ДАМАВІНА, ДАМАЎЁ, ТРУНА
Д., паводле народных уяўленняў, - жытло нябожчыка на “тым свеце”, што адлюстравана ў самой семантыцы слова; у больш шырокім сэнсе – адзін з сімвалаў смерці. У адрозненне ад звычайнай (жылой) хаты Д. увасабляе ў сабе базавыя характарыстыкі свету памерлых, дзе Д. згадваецца як “новая хатка харошанькая, толькі цесненькая, нявідненькая ды халодненькая”, “ не вясёлая”, “цёмненькая”.
Асабліва падкрэслівалася, што нябожчык (ягоная фізічная іпастась) мусіў перасяляцца ў хату, з якой няма выхаду (“без акон, без дзвярэй зроблену”), што мусіла гарантаваць статычны лад жыцця памерлага на “тым свеце” і неўмяшальніцтва яго ў справы жывых 9пазітыўны кантакт жывых з памерлымі продкамі адбываўся на анімістычным роўні).
У Д. памяшчалася “доля” нябожчыка (хлеб, збожжа, гарэлка), рэчы, неабходныя для паўнавартаснага жыцця ў іншасвеце (шапка, пас, прылады працы, капшук, люлька, крэсіва ды інш.) і дробныя грошы для аплаты месца на могілках. Суадносіны Д. з хатай выяўляюцца ў параўнанні могілак з “сялом, дзе сонца не грэе”, і ў матэрыялах народнага сонніка.
Так, убачыць у сне будоўлю новай хаты азначала, што наяве прыйдзецца рабіць Д. У шэрагу мясцінаў (былых Віцебскай і Магілёўскай губ.). Д., як правіла, рабілі з кепска агабляваных ці зусім не габляваных (“абы якіх”) дошак. Адмысловая недаробленасць надавала Д. прамежкавы, пераходны статус паміж светам жывых і памерлых.
З мэтай прадухілення чарговай смерці ў сям’і памерлага забаранялася рабіць Д. яго блізкім сваякам. Падобная забарона распаўсюджвалася таксама на ўдаўцоў і бяздзетных мужчын, што можа тлумачыцца дваіста: “хата” для нябожчыка была б “нешчаслівай”, а людзі, якія яе рабілі, згубілі бы шанец наноў ажаніцца і мець дзяцей.
Звычайна Д. выраблялі на двары нябожчыка, але ў тым выпадку, калі ў гаспадарцы апошняга быў чорны певень ці сівы вол (сімвалы смерці), труну рабілі ў іншым месцы. Калі гатовую Д. неслі ў хату памерлага, сустрэча і размова з кім-небудзь была зусім непажаданай.
Пры сустрэчы з цяжарнай жанчынай работнікі клалі труну долу і прымушалі жанчыну тройчы задам абысці яе, каб засцерагчы дзіця ад магчымай смерці. Трэскі, што засталіся пасля вырабу Д., спальвалі або клалі ў яе, бо нават адна трэска, што засталася ў хаце, магла прывесці да чарговай смерці.
Труну для малых дзяцей рабілі без жалезных цвікоў. У адваротным выпадку лічылася. Што дзеці ў сям’і больш не будуць нараджацца (былая Гродзенская губ.). Ад пачатку вырабу і да асвячэння Д. не пакідалі без нагляду, бо ў яе мог забрацца “нячысты” і, такім чынам, апаганіць тагасветнае жыццё памерлага ці авалодаць яго целам.
У спякотнае надвор’е, каб нябожчыка “не разносіла” ў Д. або пад яе клалі замкнёны замок (Ушацкі р-н). Суаднясенне Д. з светам памерлых, смерцю ляжыць у аснове яе выкарыстання як у шкаданоснай, так і засцерагальнай лекавай магіі. Казалі, калі сеяць жыта рукой, якая несла труну на могілкі, то яно не ўзыдзе. Д., выкладзеная з каменьчыкаў пад кутком хаты, мусіць прывесці да хваробы і смерці яе насельнікаў (Ушацкі р-н).
Да таго ж выніку прыводзяць і дробныя рэчы (у другой палове XX ст. фігуруюць фотаздымкі), незаўважна скрадзены ў чалавека яго нядобразычліўцам і падкладзены ў Д.
З другога боку, трэскамі ад Д. абкурвалі ніву, каб не шкодзілі вераб’і, яны ж лічыліся дзейсным сродкам і ад зубнога болю па аналогіі з прынцыпам “мёртвым не баліць” (былы Слуцкі павет; параўн. адпаведныя замовы).
Для катэгорыі так званых “нячыстых” нябожчыкаў (самагубцаў, ведзьмакоў) Д. звычайна не выраблялі. Такім чынам, за парушэнне сацыякультурных нормаў гэтая катэгорыя памерлых сімвалічна вымалася з супольнасці “добрых” нябожчыкаў: іх хавалі без Д. і па-за межамі могілак (“сяла”).
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/1162
|