IСПАС
Старажытнае земляробчае свята, звязанае з выспяваннем пладоў, вядомае пад назвамi Другi, Вялiкi, або «яблычны» С. (19 жнiўня н. ст.). У хрысцiянскай традыцыi Вялiкi С. азначае свята Праабражэння Гасподняга. У народным календары адзначаюцца таксама Першы, «мядовы» С., або Макавей (14 жнiўня н. ст.), i Трэцi, Малы, «хлебны», «арэхавы» С. (29 жнiўня н. ст.).
Пасля Першага С. пачынаўся двухтыднёвыпост, празваны ў народзе «спасаўкай - ласаўкай» (у адрозненне ад «пятроўкi–галадоўкi» ў гэтую пару дзякуючы новаму ўраджаю селянiн ужо мог не адчуваць сябе галодным). Вялiкi С. асаблiва шанавалі ў народзе.
У гэты дзень у храмах асвячалi яблыкi i iншыя плады, пасля чаго дазвалялася iх ужываць: «Добра яблычка к Iспасу». Асвечаныя яблыкi пакiдалi на магiлах блiзкiх людзей. Да С. яблыкi (а таксама грушы, агрэст, струкавую гароднiну) есцi забаранялася, асаблiва жанчынам, у якiх папярэдне памiралi дзецi.
Згодна з народным павер’ем, у гэты дзень Бог (цi Божая Мацi) раздае на нябёсах усiм памерлым дзеткам па яблычку, а таму дзiцяцi, чыя маці каштавала iх ранней дазволенага тэрмiну, пачастунку не дастанецца.
Страшылi таксама бацькоў, якiя дачасна елi яблыкi, што ў iх паўмiраюць дзецi. Асвячалi на С. i каласы новага ўраджаю: «Спас — досыць хлеба ў нас». Асвячалi мёд, якi напярэдаднi свята даставалi з вулляў.
Паводле народнага звычаю, калi, падглядаючы пчолы, бортнiк пашкадуе ў гэты дзень даць мёду хоць аднаму з дзяцей, прысутных пры гэтым, пчолы прападуць. Здаралася, слова «Спас» у народзе тлумачылi па сугуччы з дзеясловам «спаць». Сцвярджалася, што зямля ў гэты дзень спiць i нельга трывожыць яе сон земляробчымi заняткамi.
Але свята адбывалася ў гарачую працоўную пару i не дазваляла забывацца на адкладзеныя справы: «Спас — усiм рабочы час». У шматлiкiх варыянтах валачобных песняў С. паўстае як надзейны апякун i памочнiк селянiна ва ўсiх яго справах гэтай пары: «Спас не гуляець, каня сядлаець, поле аб’язджаець, копы аблiчаець, у гумны вязець»;
«…на палi ходзiць… раскладаець: ета на семя, ета на емя!»; «…сцiрты вiець, гнаi возiць»; «Стары Iспас — старэнькi дзядок, на восець садзiў, жыта малацiў»; «… едзець у поле ды зямельку мяшаець, прыгатаўляець»; «Святы Спасiк, пiльны часiк, папар строiць, жытцо малоцiць».
Ад С., якi быў мяжою памiж летнiм i восеньскiм цыкламi работ, пачыналi сеяць азiмiну, капаць раннюю бульбу. На С. шырока наладжвалiся кiрмашы, дзе сяляне прадавалi плён новага ўраджаю, мёд.
У народзе С. лiчылi днём адлёту буслоў. Калi буслы пачыналi рыхтавацца да вылету ў вырай за тыдзень перад С., чакалася, што зiма надыдзе раней i будзе марозная, а вясна цяплейшая; калi ж пасля С. — восень будзе цёплая, зiма позняя, а вясна халодная.
Адлёт буслоў сведчыў пра наблiжэнне зiмы, а прыказкi нагадвалi: «Спас — лета шась!», «Спас - бяры рукавiцы ў запас».
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/5503
|