ПАСАГ
Маёмасць і грошы, што давалі бацькі або родныя маладой, калі яна выходзіла замуж. Раней жаніх даваў за маладую выкуп яе бацькам, а з сабой маладая брала толькі свае асабістыя рэчы. Пазней бацькі і родныя маладой пачалі даваць скаціну, лён, а ў 2-й пал. 19 ст. больш заможныя бацькі ў якасці П. давалі зямельны надзел і грошы.
П. з’яўлялася пажыццёвай уласнасцю нявесткі, і ў выпадку падзелу гаспадаркі паміж яе членамі яна магла забраць усё, што ўнесла ў форме П. ў сям’ю мужа. Папярэдняя размова пра П. пачыналася ў час сватання, але насіла жартаўліва-гумарыстычны характар (канкрэтнае дамаўленне пра П. магло навесці на думку, што хлопец зацікаэлены толькі багаццем дзяўчыны).
Канчаткова пра П. дамаўляліся на запоінах, пры гэтым удзельнічалі звычайна бацькі маладых і сваякі нявесты, якія мелі права ўключацца ў размову і ўносіць свае прапановы. Ад памеру П. залежала становішча маладой у новай сям’і, і тым не менш яе бацькі заўсёды стараліся “вытаргаваць” як мага меншы П.
Здараліся выпадкі, калі бацькі дзяўчыны пасля вяселля не давалі абяцанага П., што ў народзе лічылася ганебным учынкам. Часам, калі цесць аказваўся неплацежаздольным, яго сваякі або суседзі пазычалі яму. У некаторых выпадках бацькі маладой і яе мужа дамаўляліся пра адтэрміноўку П.
Рыхтаваць П. пачыналі з самага маленства дзяўчыны, бо акрамя шматлікіх дароў для сваякоў, у склад П. ўваходзіла бялізна і верхняя вопратка для жаніха, адзенне для самой нявесты, пасцел-, падушкі, коўдры, дзярушкі, дываны і інш. (усё гэта трэба было зрабіць сваімі рукамі).
Маладая брала з сабой таксама прасніцу, верацёны, церніцу, качалку, трапалку, кросны, міску і дзве лыжкі. Бацькі стараліся даць нявесце па магчымасці карову, авечку, свінню. П. менш заможнай нявесты складаўся з яе асабістых рэчаў, якія змяшчаліся ў клубе (куфры). У некаторых мясцовасцях гэта называлася прыданым, а скаціна, зямельны надзел, грошы і т. п. – П.
Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/18568