду ўласцiвы касмалягiчны ж, г.зн. у найбольш значнай сваёй частцы каляндарны, падыход да камплiмэнтарнай апазыцыi дабра i зла. Адная з рэалiзацыяў гэтае камплiмэнтарнасцi нядаўна была праналiзаваная Б.Кэрбэлiтэ [23] на матэрыялах лiтоўскага, беларускага, украiнскага i рускага фальклёру.
У звязку з гэтым цiкава зацемiць, што прызнанне касмалягiчнае значнасцi гэтак гуканага «злога пачатку» ў балта-славянскiх фальклёрных тэкстах рэалiзуецца паводле формулы: «Яго час, яго воля». I менавiта гэткае адэкватнае ўспрыманне мiталягiчнага пэрсанажу ў кантэксце часу абарачаецца падзякаю з ягонага боку: улучаная ў культурныя кантэксты свайго народу казачная гераiня атрымлiвае багатую ўзнагароду (у самым шырокiм сэнсе, дабро).
Праблема дабра i зла, выражаная ў споцямах прасторава-часавых парамэтраў мадэлi свету, вырашаецца ў касмалягiчных культурах паводле формулы: дабром ёсць ўсё тое, што бывае за сваім часам i на сваiм месцы. Гэта iншы выказ славутага дэльфiйскага прынцыпу «нiчога праз меру», якi натхняў цi мала антычных філёзафаў. Адпаведна, зло ў гэтай мадэлi свету — гэта тое, што з розных прычынаў «ня знае меры» i ўжо ў вынiку гэтага пагражае сусветнай гармонii i ў гэтым лiку суладдзю касмiчных часавых цыклаў.
Здаецца, што адно падобны каляндарна-сэмантычны падыход да рэканструкцыi старажытных светаглядных сыстэмаў дазволiць у шэрагу iстотных выпадкаў ўнiкнуць адзначаных вышэй аднабаковасцяў i, як вынiк, прасунуцца далей у нашым разуменнi старых культураў i духоўных вытокаў свае ўласнае культуры. Тут выпала запынiцца адно на некалькiх аспэктах функцыянавання каляндара як «тэксту культуры», бо багата што патрабуе ‘шчэ асэнсавання i дасцiпнага даследавання.
Але рух у гэтым напрамку падаецца даволi пэрспэктыўным. I яшчэ на адну магчымасць хацелася б тут звярнуць увагу. Маю на ўвазе вельмi пiльную, на мой пагляд, патрэбу навучыцца адасабляць розныя касмалягiчныя i адпаведныя iм тэмпаральныя цыклы, якiя з сённяшняга гледзiшча стаюцца спраектаваныя на адзiны каляндарны год, пра што гаворка ўжо ішла напачатку.
Цi варта шмат што казаць пра тое, што падобная «нячуйнасць» да «тонкае структуры» календара можа весцi да значных скажэнняў пры рэканструкцыях, а таксама быць прычынай таго, што ў некаторых важных выпадках нам давядзецца задаволiцца адно спазорам хаатычнага нагрувашчання святаў i прысвяткаў без якога-колечы спадзеву на разуменне iх узаемных сыстэмных сувязяў.
А мiж тым, ёсць нямала падстаў, каб, прынамсi, паспрабаваць выйсцi па-за асады стандартнага каляндарнага году да больш працяглых тэмпаральных цыклаў. З астранамiчнага гледзiшча мэтазгоднасць гэткага падыходу падаецца вiдочнаю, асаблiва калi даваць веры, што назiраннi зорнага неба былi для нашых продкаў справай далёка не выпадковай цi другаснай.
Так, мы маем пэўныя этнаграфiчныя звесткi, што гэткiя назiраннi ладзiлiся дзеля вызначэньня каляндарных пэрыядаў. З гiстарычнага гледзiшча падтрымку гэтаму падыходу дае стараiндыйская традыцыя. Нам ведама, што ў брагманiчнай культуры абрады мелi складаную арганiзацыю ў розных тэмпаральных цыклах, узгодненых з касмалягiчнымi (цi проста астранамiчнымi) пэрыядамi i эпохамi, спрашчаць якiя, г. зн. праектаваць iх на адзiны каляндарны гадавы цыкл, дазвалялася адно ў выключных выпадках, як правiла, пры правядзеннi сямейных хатнiх абрадаў.
Вiдочна, больш пiльнага касмалягiзаванага пагляду патрабуе i неаднаразова адзначаная «хаатычнасць» асноўных мiталягiчных матываў латыскiх дайнаў [24]. Тое сама справядліва і ў дачыненні да беларускага фальклёрнага матэрыялу, асабліва матываў купальскіх песень. Ужо папярэднi досвед вывучэння ў гэтай вiдалi беларускiх каляндарных песенных тэкстаў дае падставы для абагульнення некаторых назiранняў i вылучэння рабочых гiпотэзаў.
Пры аналiзе, напрыклад, купальскай абраднасцi i рэканструкцыi адпаведных мiталягiчных матываў абавязкова трэ’ браць пад увагу астранамiчныя падзеi, звязаныя з узаемнымi рухамi прынамсі трох нябесных свяцілаў: Месяца, Сонца i Вэнэры (Зарніцы або Вечарніцы), якiя непасрэдна ўзгадваюцца ў тэкстах, асаблiва у песенных зачынах, якiя, як правiла, носяць формульны характар.
Спроба рэалізацыі такога падыходу для рэканструкцыі сюжэту «Нябеснага вяселля» была прапанаваная вышэй. Бальшыня гэткага роду купальскiх тэкстаў можа быць яўна разбiтая на групы, паводле адлюстраваных у iх узаемных канфiгурацыяў згаданых свяцілаў. У сваю чаргу, гэтыя гурты тэкстаў адпавядаюць розным адменам тэмы «Нябеснага вяселля» або «Нябеснай Сям’i».
Паколькi рэлевантныя астранамiчныя падзеi маюць выразную цыклiчную паўтаральнасць з рознымi, даволi стабiльнымi, пэрыядамi, маем падставы лiчыць, што ў розныя астранамiчныя эпохi маглi выконвацца тэксты адной з гэтых груп.
Некаторыя з выказаных вышэй меркаванняў маюць пакуль папярэднi i гiпатэтычны характар i патрабуюць далейшае распрацоўлі й спраўджання. Але самы падыход да рэканструкцыi календара sub speciae светагляду, а светагляду — sub speciae календара падаецца вельмi актуальным i вартым увагi.
КАЛЯНДАР ЯК ДРУГАСНАЯ СЭМІЯТЫЧНАЯ СЫСТЭМА. СЭМІЁТЫКА КАЛЕНДАРА
Выключная, праграмуючая паводзіны чалавека і калектыву моц календара палягае на тым, што ён па сутнасці ўяўляе вельмі складаную другасную сэміятычную суперсыстэму, што аб’ядноўвае амаль усе наяўныя ў традыцыйнай культуры коды [25] і, такім чынам, зьяўляецца камунікатыўнай прыладай par excellence.
Прычым камунікацыі адбываюцца як у гарызантальнай плашчыні — паміж людзьмі падчас рытуалаў і калектыўных працаў (талок), так і ў вэртыкальнай — паміж людзьмі і істотамі з больш высокім анталягічным статусам (багамі, героямі, святымі, памерлымі продкамі). Мнагастайнасць кодаў, якія выкарыстоўваюцца ў каляндарных сыстэмах, дае магчымасць параўнаць каляндар з сэміясфэрай у цэлым.
Споцям сэміясфэры быў уведзены Ю.М.Лотманам па аналёгіі са споцямам біясфэры для характарыстыкі тае сэміятычнай прасторы, якая зьяўляецца ўмоваю магчымасці ўсякага сэміёзысу. Так, ён вызначае сэміясфэру наступным чынам: «Нераскладаным працоўным мэханізмам — адзінкай сэміёзысу — трэ’ лічыць не асобную мову, а ўсю ўласцівую дадзенай культуры сэміятычную прастору.
Гэту прастору мы і вызначаем як сэміясфэру» [26]. Каляндар у гэтым сэнсе можна разумець як свайго роду мадэль сэміясфэры. У ключавых календарных момантах (буйныя гадавыя святы) каляндар мае тэндэнцыю да поўнага атаесамлення з сэміясфэраю, перацягваючы на сябе ўсе дапушчальныя ў дадзенай культуры дыскурсы і максымальна актуалізуючы ўсе кодавыя сыстэмы. Асноўныя кодавыя сыстэмы беларускага народнага календара наступныя [27]:
1. пэрсанажны код (уяўлены пэрсаніфікаванымі святамі і святымі хрысціянскага календара, якія заступілі месца даўнейшых каляндарных пэрсанажаў, а таксама некаторымі дэманалягічнымі істотамі);
2. мэтэаралягічны (уяўлены даволі поўна, што зразумела з увагі на надзённыя клопаты земляроба);
3. зааморфны код (уяўлены пераважна хатнімі жывёламі);
4. астранамічны;
5. арніталягічны;
6. раслінны;
7. гастранамічны;
8. прадметна-рэчавы;
9. код «станаў» (накшталт: ураджай, вайна, паморак, пажар і г. д.) і некаторыя іншыя.
Пэрсанажны код вылучаецца з усіх астатніх найперш тым, што менавіта яго элемэнты ўвасабляюць той або іншы каляндарны момант ці нават пэрыяд, а гэта значыць і надаюць ім адпаведны сэмантычны зарад. Ён не заўсёды ўключаецца ўва ўласцівыя календару сэміятычныя перакадаванні, застаючыся свайго роду падставаю такіх перакадаванняў. Стасункі паміж элемэнтамі гэтага коду больш псыхалягічныя і нават часта драматычныя.
Пэрсанажны код: Каляда, Васілле, Пятро, Юр’я, Мароз, Вясна, Ілля, Спас, Прачыстая, Серада, Параскева Пятніца, Іван, Мікола, русалкі, чорт, Купал(к)а і некаторымі іншымі, менш акрэсленымі і значнымі. Насамрэч пэрсанажаў не намнога менш, чым дзён у годзе, проста некаторым, найбольш значным, пэрсанажам адведзеныя некалькі дзён.
Пэрсанажны код адлюстроўвае падзейна-ролевую структуру Космасу, г. зн. тое, што ў прынцыпе можа ў свеце адбывацца і хто пры гэтым будзе выступаць у ролі галоўнай дзейнай асобы. З гэтай асаблівасцю і звязаная адзначаная вышэй асаблівасць, напрыклад, гімнаў Рыгведы. Той жа самы прынцып выразна праяў¬ляецца ў тэкстах беларускіх валачобных (навагодніх) песень «каляндарнага» зместу.
Тут непасрэдна з канкрэтным святым, які ўвасабляе і адпаведнае свята календара, асацыяваны пэўны род (гаспадарчае) дзейнасці (падзеі сацыяльныя) або мэтэаралягічныя змены ў самой прыродзе (падзеі касмічныя). Галоўнай адметнасцю каляндарнага дыскурсу зьяўляецца тое, што ўсталёўваюцца, паводле спэцыфічнай для календара лёгікі, пэўныя сымбалічныя ўзаемасувязі паміж элемэнтамі розных кодаў, г. зн. перакадаванні складаюць аснову такога кшталту дыскурсу.
Асноўныя перакадаванні беларускага календара наступныя:
1. паміж элемэнтамі аднаго коду («Студзень мяце — ліпень залье»);
2. паміж элемэнтамі розных кодаў (раніца — вясна: «Якая на Коляды пагода да абеду, такая будзе вясною»; іней перад Калядамі прадвяшчае багаты ўраджай жыта) і да т. п. Каляндар па сутнасці і ўяўляе свайго роду прыладу (струмант) для перакадавання з аднае кодавае сыстэмы ў іншую і, адпаведна, для сэнсавых трансфармацыяў.
Назавем каляндарнай сынтагмай спалучэнне элемэнту каляндарнага коду з элемэнтам нейкага іншага коду (мэтэаралягічнага, астранамічнага і г. д.) і будзем пазначаць яе ўмоўна як (а, Кn), дзе а — элемэнт нейкага некаляндарнага коду (А) і Кn — элемэнт каляндарнага коду (канкрэтны каляндарны момант). Тады каляндарныя сэміятычныя трансфармацыі можна апісаць наступным чынам: 1. (a, К1) > (a, К2); 2. (a, К1) > (a, К2); 3. (a, К1) > (b, К2); 4. (a, К1) > (b, К2). Кожная сынтагма (а, Кn) функцыянуе як знак і, такім чынам, зьяўляецца элемэнтам каляндарнага мэтакоду. Тады ў споцямах сэміётыкі Ч.С.Пёрса ўсякая камбінацыя кшталту (a, К2) будзе інтэрпрэтантай знаку (a, К1).
Трансфармацыі кшталту (a, К1) > (a, К2) усталёўваюць дачыненні эквівалентнасці: К1~ К2 пры а = const. Адсюль праектыўнасць геамэтрыі каляндарнага кола, якая праяўляецца, у прыватнасці, у падваенні некаторых асноўных святаў, параўн.: Юр’я веснавы і восеньскі, Мікола веснавы і восеньскі, Пятро напачатку лютага і пасля Купалля і г.д.
Такая праектыўнасць задаецца тэкстамі кшталту: «Калі б добра прыкмячаць, якая бывае пагода зімою да Каляд і пасля Каляд, такая будзе перад Пятром і пасля Пятра…». У іншых выпадках каляндарная лёгіка рэалізуецца ў максымах кшталту «калі ў нейкі момант адно, то ў іншы момант нешта іншае», або «каб было тое і тое, трэба рабіць (або не рабіць) тое і тое» і да г.п. Каляндар можа трансфармоўвацца, разгортвацца ў наратыўныя структуры, г. зн. каляндар можа распавядацца, як гэта робіцца, напрыклад, у тых жа каляндарных валачобных песнях.
Пры гэтым каляндарны наратыў, а дакладней тое, што варта было б называць падставовым каляндарным наратывам, выяўляе спэцыфічны спосаб трансфармацыі цыклічнага часу календара (па самой ідэі цыклічнасці гэты час мусіць разумецца як час без пачатку і без канца) ў час «які нараджаецца і памірае», у час, які сам стаецца мадэллю ўсяго Космасу.
Пры гэтым адбываецца вельмі цікавае перакадаванне: час як апрычоная анталягічная структура нібы зусім знікае, а ўсё, што датычыць часавых дачыненняў і часавых структураў, перадаецца праз прасторавыя дачыненні і структуры, а таксама праз пэрсанажны код, які задае падзейна-ролевую структуру ўнівэрсуму.
Цікава і іншае: трансфармаваны ў наратыў каляндар з часам, «які нараджаецца і памірае», і космасам, які пэрыядычна праходзіць фазы максымальнага росквіту і максымальнага заняпаду, спараджае і адмысловы сюжэт пра бога, які пэрыядычна ўваскрасае і памірае, або, як варыянт, сюжэт пра «зніклага бога» [28].
Знікненню (трансфармацыі, перакадаванню) часу ў каляндарным наратыве адпавядае і знікненне (трансфармацыя, перакадаванне) тэмы касмаганічнага прэцэдэнту, цэнтральнай для календара per se.
Таму ў каляндарным наратыве цэнтральнае месца займае ідэя максымальнае касмічнасці, максымальнае сакральнасці ўсяго Космасу, што ў валачобных песнях перадаецца матывам «збору» на ідэальным падворку (які ў тэкстах называецца «раем») самога бога і ўсіх святых. І ўжо потым бог прызначае кожнаму сьвятому парадак яго праходжання, што адпавядае пачатку разгортвання гадавога каляндарнага кола, па сутнасці разгортванне самога часу, паколькі ў «выраі» ўсе часы (святы) знаходзяцца яшчэ «адначасна» ў адным месцы.
Гэта, так бы мовіць, каляндарная мадэль «вечнасці». Каляндар як сэміятычная мадэль свету рэпрэзэнтуе ўвесь Космас у яго цэльнасці. Прычым каляндар мадэлюе Сусвет у яго дынамічным аспэкце, у вадрозненне, напрыклад, ад мовы, якая рэпрэзэнтуе статычную (структурную) мадэль свету дадзенае культуры.
Нездарма ў пашыранай загадцы пра каляндарны год апошні загадваецца праз вобраз дрэва («Дуб-дубавік, 12 галінак, на кожнай галіне 4 гняздзіны, у кожнай гняздзіне па 7 птушанят, кожнае мае свае імя. Хто адгадае, што за сям’я?» [29]). Няма сумневу, што гэта так званае «Сусветнае дрэва», якое, будучы іншым уяўленнем «Сусветнае восі» (axis mundi), таксама рэпрэзэнтуе цэльнасць Космасу.
Яшчэ больш выразна «каляндарнасць» уяўлення пра Сусветнае дрэва выступае ў адной з вельмі пашыранай формуле беларускіх замоваў, а менавіта: «Стаіць дуб пры дарозе на дванаццаць каранёў, на дванаццаць какатоў, на дванаццаць вярхоў. А ў том дубе дванаццаць чэмязявых гняздоў, а ў тых гняздох па дванаццаць пціц».
Тут цікавае і адлюстраванне трохчасткавай структуры Космасу (Верх, Сярэдзіна і Ніз), і адлюстраванне году з дванаццацьма лунарнымі месяцамі. Але паколькі каляндарнай свядомасці характэрныя ўяўленні пра ізаморфнасць розных каляндарных цыклаў (суткі, тыдні, месяцы, гады і больш буйныя касмалягічныя цыклы), то той жа вобраз Сусветнага дрэва можа сымбалізаваць лунарны месяц («На сінім моры стаіць дуб на дваццаць восем (або трыдзевяць) сукоў, на тым дубі сядзіць арол на дваццаць восем вачэй, на дваццаць восем вушэй — далёка відаець, далёка слыхаець…» або тыдзень («У лесе на верасе стаіць дуб, на том дубе сем какатоў, у тых какатах сем калубеняй, у тых калубенях лялькі і мамкі»).
Гэты вобраз уваходзіць і ў статычную мадэль, якая, тым ня менш, адлюстроўвае фазы касмагенэзы, напрыклад: «На моры камень, на зёмлі дуб, на небі месяц», дзе «камень на моры» рэпрэзэнтуе пачатковую фазу касмагенэзу — зьяўленне «пачатковае неаднароднасці» ў першасных водах , дуб — фазу ўтварэння дуальнай а затым тэрнарнай структуры Космасу (аддзяленне Неба ад Зямлі) і Месяц — далейшае структураванне Неба і зьяўленне новага (некасмаганічнага) пакалення пэрсанажаў (багоў).
Разгледжанымі прыкладамі сэміятычнасць календара, безумоўна, не абмяжоўваецца, аднак больш дэталёваму разгляду гэтага пытання будзе прысьвечаная спэцыяльная праца. З разгледжанага вышэй можна зрабіць выснову, што каляндар уяўляе ня гэтулькі больш ці менш зручнае начынне для ліку часу, але і вельмі складаную сэміятычную сыстэму са сваім адмысловым віртуальным касмалягічным тэкстам.
Дзеля гэтай яго асаблівасці каляндар аказваецца вельмі каштоўнай крыніцай для рэканструкцыі светаглядных сыстэмаў, асабліва ў культурах, пісьмовае дакумэнтаванне якіх адбылося вельмі позна, як гэта мела месца ў выпадку з традыцыйнай (народнай) беларускай культурай.
У такіх выпадках часта толькі мова і каляндар даюць найбольш надзейныя матэрыялы для пранікнення ў вельмі архаічныя пласты культуры, ад якіх да нашага часу даходзяць толькі рэшткі матэрыяльнае культуры (археалягічныя матэрыялы), па большай частцы «немыя», што датычыць светагляду насельніцтва, якое іх пакінула.
ЛІТАРАТУРА
1. Токарев С. А. История изучения календарных обычаев и поверий // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Исторические корни и развитие обычаев. М., 1983. С. 10.
2. Першыя расейскія публікацыі: Снегирев И. М. Русские простонародные праздники и суеверные обряды. Вып. I-IV. М., 1837—1839; Терещенко А. В. Быт русского народа. СПб., 1848, якія ўтрымліваюць багаты матэрыял, сабраны на Беларусі І. Лабойкам, В. Анастасевічам, І. Будзіловіч (Ліс А. С. Каляндарныя абрады і звычаі // Земляробчы каляндар. Мн., 1990. С. 7).
3. Токарев С. А. История изучения календарных обычаев и поверий // Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Исторические корни и развитие обычаев. М., 1983. С. 11—12.
4. Biezais H. Die himmlische Gotterfamilie der alten Letten. Uppsala, 1972. S. 70, 528—530; Цивьян Т. В. Мотив наказания Месяца в сюжете Небесной свадьбы // Балто-славянские исследования. 1986. М., 1988. С. 228—238; Иванов Вяч.Вс. Лунарные мифы // Мифы народов мира. Т. 2. М., 1992. С. 78—80.
5. Санько С. Месяц // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. Мн., 2001 (у друку).
6. Зорачка перад назвай азначае, што гэта не рэальна засьведчаная назва, а ўмоўна рэканструяваная.
7. Островерхов А. С. Календарь и счет времени в Ольвии Понтийской // Историко-астрономические исследования: На рубежах познания Вселенной. 1992. М., 1994. С. 253—273.
8. Ларичев В. Е. Колесо времени. Солнце, Луна и древние люди. Новосибирск, 1986; Яго ж. Мальтинская плас¬тина из бивня мамонта — счетная календарно-астрономическая таб¬лица древнекамен¬ного века Сибири. Препринт. Новосибирск, 1986; Яго ж. Мудрость змеи. Новосибирск, 1989.
9. Островерхов А. С. Календарь и счет времени в Ольвии Понтийской // Историко-астрономические исследования: На рубежах познания Вселенной. 1992. М., 1994. С. 253—273; Лауэнштайн Д. Элевсинские мистерии. М., 1996. С. 121.
10. Беларускі народны каляндар. Мн., 1993. С. 9.
11. Тамсама. С. 10.
12. Цыт. па: Беларускі народны каляндар. Мн., 1993. С. 11.
13. Параўн. у гэтым стасунку: Лотман Ю. М. Семиосфера. СПб., 2000. С. 79—101.
14. Лауэнштайн Д. Элевсинские мистерии. М., 1996. С. 122—123.
15. Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика. М., 1989. С. 46—130.
16. Гл., напрыклад: Флоренский П. А. Сочинения. Т. 2. У водоразделов мысли. М., 1990. С. 148, 152—199, 252 і інш., або шматлікія працы па тэорыі сімвала А. Ф. Лосева, напрыклад: Лосев А. Ф. Очерки античного символизма и мифологии. Т. 1. М., 1930. Гл. таксама: Доброхотов А. Л. Онтология символа в ранних трудах А. Ф. Лосева // Античность в контексте современности. М., 1990. С. 215—221.
17. Гл., у прыватнасці, ужо згаданыя вышэй працы Ларычава.
18. Платон. Собрание сочинений в 4-х т. Т. 3. М., 1994. С. 449—450.
19. Ахундов М. Д. Концепции пространства и времени: истоки, эволюция, перспективы. М., 1982. С. 16—76.
20. Гл., напрыклад: Цикличность // Мифы народов мира. Т. 2. М., 1992. С. 620—621.
21. Гл. вельмі цікавую ў гэтым сэнсе працу Ю. М. Лотмана: Лотман Ю. М. Несколько мыслей о типологии культур // Языки культуры и проблемы переводимости. М., 1987. С. 3—11.
22. Міхайлаў М. Таямніца Ведаў: каляндарна-храналягічная гіпотэза паходжаньня ведыйскіх сьпеваў // Kryuja. 1994. № 1. С. 63—74.
23. Кербелите Б. О причинах сюжетного сходства некоторых литовских и восточнославянских сказок // Балто-славянские исследования. 1980. М., 1981. С. 244—251.
24. Цивьян Т. В. Мотив наказания Месяца в сюжете Небесной свадьбы // Балто-славянские исследования. 1986. М., 1988. С. 228—238.
25. Код разумеецца тут як тое, дзякуючы чаму азначанае ўваходзіць у сэ¬ма¬сіялягічныя дачыненьні з азначальникам. Гл.: Эко У. Отсутствующая струк¬ту¬ра. Введение в семиологию. СПб., 1998. С. 52.
26. Лотман Ю. М. Внутри мыслящих миров. Человек — текст — се-мио¬сфера — история. М., 1996. С. 165.
27. Аналіз традыцыйнага беларускага календара будзе праводзіцца паводле наступных крыніц: Беларускі народны каляндар. Мн., 1993; Жыцця адвечны лад: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 2. Мн., 1998. С. 325—604; Земляробчы каляндар: Абрады і звычаі. Мн., 1990.
28. Санько С. Сюжэт “пра зьніклага бога”: гецка-крыўскія (беларускія) паралелі // Kryuja: Crivica. Baltica. Indogermanica. 1994. № 1. С. 5—24.
29. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Гомельская вобласць. Мн., 1989. С. 174
Крыніца: http://kryuja.org/artykuly/sanko/kaliandarnyja_aspekty_rekanstrukcyji_starazhytnych_svietahliadnych_system.html
|