ДЗЕДАВІЦА

КРАДЗЕЖ РЫТУАЛЬНЫ
Меню сайту
Форма уваходу
Пошук
Сябры сайту
  • Официальный блог
  • Сообщество uCoz
  • FAQ по системе
  • Инструкции для uCoz
  • Статыстыка

    Анлайн усяго: 1
    Гасцей: 1
    Карыстальнікаў: 0

    КРАДЗЕЖ РЫТУАЛЬНЫ

    Адзін з спосабаў вылучэння рэчаў са сферы прафаннага (побытавага) і рэактуалізацыі іхняй сімвалічнай (сакральнай) значнасці і надзялення іх магічнай сілай. Рэч, скрадзеная ў рытуальных мэтах, для задавальнення асабістай патрэбы чалавека непасрэдна не прызначалася, а выступала як “чужое”, у якасці дару, ахвяры “іншасвету”.

    Найбольшыя магічныя ўласцівасці прыпісвалі рэчам з пастаянна высокім сакральным статусам (посуд, збожжа, хлеб), скрадзеным у людзей, якія ўяўляліся максімальна набліжанымі да сферы “чужога” (рамеснікі, чужынцы, святары). Так, у палескім абрадзе выклікання дажджу енайбольш дзейсным сродкам выступае гаршчок, скрадзены ў ганчара (жыда) і ўкінуты ў калодзеж.

    Падчас калядных варожбаў менавіта скрадзеная куцця (дровы ці іншыя рэчы) фігуруюць у аперацыі своеасаблівага рытуальнага дараабмену, дзе дар з боку “тагасвету” – інфармацыя для суб’екта варажбы аб ягонай долі. Паказальна, што крадзеж яблыка ў сне азначаў для жанчыны цяжарнасць (Рэчыцкі пав.).

    Дзеля таго каб магічным чынам прадухіліць сваволю Хатніка, кожны кут жытла абкурвалі макам, загорнутым у анучку, скрадзеную з воза старызніка. А надзейным сродкам для вывядзення разнастайнай жамяры ў хаце лічылася зямля, скрадзеная (узятая ўпотай) дзецьмі ўвесну з першай баразны (Слонімскі пав.).

    Каб мець добрага сабаку ці ката, чалавек “мусіць іх украсці, бо крадзенае заўжды лепш вядзецца й больш пажытачнае, чым купное ці дараванае” (Слуцкі пав.) Самым небяспечным лічыўся К. р., здзейснены са шкаданоснымі мэтамі ( у адрозненне ад абрадаў засцерагальнага і прадукавальнага кшталту).

    Так, скрадзенае (“паддоенае”) у каровы малако, вылітае на каліну, прыводзіла да з’яўлення ў ім крыві. Праз усякую рэч (нават смецце), скрадзеную з хаты (падворка) у найбольш “напружаны” ў рытуальным сэнсе храналагічны адрэзак (1-ы дзень Калядаў, Вялікадня, Купалле), ведзьма магла навесці нястачу, хваробы ці смерць на людзей, што жылі ў ёй.

    Асабістая рэч чалавека, скрадзеная і пакладзеная ў труну з нябожчыкам, мусіла прывесці да ягонай смерці. Надзвычайную пагрозу ўяўляў К. р. прадметаў, якія з’яўляліся сімваламі калектыўнай долі (купальская, юраўская раса, купальскі агонь), што вымагала з боку грамады распрацоўкі складанай сістэмы магічных засцерагальных дзеянняў.

    Звычайны, побытавы (не рытуальны) крадзеж усведамляўся як выключна грахоўны занятак (“чортава спакуса”) і таксама быў звязаны з шэрагам магічных уяўленняў, якія датычылі як удалых зладзейскіх методык, так і спосабаў адшуквання скрадзенага і выяўлення (пакарання) злодзея. Так, рэч, скрадзеная падчас пажару (г. зн. “прызначаная агню”), мусіла стаць прычынай аналагічнай бяды ў хаце таго, хто скраў.

    За крадзеж сахі з поля ў злодзея павінна была здохнуць уся скаціна, а праз сем гадоў памерці ён сам. Каб знайсці скрадзенага каня, зямлю з-пад яго следу трэба было рассыпаць у стайні, а каб “ссох” злодзей – мерку, знятую з ягонага следу, вешалі ў комін. Крадзеж, здзейснены цяжарнай, азначаў, што яе дзіця ў жыцці будзе злодзеем.

    Крыніца: http://rv-blr.com/dictonary/view/2742

    ЦІ ТАК НЕАБХОДНА СЁННЯ “КРАСЦІ” НЯВЕСТУ НА ВЯСЕЛЛІ

    Той варыянт вяселля, які быў найбольш распаўсюджаны ў асяродку беларускага народа ў другой палове мінулага стагоддзя і які цалкам захаваў звычаі, абрады і традыцыі сівой даўніны, складваўся на працягу шматлікіх гісторыка-культурных эпох, а канчаткова сфарміраваўся не пазней за ХVIII—XIX стагоддзі.

    Больш раннія формы шлюбных зносін, якія яму папярэднічалі, панеслі значныя сэнсавыя і змястоўныя змены і з цягам часу сталі абавязковымі, але гульнявымі па форме і зместу элементамі шматдзённай вясельнай урачыстасці (напрыклад, выкуп нявесты дружынай маладога).

    Як сведчаць старажытнарускія і сярэдневяковыя літаратурныя крыніцы, у мінулым сярод славянскіх народаў існавалі розныя формы заключэння шлюбных адносін.

    Найбольш ранняй з іх, відавочна, з’яўляецца “выкраданне нявесты”. У старажытнарускай “Аповесці мінулых часоў” летапісец прыводзіць сведчанні аб ранніх гістарычных формах шлюбных зносін у розных славянскіх плямёнаў: “Схожахуся на игрища, на плясанье и на вся бесовьская игрища, и ту умыкаху жены собе, с нею же кто съвещашеся”, “...брака у них не бываше, но умыкиваху у воды девиця”.

    Часцей за ўсё гэта адбывалася так: у час святкавання Купалля (у ноч на 24 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяння) дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту варажылі аб сваім будучым лёсе (хуткім шлюбе) каля вады (на беразе возера ці ракі). Яны плялі вянкі з лекавых раслін, якія валодалі “нагаворнымі” якасцямі, і пушчалі іх на ваду.

    Маладыя людзі, якія жадалі стварыць сям’ю, ведалі традыцыйныя месцы дзявочых варожбаў і цярпліва чакалі будучых “спадарожніц” жыцця апоўначы.

    Гэта магло адбыцца і на досвітку купальскага дня, калі моладзь распраналася і ішла купацца на раку. Жаніхі, якія хаваліся недалёка, мелі магчымасць не толькі прыгледзецца да прыгажосці будучай жонкі, але і пазбавіць яе дзявоцкасці, пасля чаго шлюб лічыўся абавязковым.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=26251

    Ян Ласіцкі ў сваёй працы “Шлюбныя звычаі Беларусі ў XVI стагоддзі” сведчыць аб тым, што выкраданне нявест сярод беларусаў існавала нават у познім сярэднявеччы, але ў некалькі іншым варыянце: “Шлюб бяруць так. Юнак, якому спадабалася якая-небудзь дзяўчына, пасылае трох-чатырох сваякоў да яе бацькоў, якіх яны пераконваюць аддаць дачку.

    Бацькі ж, каб яшчэ больш падахвоціць жаніха, гавораць, што нічога з гэтага не атрымаецца, выдумляюць сватам якую-небудзь сур’ёзную прычыну. Жаніх, які пацярпеў такую няўдачу, робіць цяпер так.

    Ён вырашае завалодаць дзяўчынаю сілай і падбірае для гэтага зручны момант. І вось, калі дзяўчына выходзіць выпадкова з бацькоўскага дому, памагатыя жаніха, якія хаваліся ў засадзе, ловяць яе, чаго яна ніяк не чакае і таму не засцерагаецца, і перадаюць, як паляўнічыя здабычу, жаніху.

    Пасля таго як ён пазбавіць яе дзявоцкасці, ужо другія пасланцы жаніха дастаўляюць яе да бацькоў. Пасланцы часткова прызнаюць віну, але адначасова апраўдваюць учынак жаніха моцным каханнем. Калі бацькі даюць нарэшце згоду, прызначаецца дзень вяселля.

    Але жаніху з нявестай нельга жыць разам, пакуль не адбылася публічная ўрачыстасць”. Вясельны абрад, які склаўся на тэрыторыі Беларусі да заканчэння ХІХ стагоддзя, быў з’явай даволі складанай як у структурным, так і ў змястоўным плане.

    Ён увабраў у сябе значную колькасць лакальна-рэгіянальных асаблівасцей, абумоўленых культурным ландшафтам плямёнаў, якія прымалі ўдзел у фарміраванні беларускага этнасу (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, паляне).

    Вядома, вясельныя абрады адлюстравалі і саслоўную структуру беларускага грамадства: сялян, шляхты і магнатаў. Нашы продкі пачынаюць ствараць сем’і па папярэдняй шлюбнай дамоўленасці паміж бацькамі жаніха і нявесты і са згоды ўладара маёнтка.

    Цікава тое, што па сённяшні дзень на вяселлях мы працягваем “выкрадаць” нявесту, патрабуючы выкуп ад гасцей з боку жаніха. Што гэта — прыклад генетычнай памяці або даніна традыцыі продкаў? Пытанне, якое патрабуе нашых разважанняў, а самае галоўнае, асэнсавання і ацэнкі.

    Крыніца: http://www.ng.by/ru/issues?art_id=26289




    Copyright MyCorp © 2024
    Конструктор сайтов - uCoz